Афіцыйны сайт
26 лістапада 2019

Брэндавае мерапрыемства «Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаем маленькую Радзіму» адбылося ў Ваверскім Доме культуры

 Белыя фактурныя ручнікі – гэта традыцыйнае ткацтва Лідчыны. Прыгажосць іх у высокай якасці, дакладнасці выканання.

         Менавіта такія ручнікі ў калекцыі майстрых аграгарадка Ваверка, а пабачыць гэтую дзівосную калекцыю жыхары змаглі на брэндавым мерапрымстве “Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаем маленькую радзіму”, якое прайшло ў мінулую нядзелю.

         Свята захапіла літаральна ўсіх гледачоў сваёй цеплынёй. Цікавы быў аповед вядучых пра ўжыванне ручніка ў жыцці сялян, дзе кожны эпізод ужывання зацвярджаўся мастацкім нумарам.

         Удзельнікі аматарскага аб’яднання “Спадчына” з задавальненнем чыталі вершы пра ручнік, акампаніятару Івану Каралю беларускую народную песню “Ручнікі” нават прыйшлося выканаць на біс! Шчырымі апладысментамі віталі вяскоўцы сваю зямлячку Тарэзу Ясюкайціс, якая не толькі правяла майстар-клас па прадзенню нітак, але яшчэ і праспявала песню “Ой, у лузе ляшчына”, нягледзячы на свой шаноўны ўзрост. Весяліў ігрой на гармоніку Дыяніз Машкала. Народныя гульні з прымяненнем ручніка правялі Рыта Вадэйка і Ганна Табала. А напрыканцы свята побытавыя танцы захапілі ўсіх гледачоў.