Афіцыйны сайт
3 верасня 2019

Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме

Дзень беларускага пісьменства – адно з самых яркіх нацыянальных свят, якое адзначаецца кожны год у першую нядзелю верасня. Яно параўнальна нядаўна з’явілася ў нашым календары (1994 год) і вельмі хутка стала адным з самых папулярных.

1 верасня 2019 года гасцей сустракаў горад Слонім. На дзіцячай пляцоўцы, якая размясцілася ў гарадскім парку, 16 раённых бібліятэчных сістэм і ЦБС г. Гродна прадставілі краязнаўчыя экспазіцыі, прысвечаныя малой радзіме. На дадзенай пляцоўцы Лідскі раён прадставіла раённая бібліятэка імя Янкі Купалы, якая паспрабавала перадаць атмасферу беларускай сялянскай хаты.

“Гаспадары” хаткі імкнуліся зарадзіць гасцей і ўдзельнікаў свята вясёлым настроем. Запрашалі пачаставацца “Лідскімі гасцінцамі”, заклікалі прыняць удзел у этнаграфічным квэсце “Адгадай крупінку спадчыны сваёй” як дарослых, так і дзяцей. Удзельнікам квэста неабходна было выканаць разнастайныя заданні, звязаныя з этнаграфіяй. Напрыклад, адгадаць загадкі, знайсці ўнікальныя прадметы побыту і растлумачыць іх прызначэнне.

Госці свята ахвотна наведвалі рамесную майстэрню “Жыла-была лялька”,  каб ўласнымі рукамі паспрабаваць зрабіць ляльку-абярэг, а менавіта ляльку-падарожніцу.

Вялікую зацікаўленасць выклікала інтэрактыўная фотазона “Славянская азбука”. А майстар-клас “Мастацтва пісьма” пазнаёміў удзельнікаў з гісторыяй узнікнення пісьма і кнігі, а таксама даў магчымасць паспрабаваць напісаць пісьмо на бяросце, у тэхніцы вузялковага пісьма і клінапісу. Свае шчырыя пажаданні гораду Слоніму за ўдзячны прыём госці спрабавалі напісаць пёравай ручкай. Дзецям вельмі спадабалася набіраць тэкст на друкаванай машынкі. 

На працягу дня госці бібліятэчнай пляцоўкі знаёміліся з літаратурнымі выданнямі, прадстаўленнымі на выставах “Зямля, нам дадзеная лёсам” і “Горад мой, ты песня і легенда”, на якіх пачэснае месца займалі кнігі пісьменнікаў-землякоў. Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы вельмі ўдзячна Людміле Мікалаеўне Краснадубскай, паэтэсе-самародку з горада Ліды, якая таксама сустракала ганаровых гасцей бібліятэчнага пляцоўкі.