Галоўная / Навiны раёна
17.12.2021

Выстава творчых работ людзей з інваліднасцю “Прыгажосць сваімі рукамі”

Людзі з інваліднасцю, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, людзі з асаблівымі патрэбамі... – у нашым грамадстве інвалідаў называюць па-рознаму. І справа нават не ў псіхафізічным стане чалавека і не ў фармулёўках, а ў стэрэатыпным стаўленні да такіх людзей. Выстава творчых работ людзей з інваліднасцю “Прыгажосць маімі рукамі”, якая праходзіла з 26 лістапада па 3 снежня ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка №4” – яшчэ адзін доказ таго, што стэрэатыпы існуюць для таго, каб іх разбураць.

Мэта дадзенага мерапрыемства не толькі прыцягненне ўвагі да праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але і магчымасць сказаць аб іх сіле духу, мэтанакіраванасці, уменні дамагацца поспеху. Мабыць, ніхто іншы не валодае такім аптымізмам, як інваліды. Яны штодня знаходзяць у сабе сілы радавацца маленькім прыемным дробязях, верыць у лепшае і любіць гэтае жыццё такім, якое яно ёсць.

Для кожнага чалавека, які займаецца творчасцю, важна, каб хтосьці змог ацаніць плён яго працы, таму дадзеная выстава – важная падзея як для яе арганізатараў, так і для ўдзельнікаў.

У ліку ўдзельнікаў выставы былі прадстаўнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў (г.Ліды) ДУ “Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” і членаў грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” па Лідскім раёне.

Народныя ўмельцы прапанавалі на выставу больш за 20 работ у намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Выстава ўразіла вялікай разнастайнасцю. Былі прадстаўлены вырабы з дрэва (шкатулкі, падсвечнікі, сурвэтніцы), з гліны (гаршкі, вазы), драўляныя лаўкі, цацкі. Усе вырабы выраблены з любоўю і вялікім майстэрствам.

Марына Іванаўна Астаніна правяла майстар клас па вырабе з паперы “каляднай зоркі” у тэхніцы кусудама.

Выстава дала магчымасць жыхарам і гасцям г. Ліды прыйсці і ўбачыць, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі таксама могуць праявіць сваё майстэрства ў дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Бібліятэкар аддзела

бібліятэчнага маркетынгу К.С. Сандакова