Галоўная / Навiны рэгiёна
21.12.2021

Народны ансамбль песні і танца “Лідчанка” адзначыў 60-гадовы юбілей

17 снежня на сцэне вялікай залы Палаца культуры горада Ліды адбыўся вялікі юбілейны канцэрт “Лідчанка”, музыкай грымі – на ўсе часы, на ўсе гады!”, прысвечаны 60-годдзю стварэння народнага ансамбля песні і танца “Лідчанка” – аднаго з найстарэйшых калектываў Лідчыны. Кіраўнік ансамбля – Вольга Віктараўна Сяргеева.

Стыль сённяшняга ансамбля дыктуе час, і ён крочыць з ім у нагу, заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку, не адстае ад сучасных павеваў, актыўна выкарыстоўвае ў сваіх канцэртах інавацыйныя тэндэнцыі. Менавіта таму першай часткай святочнай праграмы стала фальклорна-музычная замалёўка “На кірмашы”, напоўненая новымі ідэямі і творчай задумай, якія ярка ўвасобілі ўдзельнікі калектыву. Вакальна-танцавальныя кампазіцыі і мініяцюры змянялі адзін аднаго пад дружныя апладысменты залы.

Варта адзначыць, што “Лідчанка” ўжо даўно з’яўляецца візітнай карткай нашага горада не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Творчая біяграфія ансамбля вельмі багатая, і ўспомніць усе фестывалі і конкурсы, у якіх ён прымаў удзел, надзвычай цяжка. За творчую гісторыю калектыў гастраляваў у гарадах Італіі, Польшчы, Чэхіі, Азербайджана, Расіі і Літвы.

Шмат таленавітых, вядомых самадзейных артыстаў і музыкаў прайшлі праз яго за 60-гадовую дзейнасць калектыву.

Вялікая колькасць гледачоў, якія прысутнічалі ў зале – ўдзельнікі розных пакаленняў гэтага легендарнага ансамбля, якіх аб’яднала творчае свята. Юбілей стаў не толькі традыцыйнай справаздачай творчай дзейнасці калектыву, але і вечарам-сустрэчай удзельнікаў розных гадоў.

Пад гучныя апладысменты гучалі словы падзякі і прызнання ўсім, хто за гады дзейнасці калектыву, не шкадуючы вольнага часу, прысвячаў і прысвячае частку свайго жыцця чароўным гукаў беларускай музыкі і песні і ўнёс вялікі ўклад у развіццё калектыву.

Павіншаваць з юбілеем слаўны калектыў і ўручыць узнагароды прыйшлі ганаровыя госці – старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Генадзьеўна Белуш, начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталля Фёдараўна Леўшунова.

Кіраўнік народнага ансамбля песні і танца “Лідчанка” Вольга Віктараўна Сяргеева ўзнагароджана Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у развіццё культуры Гродзеншчыны. За развіццё аматарскай мастацкай творчасці, захаванне і прапаганду нацыянальных каштоўнасцяў і ў сувязі з 60-годдзем творчай дзейнасці Ганаровай граматай упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджаны народны ансамбль песні і танца “Лідчанка”.

Шмат цёплых слоў было сказана дырэктарам дзяржаўнай установы “Палац культуры горада Ліды” Ірынай Эдуардаўнай Тур у адрас ансамбля і яго кіраўніка Вольгі Віктараўны. Усім удзельнікам ансамбля былі ўручаны Падзячныя лісты Палаца культуры горада Ліды і кветкі.

У свой юбілей “Лідчанка” падарыла гледачам не проста канцэрт, а сапраўднае свята песні і танца.