Галоўная / Навiны рэгiёна
22.11.2021

У філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 4” прайшла літаратурная квэст-гульня “Ведаем! Чыталі!”

Пазнаёміцца з бібліятэкай і яе таямніцамі можна не толькі прыйшоўшы на экскурсію, але і наведаўшы мерапрыемствы ў яе сценах. Супрацоўнікі філіялаў ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы” крэатыўна, творча і інтэлектуальна падыходзяць да падрыхтоўкі сустрэчы са сваімі чытачамі ў бібліятэцы.

У філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 4” (бульвар кн. Гедыміна, 5) прайшла літаратурная квэст-гульня “Ведаем! Чыталі!” у рамках прафесійнага конкурсу на лепшы сцэнарый мерапрыемства для дзяцей і юнацтва “Бібліякрэатыў”. Яе ўдзельнікамі сталі вучні 1 класа ДУА “Сярэдняя школа № 11 г. Ліды”.

Галоўная мэта квэсту – пошук вінаватага, які ўчыніў кніжную бязладзіцу ў бібліятэцы, і расшыфроўка таямнічага паслання. Падзяліўшыся на дзве каманды і атрымаўшы пажаданні, удзельнікам трэба было вытрымаць выпрабаванні, паказаўшы свае веды дзіцячай літаратуры.

Аформлены па тэме квэста, вестыбюль бібліятэкі ў гэты дзень ажыў. На працягу мерапрыемства гучалі знаёмыя і ўсімі любімыя песні з казак, якія выдатна запаўнялі паўзы, пакуль дзеці разважалі над пошукам адказаў да заданняў.

На кніжнай выставе “Дзіцячая кніга – гэта асаблівы свет” была прадстаўлена мастацкая дзіцячая літаратура: маляўнічыя казкі, дыскі, творы беларускіх і замежных класікаў.

Каманды з натхненнем выконвалі заданні, паказвалі свае веды, уменне выходзіць са складаных сітуацый, актыўна адказвалі на пытанні шматлікіх віктарын, конкурсаў, размалёўвалі, спявалі і танцавалі, глядзелі мультфільмы.

Выкарыстоўваючы зашыфраваныя ключы-падказкі, якія былі схаваны ў знойдзеных кнігах, дзеці набліжаліся да канчатковай мэты. Цікавым этапам праходжання квэста стала зборка пазла, часткі якога каманды атрымлівалі пасля выканання заданняў. У выніку атрымаўся выдатны малюнак бібліятэкі.

Паспяхова прайшоўшы шматлікія выпрабаванні і склаўшы пазл, каманды атрымалі ключ ад загадкавага куфра, які падвёў іх да заключнай часткі квэст-гульні – відэазагадкі, якая ўключала ў сябе маляўнічую прэзентацыю.

Хлопцы і дзяўчынкі з поспехам справіліся з апошняй задачай, атрымаўшы пасланне “Чытай кнігі”. Пад гэтым заклікам квэст-гульня была пройдзена. Яна не толькі пазнаёміла ўдзельнікаў з новымі цікавымі кнігамі, але і дапамагла ім лепш даведацца творчасць дзіцячых пісьменнікаў.

Усе выпрабаванні дзеці адолелі, дзякуючы суладнай працы ў камандзе. Мерапрыемства прайшло весела і пазнавальна.

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу К. С. Сандакова