Афіцыйны сайт
4 верасня 2017

Увага, конкурс «Залаты вянок жніва»! Падтрымай свой раён!

  На Гродзеншчыне аб’яўлены конкурс на лепшы сноп новага ўраджаю «Залаты вянок жніва». У гонку за званне пераможцы ўключылася і лідская «скульптура» з каласоў. Аднак у адзіночку ёй не пера-адолець гэтую дыстанцыю лідэрам – толькі ад вас, чытачы, ад вашай актыўнасці ў галасаванні залежыць, якім наш рэгіён будзе на фінішы.

 – Выязджаючы ў розныя камандзіроўкі ў перыяд уборкі збожжавых, мы пераканаліся, што ўвесь гэты час хлебная ніва натхняла ўдзельнікаў жніва не толькі на працу, – патлумачылі арганізатары конкурсу – журналісты газеты «Гродзенская праўда». – У праўленнях гаспадарак, у цэнтрах культуры, на сельскіх і раённых святах раз-пораз мы сустракалі выдатныя кампазіцыі з каласоў, з душою выкананыя рукамі невядомых умельцаў. Многія снапы аказаліся сапраўднымі творамі мастацтва і будуць радаваць стваральнікаў доўгі час пасля завяршэння жніва. Але хацелася б, каб творчыя здольнасці, палёт фантазіі і майстэрства людзей у стварэнні кампазіцый з каласоў пабачылі не толькі мясцовыя жыхары, але і іншыя. Таму і прыйшла ідэя правесці сярод раёнаў такі вось творчы конкурс.

 У Лідскім раёне для ўдзелу ў спаборніцтве былі адабраны тры снапы: з Ваверскага і Ганчарскага сельскіх Дамоў культуры, а таксама з экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі. Але, прайшоўшы жорсткі адбор на мясцовым узроўні, на вобласць «паехала» толькі адна жытняя кампазіцыя – ваверская.

 – У вышыню наш сноп больш за два метры, на яго выраб быў патрачаны не адзін дзень, – адзначыла загадчыца мясцовай культурнай установы Рыта Вадэйка. – Вельмі шмат думалі менавіта над дызайнам. Сваім снапом у першую чаргу хацелі сказаць дзякуй добраму надвор'ю, якое спрыяла аграрыям у хуткім зборы ўраджаю. Таму вянчае нашу «скульптуру» круг з каласоў як сімвал сонечных прамянёў.

 Рыта Леанідаўна таксама расказала, што жыццё снапа ў іх Доме культуры доўгае: ён прымае ўдзел практычна ва ўсіх абрадавых святах. А ўпершыню ў гэтым годзе «ў свет» ваверскі сноп выйшаў на традыцыйныя касцельныя дажынкі! Пробашч парафіі запрасіў на святую імшу ўсіх аграрыяў-вернікаў, якія працавалі на хлебнай ніве, каб падзякаваць малітвай. Дарэчы, сярод прысутных былі не толькі вавярчане, але і жыхары суседняга Воранаўскага раёна з вёскі Місевічы. Таксама сноп «у складзе» лідскай дэлегацыі прымаў удзел у рэгіянальным фестывалі традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны», які ладзіўся ў мінулыя выхадныя на Аўгустоўскім канале.

 Хіба ж наша кампазіцыя з калосся не заслугоўвае самай высокай ацэнкі? Заходзьце на афіцыйны сайт «Гродзенскай праўды»і галасуйце за Лідскі раён. Па ў мовах арганізатара, «клікнуць» насупраць рэгіёна з аднаго IP-адраса можна адзін раз у суткі. Галасаванне будзе доўжыцца па 13 верасня. Падтрымаем нашых!

135