Афіцыйны сайт
6 жніўня 2021

Кіраўнік ФПБ станоўча ацэньвае працэс стварэння пярвічак у прыватным сектары - плюс 2,9 тыс. за год

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда станоўча ацэньвае працэс стварэння пярвічных прафсаюзных арганізацый у прыватным сектары эканомікі. За год іх стала на 2,9 тыс. больш, паведаміў кіраўнік ФПБ журналістам па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міхаіл Орда падкрэсліў важнасць наяўнасці прафсаюзных арганізацый ва ўсіх сферах эканомікі для забеспячэння эфектыўнага сацыяльнага дыялогу. "Чалавек не павінен заставацца сам-насам з наймальнікам. У яго часта няма патрэбных прававых ведаў. Ён у нявыйгрышным становішчы ў параўнанні з наймальнікам, у якога больш правоў", - лічыць кіраўнік ФПБ. Прафсаюзная арганізацыя, на яго думку, валодае дастатковымі рэсурсамі і кампетэнцыямі, каб абараніць правы працоўных, у тым ліку і перад наймальнікам.

Напрыклад, у ФПБ працуе прававая і тэхнічная інспекцыя. "Толькі за мінулы год прававая інспекцыя больш за 400 разоў прадстаўляла інтарэсы людзей у судах. Амаль 80 чалавек, незаконна звольненых, вярнулі на работу. Вярнулі Br4,8 млн незаконна ўтрыманых або нявыплачаных сродкаў. Гэта рэальная абарона", - прывёў факты Міхаіл Орда.

Аднак, паводле яго слоў, часам прафсаюзы сутыкаюцца з глухім неразуменнем з боку наймальнікаў і нежаданнем "выбудоўваць нармальны сацыяльны дыялог". "Мы выразна для сябе адзначаем, што ў гэтым ёсць нейкі сэнс", - перакананы кіраўнік ФПБ. Прычыны, магчыма, у жаданні ўтаіць асобныя парушэнні ў арганізацыях, напрыклад, факты выплаты зарплаты ў канвертах.

"Ёсць арганізацыі, якія проста процідзейнічаюць, не хочуць і робяць усё, каб у іх не было прафсаюзаў. Хоць мы, безумоўна, неаднаразова стараемся растлумачыць, расказаць, у чым ёсць карысць, плюсы. Мы паказваем, што паводле заканадаўства ёсць шмат станоўчых момантаў, якія выгадны самому наймальніку. Але яны не ідуць насустрач", - адзначыў ён.

Тым не менш працэс стварэння прафсаюзных арганізацый у прыватных структурах ідзе пастаянна. "У нас даволі добры вынік: мы за год больш як 2,9 тыс. арганізацый стварылі ў прыватным сектары эканомікі. Таму ёсць рух і добры вынік, - заявіў Міхаіл Орда. - Мы сёння на гэтым шляху бачым, што робім правільную работу і будзем прадаўжаць яе рабіць, і кіраўнік дзяржавы нас у гэтым поўнасцю падтрымлівае".

Ён расказаў, што таксама праінфармаваў Прэзідэнта аб планах ФПБ па процідзеянні незаконным і варожым дзеянням асобных краін, якія "ў аднабаковым парадку, не маючы на гэта ніякага права, развязалі эканамічную вайну, парушыўшы ўсе міжнародныя законы". "Мы разумеем мэту гэтай агрэсіі - каб нанесці матэрыяльны, эканамічны ўрон нашай краіне. Ад гэтага могуць пацярпець людзі, сем'і. Гэта датычыцца ўжо нацыянальнай бяспекі нашай краіны. Мы будзем рабіць усё, каб процістаяць гэтым недружалюбным і варожым дзеянням", - падкрэсліў прафсаюзны лідар.

Акрамя таго, у размове з кіраўніком дзяржавы закраналася тэма кантролю за цэнаўтварэннем, за своечасовай выплатай узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, аказання дапамогі працоўным у пераглядзе эканамічных іскаў, забеспячэння належных умоў працы аграрыяў у перыяд уборачнай кампаніі.