Версія для друку
Памер
+
Друк

Гісторыка-культурная спадчына

16.12.2016

Лідскі замак

Гісторыя ўзнікнення, асноўныя этапы фармавання і развіцця, падзеі і асобы, звязаныя з помнікам

Каменны замак у Лідзе загадаў пабудаваць Вялікі князь літоўскі, рускі, жмойтскі Гедымін (1316-41). Будавалі у 1323-28 гг. палонныя з Валыні і Кіева. У 1323 г. Гедымін накіраваў Папе Іаану ХХІІ ліст, у якім выказаў гатовасць прыняць хрысціянства за цану міру з крыжакамі. Папа забараніў крыжакам паходы на літоўскае княства, было складзена чатырохгадовае перамір’е. У 1325 г. Гедымін выдаў сваю дачку Альдону за Казіміра – сына польскага караля Уладзіслава Лакетка. У 1326 г. літоўскія паслы заключылі мір з Ноўгарадам. Ва ўмовах міру з суседзямі князь Гедымін узвёў Лідскі замак і ўмацаванні ў Вільні. Сваё прызначэнне замак выканаў часткова: адбіўся ад нападу атрада смаленскага князя Юрыя Святаслававіча (05.08.1406), ад войскаў князя Свідрыгайлы ў жніўні 1433 г., але здаўся без бою крыжакам у студзені 1392 г. і войскам Івана Хаванскага ў снежні 1659 г. Пасля 1659 г. у абарончых мэтах замак не выкарыстоўваўся. У замку адбываліся падзеі вялікай значнасці. Тут у 1386 г. прынёс прысягу Вялікаму князю літоўскаму і каралю польскаму Ягайлу полацкі князь Скіргайла. Тут у 1422 г. праходзіў знакаміты вясельны пір караля Уладзіслава Ягайлы і князёўны Соф’і Гальшанскай. Тут у ліпені 1506 г. падпісаў перадсмяротнае завяшчанне кароль Аляксандр у прысутнасці літоўскіх магнатаў, сваёй жонкі Алены Іаанаўны – дачкі вялікага маскоўскага князя Івана ІІІ. Адсюль адыходзіла на пераможную Клецкую бітву шляхетнае апалчэнне. На тэрыторыі замка да 1553 г. знаходзілася праваслаўная царква, жылыя і гаспадарчыя пабудовы, калодзеж, з 1568 г. суд, архіў. Руіны замка ў ХІХ стагоддзі прыцягнулі ўвагу вядомых мастакоў І.Пешкі, М.Орды, В.Гразнова і інш. У руінах замка ў ХІХ стагоддзі паказвалі кінастужкі, залівалі лёд, служылі імшу, уладкоўвалі спаборніцтвы, давалі старт матацыклетным раллі. У ліпені 1941 г. ў замку быў лагер савецкіх ваеннапалонных. Пасля вайны ўнутраны двор замка выкарыстоўваўся як спартыўны стадыён. З 2004 г. замак  дзейничае як турыстычны аб’ект. Праводзяцца рыцарскія фэсты, турніры, уладкоўваюцца выставы.

Гісторыя даследаванняў помніка

Напачатку ХХ стагоддзя Лідскі замак агледзеў рускі архітэктар, дзеяч у вобласці рэстаўрацыі помнікаў сярэднявечнай архітэктуры, супрацоўнік Імператарскай Археалагічнай Камісіі П.П.Пакрышкін. Дзякуючы П.П.Пакрышкіну Лідскі замак атрымаў статус недатыкальнага, са сродкаў МУС былі вылучаны дзвюма траншамі 1943 рубля, і ў 1909-10 гг. праведзены першы рамонт. У 1920-я гады раскопкі ў замку правёў польскі археолаг Тадэвуш Буршэ, былі збудаваны дзве тонкія сценкі ў паўднёва-ўсходнім і паўднёва-заходнім вуглах. Першыя дакументальна пацверджаныя археалагічныя працы ў Лідскім замку правёў аспірант інстытута гісторыі АН БССР М.А.Ткачоў. У 1970 г. ён абмераў сцены і заклаў некалькі шурфоў у замкавым двары. Былі знойдзены фрагменты глінянага і шклянога посуду 14-17 ст., адломкі дахоўкі, кафляў і абкладальнай паліхромнай пліткі. У 1974 г. у замкавым двары 12 невялікіх шурфаў заклаў навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі АН БССР Я.Г.Звяруга. У 1975 г. рэстаўрацыю Лідскага замка ўключылі ў план работ Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў (СНРМ) Міністэрства культуры БССР. У верасні 1976 г. былі праведзены архітэктурна-археалагічныя даследаванні, якія пацвердзілі ўнікальнасць гэтага збудавання. Навуковы кіраўнік работ С.Г.Багласаў прапанаваў праект поўнага аднаўлення замка. Яго прапановы былі прыняты Лідскі гаркамам партыі і гарвыканкамам, былі выдзелены неабходныя грашовыя сродкі, якія дазволілі правесці шырокамаштабныя археалагічныя даследаванні. Кіраваў археалагічнымі раскопкамі аспірант інстытута гісторыі АН БССР А.А.Трусаў. Улетку 1977 г. у замкавым двары былі закладзены 5 раскопаў. Археалагічныя работы выконвалі студэнты гістарычнага факультэта БДУ. У 1978 г. дэталёваму вывучэнню падпаў замкавы двор. Тэрыторыя двара была разбіта на квадраты (4х4), кожны з якіх раскопваўся як асобны раскоп.Усяго было закладзена 17 раскопаў. У 1980 г. у цэнтральнай частцы двара былі закладзены 4 раскопы. Дэталёва даследаваліся 2 даўнейшых калодзежы. Вывучэнне культурнага пласта замкавага двара працягнулася ў 1985-87 гг. пад кіраўніцтвам малодшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі АН БССР А.К.Краўцэвіча. З 1979 г. у Лідскі краязнаўчы музей  былі перададзены 18 тысяч артэфактаў, галоўным чынам, фрагменты керамічнага посуду, а таксама абломкі цэглы, кафлі, дахоўкі, шклянога посуду, металічныя замкі, ключы, прылады, падковы, арбалетныя балты, каменныя ядры, манеты. Самыя цікавыя артэфакты захоўваюцца ў інстытуце гісторыіі АН Беларусі. Па выніках археалагачнага вывучэння М.А.Ткачоў, С.Г.Багласаў, А.А.Трусаў унеслі свае прапановы па рэканструкцыі Лідскага замка.

 Апісанне гісторыка-культурнай каштоўнасці

Замак пабудаваны з валуноў, цэглы і вапны. У плане – гэта няправільны чатырохвугольнік (92,6х79,5х82,9х81,85) з 2 вуглавымі вежамі. Сцены таўшчынёй 1,5-2 м, вышыней 14 м, складзены з валуноў і вапны. Уверсе яны пераходзяць у баявую галерэю, цагляная сценка галерэі мела адзін рад байніц. Памост галерэі апіраўся на драўляныя бэлькі. Паўднёва-заходняя вежа будавалася адначасова са сценамі. У пачатку 15 стагоддзя пабудавана паўночна-ўсходняя вежа, уздоўж паўночнай сцяны выкапаны роў, на р.Лідзейка пастаўлена дамба, якая дазволіла стварыць вакол замка водную абарончую прастору. Выдатна захавалася паўднёвая сцяна аж да байніц, на вышыню да 11-12м, усходняя і паўночная на вышыню да 8 м, горш захавалася заходняя – выстаяла толькі цэнтральная частка да вышыні 6 м. У паўднёвай сцяне захавалася 7 байніц. Ад паўднёва-заходняй вежы не засталося нават падмуркаў, паўночна-ўсходняя вежа ўцалела да вышыні 4 м. У паўночна-ўсходняй вежы захаваліся 2 каміны, 4 нішы, ўваход і лесвіца ў сцяне. Замкавы двор цалкам перакапаны.


Ансамбль былога кляштара піяраў:

Свята-Міхайлаўская царква

(былы Іосіфаўскі касцёл) кляштарны корпус 1797-1824 гады, 1863 год (праваслаўная царква)

г. Ліда, вул.Савецкая, 20

Храм-ратонда накрыты паўсферычным купалам з васьмігранным ліхтаром. Да аснаўнога круглага ў плане аб’ему прылягаюць больш нізкія прамавугольныя ў плане аб’емы; па восі ўсход-захад – далучаюцца больш нізкія прамавугольныя прытвор з чатырохкалонным порцікам на  галоўным фасадзе і двухпавярховыя сакрысціі, з поўдня і  поўначы – невялікія рызаліты. У афармленні фасадаў і інтэр’ера выкарыстаны дарычны ордэр. Порцік і рызаліты ўвянчаны трохвугольнымі франтонамі. Сцены прарэзаны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Унутры на параметры залы размешчаны 8 пар дарычных калон, якія нясуць спрошчаны антамблемент. Па папярочнай восі – бакавыя ўваходныя парталы. Столь размалявана ў тэхніцы грызайль з імітацыяй кесонаў і разетак. 


Будынак

1912 год

г. Лiда, вул.Фабрычная, 6

Аднапавярховы у плане будынак з двухсхільным дахам. Тарцовыя фасады завершаны шчытамі. Размешчаны адасоблена. Асноўны будаўнічы матэрыял цэгла. Аконныя праёмы прамавугольныя, вырабленыя з дрэва.


Будынак

1912 год

г. Лiда, вул. Савецкая, 31

Пабудаваны з цэглы ў пачатку 20 стагоддзя.П–падобны ў плане аднапавярховы аб’ём вылучаны высокім мансардавым дахам. Галоўны  фасад мае сіметрычна-восевую кампазіцыю, якая падкрэслена бакавымі двухкалоннымі порцікамі. Цэнтральны ўваход фланкіраваны пілястрамі, раней тут быў чатырохкалонны порцік з франтонам, выдзвінутым у пешаходную частку вуліцы. Сіметрыя фасада падкрэслена прамавугольнымі аконнымі праёмамі. З боку дваровага фасада паўкруглая тэраса, фланкіраваная бакавымі крыламі дому. 


Будынак друкарнi

канец XIX стагоддзя

г. Лiда, вул. Ленiнская, 23