Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать
Галоўная / Навiны раёна
09.12.2020

“У ДАРОГУ ЖЫЦЦЯ БЕЗ СНІДУ” (СУСВЕТНЫ ДЗЕНЬ БАРАЦЬБЫ СА СНІДАМ У ПУБЛІЧНЫХ БІБЛІЯТЭКАХ ЛІДЧЫНЫ)

  Сусветны дзень барацьбы са СНІДам (1 снежня) – дата, якая штогод заклікае ўсю сусветную грамадскасць не проста памятаць пра гэтую пакуль што невылечную хваробу, але і быць памяркоўнымі да тых, хто ўжо з’яўляецца пераносчыкам гэтага захворвання. І, галоўнае, што павінен для сябе зразумець кожны з тых, хто жыве на планеце, – трэба разумець, што прафілактыка вельмі важная ў барацьбе за здароўе.

Бібліятэкары філіялаў ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы” правялі актыўную інфармацыйна-тлумачальную работу сярод чытачоў розных узростаў з мэтай папулярызацыі ведаў пра СНІД, спосабы барацьбы з хваробай і пра здаровы лад жыцця, ладзячы ў бібліятэках дыскусіі і размовы, гадзіны інфармацыі, гадзіны пытанняў і адказаў.

Так, падчас гадзіны інфармацыі “Веды супраць страху” супрацоўнікі філіяла “Лідская гарадская бібліятэка № 4” распавялі моладзі пра пагрозу гэтага захворвання і аб мерах засцярогі. Гэты дзень – напамінак пра неабходнасць спыніць глабальнае распаўсюджванне эпідэміі ВІЧ і СНІДу.

1 снежня філіял “Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Бердаўка”  правёў гадзіну пытанняў і адказаў “Ответственное сегодня – счастливое завтра!”. Мерапрыемства наведалі настаўнікі пачатковых классаў ВПК “Бердаўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа”.Пачалася  размова з таго, што слова СНІД і ВІЧ ведаюць усе, але што гэта такое і ў чым розніца паміж імі, ведае далёка не кожны. У сваёй размове бібліятэкар і настаўнікі вялі размову, як больш даступна патлумачыць розніцу навучэнцам. У канцы мерапрыемства бібліятэкар давяла апошнюю інфармацыі аб страшнай хваробе па Гродзенскай вобласці і г.Ліда.

Падчас інфармацыйнай гадзіны “Чума века или век чумы”, якая адбылася тым жа днём у філіяле “Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка” абмяркоўваліся такія пытанні: адкуль можа ўзнікнуць СНІД, чаму падлеткі пачынаюць ужываць наркотыкі, што можа прывесці да заражэння, што рабіць, калі ў падлетка ў жыцці з’явіліся сур’ёзныя праблемы.Падлеткі сталі не толькі слухачамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі гутаркі: задавалі пытанні і дзяліліся сваімі ўражаннямі.

Філіял “Лідская гарадская бібліятэка № 1” ладзіў гадзіну пратэсту “Аддай перавагу жыццю”. Бібліятэкар даў вызначэнне ВІЧ-інфекцыі, падрабязна распавёў пра яе адрозненні ад СНІДу, мерах засцярогі з мэтай фарміравання  ў прысутных адказнасці за сваё жыццё і бяспеку. Для больш поўнай інфармаванасці аб ВІЧ-інфекцыі і СНІД у чытальнай зале была аформлена выстава “Пратэст супраць СНІДу”.

Філіял “Дзітвянская сельская бібліятэка” сумесна з дзяржаўнай установай культуры “Дзітвянскі дом культуры” ладзіў інфармацыйную прастору “Наш выбар – жыццё без СНІДу”, падчас якой бібліятэкар распавядала аб ВІЧ-інфекцыі, як можа яна трапіць у арганізм чалавека. Супрацоўнікі дома культуры прадставілі сцэнку з удзелам падлеткаў аб шкодных звычках.

У філіяле “Бярозаўская гарадская бібліятэка” адбылася інфармацыйная гадзіна “Мае веды пра ВІЧ/СНІД”. На мерапрыемства былі запрошаны вучні ДУА “СШ № 1 г. Бярозаўка”. Вядучая мерапрыемства расказала пра ВІЧ-інфекцыю, СНІД, пра тое, як ВІЧ пераходзіць у стадыю СНІД, як можна выявіць ВІЧ, якім чынам адбываецца заражэнне гэтым вірусам і аб мерах прафілактыкі. У бібліятэцы была арганізавана кніжная выстава “Кожны выратаваны – на вагу золата”.

Супрацоўнікамі філіяла “Лідская гарадская бібіятэка № 6 імя В.Таўлая” быў праведзены дыялог-разважанне “У дарогу жыцця без СНIДу”. Фельчар Васкан Т.I. пазнаёмiла прысутных з эпiдсiтуацыяй па ВIЧ-iнфекцыi ў Гродзенскай вобласцi i ў нашым горадзе за 2020 год, расказала аб шляхах перадачы хваробы. Падчас мерапрыемства прысутныя закранулi пытанне адносiн да ВIЧ-iнфiцыраваных i хворых СНIДам.

Правядзенне ў бібліятэках падобных мерапрыемстваў садзейнічае павышэнню інфармаванасці чытачоў аб шляхах заражэння ВІЧ-інфекцыяй, спосабах абароны, прававых аспектах праблемы, фарміраванню талерантнага стаўлення да людзей, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам, а таксама садзейнічаюць выхаванню асабістай адказнасці насельніцтва за свае ўчынкі.




© Лiдскi раённы выканаўчы камітэт, 2024.