Главная / Новости района
29.11.2021

Праект «Бяром пачатак свой ад замкавых муроў». Падзеі канца XIV стагоддзя. Як выглядаў у той час Лідскі замак? Калі на падзамчы быў узведзены першы лідскі касцёл? Ці бралі замак крыжаносцы?

У сённяшнім выпуску гістарычнага праекта мы спынімся на падзеях канца XIV стагоддзя, якія маюць дачыненне да Ліды і Лідскага замка. Разглядаемы намі на гэты раз перыяд – гэта час хрышчэння Літвы, будаўніцтва касцёлаў, міжусобных войнаў і паходаў на Літву крыжаносцаў. Як выглядаў у той час Лідскі замак? Калі на падзамчы быў узведзены першы лідскі касцёл? Ці бралі Лідскі замак крыжаносцы?


Адказы на гэтыя і іншыя пытанні мы атрымалі ад старшага навуковага супрацоўніка Лідскага гісторыка-мастацкага музея Валерыя Васільевіча Сліўкіна, які падмацаваў свае адказы вытрымкамі з гістарычных дакументаў, хронік і прац гісторыкаў. Асабліва падрабязна пракаментаваў Валерый Васільевіч думку многіх гісторыкаў, быццам бы ў студзені 1392 года Лідскі замак быў бясслаўна пакінуты князем Дзмітрыем-Карыбутам на рабаванне крыжаносцам. Ці мела сапраўды месца гэтая самая ганебная старонка ў гісторыі нашага замка? Аб гэтым і многім іншым чытайце ў новым выпуску праекта.

Такім ён быў, Лідскі замак

У 1386 годзе Вялікі князь літоўскі Ягайла стаў каралём польскім. Па гэтай прычыне Ліда і Лідскі замак аказаліся на дарозе са сталіцы ВКЛ Вільні ў сталіцу Польшчы Кракаў. Ягайла неаднаразова праязджаў па гэтай дарозе, спыняўся ў замку, падпісваў тут важныя дзяржаўныя дакументы. Звычайна кароль ездзіў праз Ліду, Мыто, Ваверку, Васілішкі, Масты, Ваўкавыск, Люблін. 

Значэнне Лідскага замка асабліва ўзрасло пасля поўнага разгрому арміі князя Вітаўта ў бітве з татарамі на рацэ Ворскле ў 1399 годзе. Ён закрываў дарогу на поўдзень, адкуль маглі з’явіцца татары. 

У канцы XIV стагоддзя Лідскі замак уяўляў сабой чатырохвугольнае каменнае збудаванне з мурамі агульнай даўжынёй 340 м, вышынёй 12 м, з зубцамі ў верхняй частцы і баявой галерэяй. У паўднёва-заходнім куце замкавага двара ўзвышалася каменная вежа вышынёй больш за 20 м з шатровым дахам. Паблізу размяшчаліся кузня, кухня, невялікая драўляная праваслаўная царква. У паўночна-ўсходнім куце знаходзіўся калодзеж глыбінёй у 5 м, да ўсходняга і заходняга муроў прыціскаліся вузкія, шырынёй у 4 м, драўляныя казармы, якія раздзяляліся перагародкамі на пакоі, у кожным з якіх мелася невялікая кафельная печка. У вежы, на верхніх паверхах, меліся жылыя памяшканні. У паўднёвым і паўночным замкавых мурах былі закрытыя варотамі праёмы для заезду. 

Многія прадметы прыкладна тых часоў, знойдзеныя пры раскопках на тэрыторыі Лідскага замка, захоўваюцца ў фондах Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Гэта мноства фрагментаў керамічнага посуду, кафляў, чарапіцы, кароткі меч (корд), каваны кінжал, кальчуга, каменныя ядры, стрэлы, наканечнікі арбалетных стрэл, падкоўка ад рыцарскіх ботаў, рыцарская шпора, шахматная і шашачная фігуркі, касцяныя і жалезныя прадметы. 

Аб першым лідскім касцёле

– Што ж датычыцца пабудовы першага ў Лідзе касцёла, – гаворыць Валерый Сліўкін, – дата гэтай пабудовы спрэчная. Прычынай разыходжання ў меркаваннях з’яўляецца наяўнасць двух дакументаў, якія захаваліся ў больш позніх копіях – у копіі акта ўстанаўлення (фундацыі) Уладзіслава-Ягайлы ад 2 мая 1387 года аб заснаванні лідскага касцёла Усіх Святых і Святога Крыжа, якую спецыялісты палічылі падробкай, і фундацыі ад 20 мая 1397 года, якую падпісалі сумесна Ягайла і Вітаўт і пацвердзіў 3 ліпеня 1397 года віленскі епіскап, францысканец Андрэй Васіла. 

А ўвогуле, першая каталіцкая місія ў Лідзе з’явілася ў 1366 годзе. Аб гэтым паведаміў Тэадор Нарбут: “Прыбыла францысканская місія, прадстаўленая трыма манахамі. У 1369 годзе іх забілі язычнікі пры якойсьці мітусні. Хутка, аднак, прыбылі шасцёра новых, над магілай сваіх братоў на падзамчы яны збудавалі араторыум і пры ім жылі. Каля 1376 года прыбылі яшчэ францысканцы, колькасць іх узрасла да дзевяці. Прынеслі з сабой абраз Маці Божай з горада Візны”. Падзамча, дзе францысканцы збудавалі араторыум (малельню), прымыкала да Лідскага замка з паўночнага боку. У далейшым на падзамчы ўзводзіліся касцёлы. 

Што ж датычыцца першай на Лідчыне праваслаўнай царквы, то яна, як ужо адзначалася, існавала ў Лідскім замку з пачатку яго будаўніцтва. 

А ці быў штурм Лідскага замка?

Да цяперашняга часу памылкова лічыцца, што ў студзені 1392 года Лідскі замак быў узяты крыжаносцамі. Так сцвярджаюць усе гісторыкі, якія пісалі аб Лідзе і замку, так прапісана ва ўсіх энцыклапедыях. Напрыклад: “У 1392 годзе тэўтонскія рыцары ў саюзе з Вітаўтам спалілі Ліду (перадзамча) і захапілі замак, пакінуты без бою братам Ягайлы Карыбутам” (“ВКЛ”, том 2, Мінск, 2006, стар. 196). 

– Гэтая ганьба Лідскага замка выклікала ў мяне вялікія сумненні, – каментуе Валерый Сліўкін. – Не мог Дзмітрый-Карыбут, баявы князь, які ўдзельнічаў у многіх бітвах, пакінуць замак без абароны. Але сцяна аўтарытэтаў здавалася непераадольнай: Нарбут, Балінскі, Ткачоў, Трусаў. Але і чарвяк сумнення не даваў спакою. Я вырашыў дабрацца да першакрыніцы. Пачаў з Тэадора Нарбута. Вось што ён пісаў: 

“У пару звычайных зімовых паходаў маршалак прапанаваў Вітаўту далёкі паход.За сумеснай таму дамоўленасцю прыбылі пад Аліту атрады крыжаносцаў у студзені 1392 года, Яна Румпенхайма, камандора з Рагніты, войта Самландскага Конрада Ліхтэнштэйна і кіраўніка Інстэнбургскага з некаторымі гасцямі замежнымі. Князь Вітаўт, каб пазбегнуць усялякага падазрэння, сабраў сваіх узброеных людзей і пайшоў у гэты паход. Калі ўжо выходзілі з Аліты, англічане пабіліся з немцамі за права нясення паміж сабой харугвы Святога Юрыя, з-за чаго дайшло да крывавай бойкі; з абодвух бакоў былі людзі вядомага паходжання, першымі кіраваў Персі, сын графа Нартумберлендскага, другімі – Рупрэхт з Шэкендорфа. Мэтай паходу быў горад Ліда, месцазнаходжанне ў тую пару князя Карыбута, пакінутага для аховы краю з войскам северскім. Праз замерзлыя балоты крыжаносцы наблізіліся нечакана, запалілі падзамча; але князь той, насуперак вельмі добра ўмацаванаму замку, аднаму тады з найлепшых у Літве, абараняцца ў ім не хацеў, выйшаў паспешна з усім дваром і войскам, пакінуўшы ўсё, што было ў замку і горадзе, на здабычу непрыяцелю. Забралі склады зброі і ваеннага правіянту немалую колькасць”. 

Тэадор Нарбут ссылаўся на нямецкага гісторыка ХІХ стагоддзя Ёханэса Фойта. Нямецкія гісторыкі з іх педантызмам – гэта ўжо зусім непераадольная сцяна. Але чарвяк сумнення працягваў грызці. Я адшукаў тэкст Фойта ў яго працы “Гісторыя Прусіі” (1839), а ён на нямецкай мове з гатычным шрыфтам. Гэты бар’ер дапамагла пераадолець ураджэнка вёскі Ольжава Лідскага раёна Тамара Уладзіміраўна Дзерваль, якая ў цяперашні час жыве ў Германіі. Яна зрабіла пераклад: 

“…Алітэн, дзе дзве тысячы чалавек былі ўзятыя ў палон і забітыя, недалёка ад Ліды, на поўдзень ад Вільні. Там Карыбут, брат польскага караля, які, відаць, не захацеў падпарадкавацца ўладзе Вітаўта, быў разбіты і ў апошні момант змог выратавацца ўцёкамі. Яго запасы зброі і вельмі багатыя трафеі трапілі ў рукі ворага, да таго ж вялікая колькасць палонных”. 

Алітэн – гэта Алітус, знаходзіцца не так ужо і блізка да Ліды. Ліда сапраўды знаходзіцца на поўдзень ад Вільні. Ля Алітуса князь Карыбут пацярпеў паразу. А дзе ж штурм Лідскага замка?

Князь Карыбут свой гонар не запляміў

– Ёханэс Фойт, – працягвае Валерый Васільевіч, – ссылаўся на хроніку Віганда Марбургскага, нямецкага гісторыка, які ў пачатку XV стагоддзя напісаў “Новую прускую хроніку”. Захаваўся лацінскі пераклад гэтай хронікі, зроблены па распараджэнні Яна Длугаша. У 2014 годзе хроніка Віганда была выдадзена на рускай мове ў серыі “Сярэднявечныя літаратурныя помнікі і крыніцы” ў перакладзе Н. Малішэўскага. Вось як гэты паход апісаў Віганд: 

“Увайшоўшы з харугвамі ў Алітэн, узялі ў няволю і забілі 2000 чалавек, і Вітаўт са сваім войскам прысутнічаў. Раніцай ударылі на караля Карыбута. Альберт Карсаф, капітан хрысціян, які ўдарыў на іх, разам з вялікай здабычай забраў усю іх зброю і мноства пазабіваў і ў няволю пабраў. Затым без усялякага для сябе ўрону разам вярнуліся дамоў”. 

Што ж атрымліваецца? Назаўтра пасля перамогі пад Алітусам атрад крыжаносцаў пад камандаваннем фон Карсафа ўдарыў на Карыбута, перамог яго, многіх забілі і ў палон узялі, і зброю забралі, потым дамоў вярнуліся. Аб Лідскім замку ні слова. Адлегласць паміж Алітусам і Лідай напрамую – 100 км, па дарогах – 160. Крыжаносцы за дзень у найлепшым выпадку маглі праехаць 40 км. Акрамя Віганда, аб гэтым паходзе на Алітэн (Аліту, Алітус) пісаў Іаган фон Пасільге. Я зноў паклікаў на дапамогу Тамару Уладзіміраўну Дзерваль. Яна пераклала і гэты гатычны тэкст: 

“У 1392 годзе камтур Рагніта, фогт (управіцель) Самланда з гасцямі і невялікім войскам наблізіўся з Вітаўтам да ваколіц Ліды, і заваяваў зямлю, і зрабіў вялікае спусташэнне, і ўзяў шмат палонных, і кароль Карыбут сам змог пазбегнуць палону, яго сцягі былі ў яго захоплены і адабраны”. 

І ў Пасільге ні слова аб Лідскім замку. Руслан Барысавіч Гагуа, сучасны гісторык, дацэнт Палескага ўніверсітэта, які дэталёва даследаваў міжусобную ўнутрылітоўскую вайну 1390-1392 гадоў, карыстаўся ўсімі прыведзенымі тэкстамі, сваё бачанне падзей расказаў наступным чынам: 

“Вітаўт і крыжаносцы ўвайшлі ў Літву і падышлі да замка Аліта, у ваколіцах якога было забіта і захоплена ў палон 2000 чалавек. На наступны дзень частка арміі крыжаносцаў, узначальваемая Альбертам фон Карсафам, падышла да Ліды. Насустрач ім выступіў атрад на чале з князем ноўгарад-северскім Карыбутам Альгердавічам, які быў ушчэнт разбіты ў бітве. Крыжаносцы захапілі сцягі, зброю і багатую здабычу, пасля чаго вярнуліся ў Прусію”. 

– Атрад Карыбута быў разбіты ў бітве, – падагульняе  Валерый Сліўкін. – Не ў замку – у бітве! Падвядзём вынікі. У хроніцы Віганда Ліда не згадваецца. У хроніцы Пасільге паведамляецца, што крыжаносцы наблізіліся да ваколіц Ліды. Паводле Гагуа, крыжаносцы падышлі да Ліды, але гісторык ніякім чынам не падтрымаў Нарбута, які па невядомых прычынах назаўжды зняславіў князя Карыбута і здаў крыжаносцам Лідскі замак. У сапраўднасці князь Карыбут выйшаў насустрач атраду крыжаносцаў і пацярпеў паразу далёка ад Ліды і Лідскага замка. Калі б крыжаносцы ўзялі Лідскі замак, яны б аб гэтым ва ўсіх хроніках пратрубілі. Няма ні слова. Такім чынам, Лідскі замак у студзені 1392 года крыжаносцы не бралі і князь Карыбут свой гонар не запляміў.

Ніводны маршал не заходзіў так далёка

У канцы 1393 года маршал Тэўтонскага ордэна Вернер Тэцінгер заклікаў рыцараў прыморскіх правінцый да чарговага паходу на Літву. Паходы крыжаносцаў на ВКЛ, як бачым, працягваліся, хаця пытанне аб хрышчэнні Літвы ўжо не стаяла, падстаў для наездаў быццам бы не было. Але жыць у мірнай працы крыжаносцы не хацелі і не маглі – іх прызначэннем было рабаваць і знішчаць. 

Вось што пісаў Я. Длугаш, які карыстаўся хронікай Віганда з Марбурга: “Магістр прускі Конрад фон Юнгінген адправіў зімой у Літву маршалка Вернера Тэцінгера з войскамі, складзенымі з уласных і замежных салдат, таму што шмат рыцараў з Францыі і Германіі прыбыло ім на дапамогу. Падышоўшы спачатку пад горад Неўгартэн, засталі яго спаленым літвінамі. Адтуль адправіліся аж да Ліды, але лідыйчыцы, перапалоханыя нашэсцем, падпалілі горад і ўцяклі. А маршалак, расцягнуўшы як мага шырэй спусташэнне, паколькі раней ніхто не паглыбляўся глыбей у Літву, сабраў вялікую колькасць палонных, мужчын і жанчын, і пагнаў у Прусію”. 

У перакладзе Н. Малішэўскага гэты ж тэкст гучыць так: “1394 год. … Тым часам быў абвешчаны вялікі рэйд і даручаны маршалу Вернеру Тэцінгеру. Для ўдзелу ў ім прыбылі французы. Разам з маршалам суровай зімой прыбылі ў Гродна прэцэптары і прэфекты. Тройчы пераправіліся яны па лёдзе праз Нёман на бяду язычнікам, і, прыйшоўшы да Віліі, павярнулі да Наваградка. Дарогі з-за суровай зімы былі дрэнныя, але маршала гэта мала непакоіла. А калі язычнікі пачулі, што блізка хрысціяне, спалілі прадмесце і адышлі. Затым хрысціяне адправіліся да Ліды, якую таксама знайшлі спаленай самімі жыхарамі. Звярнулі тады да Мерача, які язычнікі спалілі таксама. Затым адтуль раз’ехаліся крыжаносцы ў розныя бакі, спусташаючы і знішчаючы ваколіцы. Ніколі перад гэтым ніводны маршал не заходзіў у сваіх рэйдах так далёка, а ў тым рэйдзе былі граф фон Лейнінген, Бэдфард, англічане і французы. Не шкадавалі харугву святога Георгія, прывялі ў Прусію незлічоных палонных – мужчын, жанчын і дзяцей, з якіх мноства да сённяшняга дня ўсё яшчэ застаецца ў Прусіі. Пазабавіўшыся больш за чатыры тыдні, вярнуліся”.

Крыжаносцы не штурмавалі і не бралі Лідскі замак

– Малішэўскі і каментатары тэкста зрабілі геаграфічную памылку, – каментуе Валерый Сліўкін. – Neugarten пераклалі як “Наваградак”, а гэта Новы горад на Віліі, які Ягайла пабудаваў у 1388 годзе для князя Скіргайлы. Castrum можна перакласці як “невялікі замак”, а не як “прадмесце”. Абаронцы спалілі невялікі замак пад назвай Новы гарадок на Віліі, а не Наваградак. Віганд зрабіў вельмі важную заўвагу: “Ніколі перад гэтым ніводны маршал не заходзіў у сваіх рэйдах так далёка”. Гэта значыць, да 1394 года крыжаносцы да Ліды і далей на поўдзень не хадзілі. Гэтай заўвагай адхіліў паход фон Карсафа да Ліды ў 1392 годзе і паставіў пад сумненне знакаміты паход тэўтонцаў на Наваградак у 1314 годзе. Такім чынам, у студзені 1394 года крыжаносцы на чале з Вернерам Тэцінгерам здзейснілі паход не на Наваградак, а на Новы горад на рацэ Віліі, пабывалі пад Лідай і Мераччу. Жыхары Ліды самі спалілі горад і, трэба меркаваць, схаваліся ў замку. 

Паводле апісання гэтага паходу Тэадорам Нарбутам, крыжаносцы дайшлі да Наваградка. Схілы замка жыхары горада палілі вадой і ператварылі ў ледзяны каток, а самі схаваліся ў аддаленай пушчы. Затым рыцары спусташылі ўсе сёлы па дарозе да Ліды, выйшлі да Лідскага замка, які стаяў сярод папялішчаў, ад замка адступалі праз Дзітвянскія балоты ля Нонішак, разрабавалі Радунь, Начу, Каняву, прайшлі праз Рудніцкую пушчу пад Мерач (сучаснае Меркіне), у пачатку красавіка пераправіліся праз Нёман і адправіліся ў Прусію з 2200 палоннымі, 1400 конямі і мноствам скаціны. Гэтае сказанне Тэадора Нарбута сумненню ніхто пакуль не падвяргаў. 

М. Стрыйкоўскі, гаворачы аб паходзе Вернера Тэцінгера ў 1394 годзе, абмежаваўся адной фразай: “Зімой таго ж года Вернер Тэцінгер, маршалак вялікі прускі, здзейсніўшы вяртанне, Літву зноў ваяваў і са здабычай і палоннымі пайшоў”. Торнскі летапісец аб гэтым паходзе ўвогуле не знайшоў патрэбным згадваць. 

– Такім чынам, – падагульняе ўсё вышэйсказанае Валерый Васільевіч, – у 1392 і 1394 гадах крыжаносцы не штурмавалі і не бралі Лідскі замак, але ў 1394 годзе “лідыйчыцы” перад набліжэннем крыжаносцаў спалілі горад, што ў тыя часы было агульнапрынятым спосабам абароны замкаў. За ўсю гісторыю існавання Лідскага замка крыжаносцы адзіны раз – у 1394 годзе – прыходзілі да Ліды. Ва ўсякім разе, у вядомых мне прускіх, рускіх, польскіх і літоўскіх хроніках іншых спроб штурму рыцарамі Лідскага замка не знайшлося.

Лідская газета