Галоўная / Гісторыка-культурная спадчына

Гісторыка-культурная спадчына


Лідскі замак

Гісторыя ўзнікнення, асноўныя этапы фармавання і развіцця, падзеі і асобы, звязаныя з помнікам

Каменны замак у Лідзе загадаў пабудаваць Вялікі князь літоўскі, рускі, жмойцкі Гедымін (1316-1341 гг.). Будавалі ў 1323-1328 гг. палонныя з Валыні і Кіева. У 1323 годзе Гедымін накіраваў Папе Іаану ХХІІ ліст, у якім выказаў гатоўнасць прыняць хрысціянства за цану міру з крыжакамі. Папа забараніў крыжакам паходы на літоўскае княства, было складзена чатырохгадовае перамір’е. У 1325 годзе Гедымін выдаў сваю дачку Альдону за Казіміра – сына польскага караля Уладзіслава Лакетка. У 1326 годзе літоўскія паслы заключылі мір з Ноўгарадам. Ва ўмовах міру з суседзямі князь Гедымін узвёў Лідскі замак і ўмацаванні ў Вільні. Сваё прызначэнне замак выканаў часткова: адбіўся ад нападу атрада смаленскага князя Юрыя Святаслававіча 5 жніўня 1406 года, ад войскаў князя Свідрыгайлы ў жніўні 1433 года, але здаўся без бою крыжакам у студзені 1392-га і войскам Івана Хаванскага ў снежні 1659-га.

Пасля 1659 года у абарончых мэтах замак не выкарыстоўваўся. У замку адбываліся падзеі вялікай значнасці. Тут у 1386 годзе прынёс прысягу Вялікаму князю літоўскаму і каралю польскаму Ягайлу полацкі князь Скіргайла. У 1422 годзе праходзіў знакаміты вясельны пір караля Уладзіслава Ягайлы і князёўны Соф’і Гальшанскай. У ліпені 1506 года падпісаў перадсмяротнае завяшчанне кароль Аляксандр у прысутнасці літоўскіх магнатаў, сваёй жонкі Алены Іаанаўны – дачкі вялікага маскоўскага князя Івана ІІІ. Адсюль адыходзіла на пераможную Клецкую бітву шляхетнае апалчэнне. На тэрыторыі замка да 1553 года знаходзілася праваслаўная царква, жылыя і гаспадарчыя пабудовы, калодзеж, з 1568 года суд, архіў. Руіны замка ў ХІХ стагоддзі прыцягнулі ўвагу вядомых мастакоў Пешкі, Орды, Гразнова і інш. У руінах замка ў ХІХ стагоддзі паказвалі кінастужкі, залівалі лёд, служылі імшу, наладжвалі спаборніцтвы, давалі старт матацыклетным раллі. У ліпені 1941 годзе ў замку быў лагер савецкіх ваеннапалонных. Пасля вайны ўнутраны двор замка выкарыстоўваўся як спартыўны стадыён. З 2004-га замак дзейничае як турыстычны аб’ект. Праводзяцца рыцарскія фэсты, турніры, арганізоўваюцца выставы.

Гісторыя даследаванняў помніка

На пачатку ХХ стагоддзя Лідскі замак агледзеў рускі архітэктар, дзеяч у вобласці рэстаўрацыі помнікаў сярэднявечнай архітэктуры, супрацоўнік Імператарскай Археалагічнай Камісіі П. П. Пакрышкін. Дзякуючы Пакрышкіну Лідскі замак атрымаў статус недатыкальнага. Сса сродкаў МУС былі вылучаны двума траншамі 1943 рублі, а ў 1909-1910 годзе праведзены першы рамонт. У 1920-я гады раскопкі ў замку правёў польскі археолаг Тадэвуш Буршэ, былі збудаваны дзве тонкія сценкі ў паўднёва-ўсходнім і паўднёва-заходнім вуглах. Першыя дакументальна пацверджаныя археалагічныя працы ў Лідскім замку правёў аспірант інстытута гісторыі АН БССР М. А. Ткачоў. У 1970 годзе ён абмераў сцены і заклаў некалькі шурфоў у замкавым двары. Былі знойдзены фрагменты глінянага і шклянога посуду 14-17 ст., адломкі дахоўкі, кафляў і абкладальнай паліхромнай пліткі.

У 1974 годзе у замкавым двары 12 невялікіх шурфаў заклаў навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі АН БССР Я. Г. Звяруга. У 1975 г. рэстаўрацыю Лідскага замка ўключылі ў план работ Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў (СНРМ) Міністэрства культуры БССР. У верасні 1976 года былі праведзены архітэктурна-археалагічныя даследаванні, якія пацвердзілі ўнікальнасць гэтага збудавання. Навуковы кіраўнік работ С. Г. Багласаў прапанаваў праект поўнага аднаўлення замка. Яго прапановы былі прыняты Лідскі гаркамам партыі і гарвыканкамам, былі выдзелены неабходныя грашовыя сродкі, якія дазволілі правесці шырокамаштабныя археалагічныя даследаванні. Кіраваў археалагічнымі раскопкамі аспірант інстытута гісторыі АН БССР А. А. Трусаў. Улетку 1977-га у замкавым двары былі закладзены пяць раскопаў. Археалагічныя работы выконвалі студэнты гістарычнага факультэта БДУ.

У 1978 годзе дэталёваму вывучэнню падпаў замкавы двор. Тэрыторыя двара была разбіта на квадраты (4х4), кожны з якіх раскопваўся як асобны раскоп. Усяго было закладзена 17 раскопаў. У 1980 годзе у цэнтральнай частцы двара былі закладзены чатыры раскопы. Дэталёва даследаваліся два даўнейшыя калодзежы. Вывучэнне культурнага пласта замкавага двара працягнулася ў 1985-1987 гг. пад кіраўніцтвам малодшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі АН БССР А. К. Краўцэвіча. З 1979 года у Лідскі краязнаўчы музей  былі перададзены 18 тысяч артэфактаў, галоўным чынам, фрагменты керамічнага посуду, а таксама абломкі цэглы, кафлі, дахоўкі, шклянога посуду, металічныя замкі, ключы, прылады, падковы, арбалетныя балты, каменныя ядры, манеты. Самыя цікавыя артэфакты захоўваюцца ў інстытуце гісторыіі АН Беларусі. Па выніках археалагачнага вывучэння М. А. Ткачоў, С. Г. Багласаў, А. А. Трусаў унеслі свае прапановы па рэканструкцыі Лідскага замка. З 2012 па 2016 гады праведзена рэстаўрацыя і рэканструкцыя Лідскага замка за кошт сродкаў дзяржаўнай праграмы "Замкі Беларусі".


 Апісанне гісторыка-культурнай каштоўнасці

Замак пабудаваны з валуноў, цэглы і вапны. У плане – гэта няправільны чатырохвугольнік (92,6х79,5х82,9х81,85) з двума вуглавымі вежамі. Сцены таўшчынёй 1,5-2 метраў, вышынёй 14 метраў, складзены з валуноў і вапны. Уверсе яны пераходзяць у баявую галерэю, цагляная сценка галерэі мела адзін рад байніц. Памост галерэі апіраўся на драўляныя бэлькі. Паўднёва-заходняя вежа будавалася адначасова са сценамі. У пачатку 15 стагоддзя пабудавана паўночна-ўсходняя вежа, уздоўж паўночнай сцяны выкапаны роў, на рацэ Лідзейка пастаўлена дамба, якая дазволіла стварыць вакол замка водную абарончую прастору. Выдатна захавалася паўднёвая сцяна аж да байніц, на вышыню да 11-12 метраў, усходняя і паўночная на вышыню да васьмі метраў, горш захавалася заходняя – выстаяла толькі цэнтральная частка да вышыні шесць метраў. У паўднёвай сцяне захавалася сем байніц. Ад паўднёва-заходняй вежы не засталося нават падмуркаў, паўночна-ўсходняя вежа ўцалела да вышыні чатырох метраў. У паўночна-ўсходняй вежы захаваліся два каміны, чатыры нішы, уваход і лесвіца ў сцяне. Замкавы двор цалкам перакапаны.