Галоўная / Навiны раёна
30.03.2023

Чытаць болей і лепшае! Дзень праваслаўнай кнігі на Лідчыне стаў добрай традыцыяй

Ды і намнога болей, чым проста днём, – сёлета цыкл мерапрыемстваў распачаўся яшчэ 14 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы г. Мінска. На працягу тыдня мерапрыемствы духоўнай накіраванасці праходзілі ў епархіяльнай бібліятэцы, установах адукацыі і культуры. Цэнтральнай жа падзеяй стала ўрачыстасць у дзіцячай школе мастацтваў з удзелам духавенства і прадстаўнікоў мясцовай улады, педагогаў, бібліятэкараў і проста аматараў кнігі, якіх сярод лідчан нямала

Выставачны праект пад назвай “Праваслаўная кніга – шлях да дабра і міру” разгарнуўся ў холе школы мастацтваў. У ім сышліся гісторыя і сучаснасць. Выстава ў сваім родзе ўнікальная, дзякуючы ўдзелу ў ёй рэдкіх і каштоўных старадрукаў. Даступныя шырокаму колу сталі кнігі пачатку 18 стагоддзя, сінадальнай эпохі, да 1917 года. У наведвальнікаў была магчымасць не толькі пабачыць рарытэты, але і дакрануцца да іх, пагартаць, адчуць дух таго часу. Увагі вартыя і выданні 19 стагоддзя – кнігі цікавыя не толькі па сваім унутраным напаўненні, але і па знешнім афармленні. Іх папера нават і сёння пахне ладанам і воскам. Усе прадстаўленыя старадрукі захоўваюцца ў сучасных лідскіх храмах. Некаторыя і па сённяшні дзень выкарыстоўваюцца падчас набажэнстваў.

З мінулага – у сучаснае: на суседняй паліцы была прадстаўлена сучасная праваслаўная літаратура. Гэта частка выставы стала свайго роду візіткай, дэманстрацыяй вопыту епархіяльнай бібліятэкі, якая разяшчаецца ў філіяле №4. Яе фонд налічвае больш за дзве тысячы экзэмпляраў, не лічачы электронных носьбітаў, часопісаў і календароў. У епархіяльнай бібліятэцы можна знайсці літаратуру духоўнай накіраванасці на любы густ і ўзрост.

Увагу прыцягвалі і стэнды фотавыставы, прымеркаванай да 1030-годдзя Праваслаўя на Беларусі. Арганізатары выставачных праектаў – Лідская епархія і цэнтральная раённая бібліятэка імя Я. Купалы.

У сучасным свеце нельга недаацаніць значнасць кнігі. І асабліва – духоўнай кнігі. Пагэтаму ўрачыстасці Дня праваслаўнай кнігі ўдзялілі значную ўвагу і прадстаўнікі кіраўніцтва горада: яе наведалі намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Уладыка, начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце і справах моладзі Ганна Кенць і начальнік аддзела культуры райвыканкама Наталля Леўшунова.

Вітаў прысутных епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый:

– Філосаф Ільін гаворыць: “Чалавек ёсць тое, што ён чытае”. Чытанне фарміруе наш светапогляд. Чытаючы кнігу, мы не толькі дакранаемся да тэксту, але і да душы аўтара. У Год міру і стварэння важна акцэнтаваць увагу на карысці глыбокага чытання. У нас яно ў асноўным кліпавае, павярхоўнае. Старэйшаму пакаленню варта даваць прыклад маладым, запальваць любоў да кнігі. Вельмі важнае сямейнае чытанне. Усім хачу пажадаць, каб гэтыя дні – Дні праваслаўнай кнігі – прайшлі з карысцю для нас і сталі нагодай узяць у рукі духоўную кнігу.

Нядаўна пабачыла свет кніга “Старац Мітрафан”. Яе прэзентаваў удзельнікам сустрэчы настаяцель храма ў гонар Прарока Іллі в. Сурынка протаіерэй Генадзь Логін. Схіархімандрыта Жыровіцкага Мітрафана называюць воінам Хрыстовым. Чым быў адметны яго жыццёвы, духоўны шлях? Чаму імкнуліся да яго тысячы, што атрымлівалі і чаму нават пасля смерці сцякаецца людская рака да магілкі старца ў Жыровіцкім манастыры? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні дае кніга, адзін з экзэмпляраў якой падораны Лідскай епархіі.

Духоўная літаратура дапаможа зазірнуць у глыб сябе, выклікаць разважанні над самым важным у жыцці, асэнсаваць, хто я і куды іду. Знайсці адказы на многія пытанні: напрыклад, як павінен адносіцца хрысціянін сам да сябе? Бо менавіта ад гэтых адносінаў залежаць і адносіны да Бога. Аб гэтым вёў размову выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі, кандыдат багаслоўя, протадыякан Генадзь Малееў. Як даведацца волю Божую аб сабе?.. Гэта пытанне хвалюе бадай кожнага з нас. “Кіравацца трыма правіламі: заўсёды радавацца, не пераставаючы маліцца і за ўсё дзякаваць Бога”, – параіў айцец Генадзь.

Дарэчы, падчас выступленняў часта гучалі словы аб тым, што Дзень праваслаўнай кнігі на Лідчыне – гэта свята. Да месцу была і канцэртная праграма, падрыхтаваная юнымі гаспадарамі ўстановы, выхаванцамі дзіцячай школы мастацтваў.