Не раз пераконвалася: шмат залежыць ад
адносін да паручанага ўчастка работы аднаго канкрэтнага чалавека, нават
калі ён займае пасаду зусім нязначную па рангу.
Чарговае
пацвярджэнне гэтаму атрымала, калі пазнаёмілася з прыбіральшчыцай
Мажэйкаўскага сельвыканкама Тэрэзай Ашмяна. Будынак, у якім
размяшчаецца сельвыканкам, – былы панскі палац, які быў пабудаваны ў
1880 годзе. Зараз ён уваходзіць у спіс гісторыка-культурнай спадчыны
Беларусі. Кідаецца ў вочы не толькі знешні выгляд будынка, але і
тэрыторыя паабапал. Асабліва вабіць кветкавы дыван, які раскінуўся па
баках ад уваходных дзвярэй. Не праміне погляд і ад ёмістасцей з
пятуннямі на падаконніках. Далей – болей. Усе памяшканні ўнутры таксама
аздоблены вазонамі з кветкамі. І гэта надае афіцыйнай установе свой
непаўторны каларыт, стварае для супрацоўнікаў і наведвальнікаў
утульнасць і цёплую атмасферу. Дарэчы, зараз гаспадары розных офісных
памяшканняў праводзяць у іх так званы еўрарамонт, які, на іх думку, не
гарманіруе з наяўнасцю вазонаў. У дадзеным жа выпадку кветкі вельмі да
месца. Тым больш, што прыбіральшчыца Тэрэза Ашмяна забяспечвае ўсёй
гэтай флоры належны догляд.
Тэрэза Аляксандраўна ўжо 14 гадоў працуе прыбіральшчыцай у Мажэйкаўскім
сельвыканкаме. Да гэтага яна шчыравала лабарантам хімбаканалізу на
мясцовым спіртзаводзе. Змяніла прафесію пасля таго, як на прадпрыемстве
адбыліся пэўныя змены, і паслугі яе як лабаранта на ім не спатрэбіліся.
Тым больш, што належнае выкананне і адказны падыход да работы, дзе б
не працаваў чалавек, дазваляе заслужыць пашану. Тэрэза Аляксандраўна ў
поўнай меры ўсвядоміла, які абавязак на яе ўскладзены: не толькі анучаю
пыл сціраць і швабрай вадзіць, а падтрымліваць, як добрая гаспадыня ў
доме, парадак у цэлым, імкнуцца, каб надаўжэй служыў праведзены рамонт,
каб любому чалавеку прыемна было зайсці ў памяшканне. Кветкі тут
адыгрываюць немалаважную ролю. Дзякуючы прыбіральшчыцы, знайшлося месца
амаль для пяцідзесяці вазонаў. Той, хто займаецца кветкаводствам, ведае,
колькі часу неабходна затраціць, каб забяспечыць належны догляд
раслінам. Іх трэба правільна і своечасова паліваць, апырскваць, сціраць
пыл, рыхліць паверхню глебы, рэгулярна падкармліваць. А як беражліва
трэба ставіцца да раслін пасля ўкаранення альбо перасадкі!
Тэрэза Аляксандраўна з поўнай адказнасцю выконвае ўвесь комплекс гэтых працэдур.
– Як папаўняеце свой “батанічны сад”? – пацікавілася я ў жанчыны.
– Нешта купляю, нечым мясцовыя жыхары дзеляцца. А з тым, каб расліна
прынялася, праблем няма. У мяне, каб не ўрачы, лёгкая рука. Па знаку
задыяка я Вадалей , – адказвае Тэрэза Аляксандраўна. Дабаўляе, што яна
не адзіная сярод сваёй радні, хто меў і мае жаданне ствараць прыгажосць
за кошт кветак. Бабуля Фаіна мела вазоны ў хаце, разводзіла кветкі на
ўчастку. Заўсёды выручала аднавяскоўцаў, калі ім патрэбен быў букет з
якой-небудзь нагоды. Прыхільнасць да кветак мае і сястра маці Тэрэзы
Аляксандраўны, Валянціна Уладзіміраўна, якая жыве ў Калінінградскай
вобласці. Калі прыязджае на малую радзіму на Лідчыну, абавязкова набывае
саджанцы ці насенне кветак, каб потым пасадзіць іх у сябе. Захапленне ж
Тэрэзы Аляксандраўны ідзе не толькі ёй на карысць, але і калектыву, у
якім працуе.
А яшчэ Тэрэза Ашмяна ахвотна займаецца грамадскай работай. Яна з’яўляецца старастай вёскі Дзмітраўцы.