Як вядома, у наступным годзе наш старажытны і адначасова малады горад
Ліда адзначыць свой 700-гадовы юбілей. У гэты знакавы для горада год
юбілярам стане і адна з лідскіх вуліц, якая, дарэчы, раней так і
называлася – Лідская. Цяпер гэта вуліца Валянціна Таўлая, і ў 2023 годзе
ёй споўніцца 60 гадоў. Праект, прымеркаваны адразу да двух юбілеяў –
горада і вуліцы, – запланаваў Дом паэта Валянціна Таўлая Лідскага
гісторыка-мастацкага музея.
Пра ўзнікненне Ліды наша газета пісала многа, і ў гэтым артыкуле
нагадаю пра з’яўленне вуліцы Таўлая ў нашым горадзе. 11 красавіка 1963
года ў вуліцу Таўлая была перайменавана вуліца Лідская. У той дзень
выканаўчы камітэт Лідскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных прыняў
рашэнне за нумарам 124: “Улічваючы шматлікія просьбы і пажаданні
грамадзян горада аб увекавечванні памяці таленавітага беларускага паэта і
мужнага рэвалюцыянера, які доўгі час жыў і працаваў у г. Лідзе,
вырашана перайменаваць вуліцу Лідскую ў вуліцу В. Таўлая”.
Дарэчы, гэтая вуліца не адзіная ў Беларусі, якая носіць імя
заходнебеларускага паэта. У гонар Валянціна Таўлая таксама названы
вуліцы ў гарадах Баранавічы, Гродна, Маладзечна, Слонім, у вёсках Ганькі
і Жыровічы Слонімскага раёна.
Наогул, у Лідзе нямала вуліц, названых у гонар вядомых пісьменнікаў, –
па падліках старшага навуковага супрацоўніка Лідскага
гісторыка-мастацкага музея Валерыя Сліўкіна, больш за трыццаць. Усе яны
заслугоўваюць таго, каб быць згаданымі ў юбілейны для нашага горада год.
З мэтай адзначыць юбілей вуліцы Валянціна Таўлая супрацоўнікі
Дома-музея, у будынку якога жыў паэт, вырашылі сабраць матэрыялы для
фотавыставы “Лідскімі сцежкамі: вуліцы ў імёнах пісьменнікаў”. Гэта
значыць, вуліца Таўлая збярэ іншыя “пісьменніцкія” вуліцы, так сказаць,
пад адным дахам – у Доме паэта. На выставе можна будзе ўбачыць
зафіксаваныя з дапамогай фотакамеры моманты з жыцця той ці іншай вуліцы.
Пажадана, каб яны былі прадстаўлены ў розныя поры года: летам, восенню,
зімой, вясной.
– Праект быў задуманы даўно, – расказвае яго куратар, навуковы
супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун, – але
супрацоўнікам Дома Таўлая трэба было займацца іншымі пытаннямі, і да
рэалізацыі праекта мы прыступілі толькі з 1 верасня гэтага года. Так што
зрабіць фотаздымкі “пісьменніцкіх” вуліц каляндарным летам ужо не
атрымаецца. Як ужо адзначалася, вуліца Таўлая, якая ў наступным годзе
будзе святкаваць свой юбілей, у ходзе рэалізацыі праекта нібы аб’яднае
вакол сябе іншыя вуліцы Ліды, якія носяць імёны пісьменнікаў. Гэтую
вуліцу я першай абышоў са смартфонам, як толькі выйшаў з водпуску. Хаця
фатаграфаваў я яе і раней – яшчэ калі рыхтавалася да выхаду кніга нашага
музейнага супрацоўніка Анастасіі Каладзяжнай “Этапы жыццёвых дарог” (да
100-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая). З пачатку верасня мы з
музейным фатографам Гражынай Лянцэвіч хадзілі па “пісьменніцкіх”
вуліцах, здымалі іх: я – на смартфон, яна – на фотаапарат. Некаторыя
вуліцы знаходзілі з дапамогай навігатара або карты. Абыходзілі
чатыры-пяць вуліц за дзень. Скажу, што справа гэта нялёгкая: трэба
ўбачыць адметнасці вуліцы, знайсці незвычайны аб’ект і, што важна,
зафіксаваць яго ў тым ракурсе, які ўпрыгожыць фота. Гэта ж дзясяткі
кіламетраў, якія мы накруцілі праз горад! Ёсць вуліцы кароткія, як,
напрыклад, Янкі Купалы і Лермантава, ёсць доўгія – напрыклад, Максіма
Горкага і Чарнышэўскага. Будзем лічыць, што сфатаграфавалі мы
“пісьменніцкія” вуліцы яшчэ ў летнюю пару. Нашы “фотапаходы”, магчыма,
паўторым восенню (ужо калі лісце на дрэвах пажаўцее), зімой, вясной.
Са старонак “Лідскай газеты” звяртаюся да жыхароў горада Ліды, –
працягвае Алесь. – Дарагія лідчане, мы, супрацоўнікі Дома паэта
Валянціна Таўлая, хочам сумесна з вамі ажыццявіць задуманае. Калі вы
пражываеце на “пісьменніцкай” вуліцы або яна знаходзіцца недалёка ад
вашага дома, дашліце ў Дом Таўлая зробленыя вамі яе фотаздымкі: як яна
зіхаціць пад промнямі яшчэ летняга сонца, як купаецца ў залацістай
лістоце, як патанае пад снежнай коўдрай або абмываецца вясновымі
ручаямі. А магчыма, у вашых сямейных альбомах ёсць фотаздымкі вуліц у
ранейшыя гады, і якія захоўваюць гістарычную памяць? Таксама будзем рады
іх атрымаць. Дасылаць фотаматэрыялы можна да красавіка 2023 года на
электронную пошту Лідскага гісторыка-мастацкага музея (
mus@lixmuseum.by), Дома Валянціна Таўлая (
lixmtavlaj@mail.ru)
або ў сацыяльныя сеткі “Вконтакте”, “Одноклассники”, “Фейсбук” з
паметкай “На конкурс “Лідскімі сцежкамі: вуліцы ў імёнах пісьменнікаў”
(абавязкова пазначыць назву сфатаграфаванай вуліцы і аўтара фотаздымка).
Найлепшыя фотаздымкі будуць змешчаны на фотавыставе ў Доме Таўлая, іх
змогуць убачыць наведвальнікі экспазіцыі. Магчыма, будуць вызначаны
пераможцы конкурсу, якія атрымаюць прызы.
Але да выстаўкі яшчэ далёка. Пакуль што супрацоўнікі Дома Таўлая
заклікаюць лідчан: фатаграфуйце, дасылайце свае здымкі, зрабіце свой
уклад у святкаванне юбілею горада і вуліцы Таўлая, ва ўшанаванне памяці
пісьменнікаў, чые імёны носяць вуліцы Ліды!