Галоўная / Навiны раёна
02.10.2025

«Ліда» выйграла сёмы матч запар і перапыніла пераможную серыю «Юнацтва»

Хакеісты «Ліды» працягнулі пераможную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай Экстралігі сезона-2025/26, паведамляе БелТА.

У паядынку сёмага тура «Рыцары» прымалі сталічнае «Юнацтва» — абедзве каманды стартавалі ў сезоне з шасці вікторый запар. Пасля паўгадзіны гульнявога часу вочнага матчу мінчане вялі з лікам 2:0, але да сыходу на другі перапынак гаспадары зраўнялі лічбы. У заключнай трэці хакеісты «Ліды» таксама адправілі ў чужыя вароты дзве шайбы, дзеючыя чэмпіёны адказалі толькі адной. Вынік гульні — 4:3, аўтарам пераможнага гола ў лідчан стаў Аляксандр Макарэвіч, па два ачкі набралі Мікіта Рэмезаў і Максім Кунішнікаў. «Рыцары» сталі аднаасобнымі лідарамі Экстралігі.

Паралельна ў Гомелі мясцовы клуб перапыніў серыю з чатырох паражэнняў — «Рысі» былі мацнейшыя за «Нёман» з лікам 3:2. Вырашальную шайбу за 70 секунд да канца трэцяга перыяду ў большасці закінуў Айрат Мурзін. У яшчэ адным паядынку дня «Віцебск» дома зламаў супраціўленне «Брэста» (2:1), перамогу паўночнікам за пяць хвілін да фінальнай сірэны прынёс Вячаслаў Іпатаў. Брэстаўчане, што замыкаюць турнірную табліцу, пацярпелі чацвёртую няўдачу запар.