На палях Міжнароднай гандлёвай выстаўкі для сельскай гаспадаркі,
харчавання і рыбалоўства Oman Agrofood 2024, якая праходзіць у сталіцы
султаната Маскаце, Лідскі малочна-кансервавы камбінат падпісаў
пагадненне на пастаўку ў 2025 годзе сухіх малочных прадуктаў у Аман і
дзяржавы, якія суседнічаюць з ім, на арыенціровачную суму $10 млн,
расказалі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і
харчавання.Як адзначылі ў прэс-службе ведамства, на сённяшні
дзень у экспартным партфелі Лідскага малочна-кансервавага камбіната і
яго філіялаў гэты рынак займае істотную долю, а праведзеная сустрэча
адыграе вялікую ролю ў пашырэнні экспартных паставак на рынкі Амана і
краін рэгіёна.
Вядучыя прадпрыемствы айчыннай малочнай галіны
прымаюць удзел у VI Міжнароднай гандлёвай выстаўцы Oman Agrofood 2024,
якая праходзіць з 2 па 4 снежня пры падтрымцы Міністэрства сельскай
гаспадаркі, рыбалоўства і водных рэсурсаў султаната Аман.
Штогадовае
мерапрыемства збірае вытворцаў і перапрацоўшчыкаў прадукцыі
аграпрамысловага комплексу, экспарцёраў і імпарцёраў, дзяржаўныя
структуры і грамадскія арганізацыі. У 2023 годзе ў выстаўцы прынялі
ўдзел 100 экспанентаў з 15 краін, экспазіцыю наведалі 6760 прадстаўнікоў
29 дзяржаў.
Асноўныя тэматычныя напрамкі выстаўкі:
жывёлагадоўля, раслінаводства, рыбалоўства, сельскагаспадарчыя
тэхналогіі, харчаванне, упакоўка.
"Выстаўка ўяўляе сабой выдатную
магчымасць для беларускіх кампаній прэзентаваць экспартны патэнцыял
сваёй прадукцыі, пазнаёміцца з найноўшымі дасягненнямі і тэхнічнымі
рашэннямі ў галіне сельскай гаспадаркі, рыбалоўства і харчовай
прамысловасці, - лічаць у Нацыянальным цэнтры маркетынгу. - Oman
AgroFood 2024 - гэта яшчэ і эфектыўная пляцоўка для ўстанаўлення
дзелавых кантактаў, вызначэння перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва,
абмену вопытам і заключэння знешнегандлёвых здзелак".
БЕЛТА