Уручаючы Мар’яну Роўбе Ганаровую грамату Лідскага райвыканкама з нагоды юбілейнай даты, Аляксандр Вярсоцкі адзначыў, што да гэтага яму, як кіраўніку раёна, даводзілася такім чынам ушаноўваць працаўнікоў-ардэнаносцаў сельскагаспадарчай галіны, а зараз гэта прадстаўнік выканаўчай улады. У 1982 годзе Мар’ян Іосіфавіч за сваю бездакорную, самаадданую працу на карысць дзяржавы быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.
– Для нас гэта добры прыклад для пераймання, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.
Старшыня Лідскага раённага Савета дэпутаў Інэса Белуш, далучаючыся да сказанага, у прыватнасці адзначыла, што Мар’ян Іосіфавіч заўсёды вельмі адказна і правільна падыходзіў да справы, на якой бы пасадзе не працаваў. Старшыня Дзітвянскага сельвыканкама Іна Мяшкевіч згадала, што Мар’ян Іосіфавіч многа зрабіў для развіцця сельсавета. А яго мудрыя парады не толькі як былога кіраўніка мясцовай улады, але і як жыхара аграгарадка Дзітва вельмі мудрыя, абгрунтаваныя, дапамагаюць ёй у рабоце.
Удзячнасць за ацэнку яго працы выказаў і сам віноўнік урачыстасці.
– Мне здаецца, быццам я толькі нядаўна пакінуў сцены гэтага будынка і пайшоў у адстаўку, – шчыра прызнаўся Мар’ян Роўба. – Але ўсё, як кажуць, і перыяд часу ў тым ліку, пазнаецца ў параўнанні. Дзеці, якія нарадзіліся ў 2007 годзе, ужо могуць знаходзіцца на першым курсе навучальных устаноў.
Сапраўды, дзе б я ні працаваў, поўнасцю аддаваўся рабоце, імкнуўся паказаць сябе са станоўчага боку. Працуючы ў маладосці настаўнікам Воранаўскай школы стаў пераможцам лёгкаатлетычнага кросу на прызы раённай газеты. Калі служыў у арміі, за тры гады атрымаў амаль шэсць дзясяткаў заахвочванняў. Мая партыйная, дзяржаўная работа адзначана ордэнам Дружбы народаў. Я выбіраўся членам райкама партыі, дэпутатам раённага Савета, заносіўся на Дошку гонару.
Я ўдзячны, што маё станаўленне як работніка партыйных і дзяржаўных органаў прайшло пад кіраўніцтвам першага сакратара райкама партыі Сцяпана Аляксандравіча Грывачэўскага і старшыні райвыканкама Івана Рыгоравіча Бурлыкі.
Амаль два дзесяцігоддзі мінула, як Мар’ян Іосіфавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Займаецца хатнімі справамі, умацоўвае здароўе. Шчаслівы і ў сямейным жыцці: ён добры муж, бацька дваіх дзяцей, дзядуля пяцёра ўнукаў. Але і сёння Мар’ян Іосіфавіч па-ранейшаму хвалюецца за ўсе старонкі жыцця нашага раёна. Ён знаходзіцца ў курсе падзей, радуецца вынікам работы сферы адукацыі, культуры, сельскай гаспадаркі і прамысловасці.
– Мне хочацца, каб Лідскі раён быў у ліку лепшых ва ўсіх галінах, – падкрэсліў юбіляр.
Мар’ян Іосіфавіч выказаўся таксама, што ганарыцца тым, што па заслугах ацэнены дзелавыя якасці спецыялістаў райвыканкама, з якімі яму некалі давялося працаваць. Зараз яны падняліся па кар’ернай лесвіцы, сталі кіраўнікамі ўпраўленняў і аддзелаў. А вельмі шчырая атмасфера мерапрыемства, цёплыя адносіны да юбіляра з боку прысутных не дала сумнення таму, што былога калегу па-ранейшаму паважаюць у калектыве і цэняць усё тое, што ім зроблена за гады работы.
Прэс-служба Лідскага райвыканкама, "Лідская газета"