«Я вельмі люблю настольны тэніс. Пачала ім займацца яшчэ ў дзяцінстве, у дзіцячым садку я з цікавасцю назірала за гульнёй. Для тэніса нічога звышсакрэтнага не трэба: толькі ракетка і мячык. І ўжо можна гуляць», — падзялілася выхаванка спецыяльнай школы-інтэрната г. Ваўкавыска Ксенія Янкоўская. «Мы ўзмоцнена трэніраваліся перад турнірам, таму настроены на перамогу!» — сказала яна.
Зусім нядаўна стаў захапляцца тэнісам 12-гадовы Кірыл Марозаўскі з Бараўлянскай СШ. «Другі год я займаюся настольным тэнісам. Раней захапляўся футболам, але гэта траўманебяспечны від спорту, таму вырашыў перайсці на тэніс. Тым больш што ён трэніруе добрую рэакцыю. Яшчэ піянербол люблю», — адзначыў хлопчык.
Трэнер дзяцей з Бараўлян Анатоль Ісачанка расказаў, што асноўны від спорту, які ў іх культывуецца, гэта футбол. «У нас ёсць сваё футбольнае поле. Мы актыўна ўдзельнічаем у мерапрыемствах Федэрацыі футбола, матчы таварыскія арганізоўваем. Таксама тэнісам настольным займаемся. Мы ўдзельнічаем у спартакіядзе „Спешыял Алімпікс“ ва ўсіх відах спорту. Стараемся трэніравацца, каб паказаць добры вынік. Напрыклад, на спаборніцтвах у Баранавічах па футболе нашы дзяўчаты занялі другое месца, на другую прыступку п’едэстала нашы спартсмены падняліся ў спаборніцтвах па баскетболе», — сказаў Анатоль Ісачанка.
«Нам вельмі прыемна, што такія турніры па настольным тэнісе сталі часткай штогадовага спартыўнага плана „Спешыял Алімпікс“. Тыя юнакі і дзяўчаты, якія сёння прыехалі сюды, прымалі ўдзел не толькі ў мясцовых спаборніцтвах, тут ёсць каманда, якая ўдзельнічала ў міжнародных спаборніцтвах, якія праходзілі ў Казані ў пачатку гэтага года. Мы вельмі ганарымся гэтым», — сказала выканаўчы дырэктар ГА «Беларускі камітэт» Ларыса Таболіна.
Яна дадала: «Вельмі важна, што гэтыя спаборніцтвы праходзяць у рамках сумеснага плана мерапрыемстваў з Прэзідэнцкім спартыўным клубам і пры вялікай падтрымцы Лідскага райвыканкама».
Дырэктар па развіцці ГА «Беларускі камітэт «Спешыял Алімпікс» Вольга Тамукевіч адзначыла: «Важна не толькі тое, што прыехалі спартсмены пагуляць, але таксама тое, што прыйшлі валанцёры, выступілі юнакі і дзяўчаты з мастацкім нумарам. Добрыя справы і валанцёрства, інклюзіўныя падыходы ніколі не будзе лішнім прарэкламаваць». Яна таксама дадала, што ў хуткім часе ў Лідзе пройдзе навучанне для валанцёраў перад маштабнымі міжнароднымі стартамі.
Так, з 15 па 19 мая ў Лідзе пройдзе міжнародны турнір па футболе пад эгідай «Спешыял Алімпікс». У ім прымуць удзел беларускія і расійскія каманды з шасці рэгіёнаў РФ (Арэнбургскай, Іркуцкай, Свярдлоўскай абласцей, Татарстана, Масквы і Санкт-Пецярбурга).
Белта