Галоўная / Навiны раёна
18.02.2025

Старшыня Лідскага райвыканкама павіншаваў начальніка аддзела культуры Лідскага райвыканкама з атрыманай узнагародай

На гэтым тыдні ў Гродне прайшла выніковая калегія ўпраўлення культуры аблвыканкама. Высокай ацэнкі ўдастоены наш рэгіён. Работнікі культуры Лідскага раёна летась арганізавалі сотні розных мерапрыемстваў і прынялі ўдзел у дзясятках рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Усё гэта дазволіла аддзелу культуры Лідскага райвыканкама стаць пераможцам штогадовага абласнога конкурсу горада Гродна і раёнаў Гродзенскай вобласці за дасягненне высокіх паказчыкаў у сферы культуры ў 2024 годзе.

Старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі павіншаваў начальніка аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталлю Леўшунову з ганаровай узнагародай і сказаў:

– Мне вельмі прыемна гаварыць пра тое, што культура Лідчыны з’яўляецца самым вялікім, шматгранным брыльянтам у культуры Гродзенскай вобласці. Я пра гэта казаў і тады, калі працаваў начальнікам упраўлення культуры аблвыканкама. А цяпер удвая прыемна гаварыць пра гэта, з'яўляючыся старшынёй Лідскага раённага выканаўчага камітэта. Час ідзе, а майстэрства работнікаў культуры Лідчыны толькі павялічваецца, і гэта вельмі прыемна. Культура і жыллёва-камунальная гаспадарка – гэта дзве сферы, якія з’яўляюцца тварам раёна. Іх праца заўсёды на перадавой, і яна бачна. Прыемна, што майстэрства работнікаў культуры дазваляе трымаць ім высокую планку.

У сваю чаргу Наталля Леўшунова падзякавала за добрыя словы і адзначыла:

– Гэта агульная вялікая ўзнагарода нашай культурнай сям'і. Ва ўсіх установах культуры працуюць творчыя калектывы на чале з моцным кіраўніцтвам. Прыемна, што ўзровень нашых мерапрыемстваў быў ацэнены па заслугах. Заўсёды складана трымаць такую марку. Работнікі культуры кожны год імкнуцца зрабіць нешта новае. Хацелася б падзякаваць ініцыятыўным людзям за іх старанні і ідэі. Таксама выказваю словы ўдзячнасці мясцовым уладам, бо без іх падтрымкі мы ніколі б не справіліся і не дасягнулі такіх высокіх вынікаў.