Галоўная / Навiны раёна
14.01.2022

Творчая сустрэча “И книга дарит вдохновение”

Сустрэча з паэзіяй – гэта заўсёды свята. А калі паэт, аўтар выдатных радкоў пра твой родны горад, аб малой радзіме знаходзіцца побач, сам чытае свае творы – гэта сапраўдная падзея. Такая творчая сустрэча “И книга дарит вдохновение” з земляком Русецкім Іванам Станіслававічам адбылася ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 4” 12 студзеня.

Іван Станіслававіч – займальны апавядальнік і выдатны суразмоўца, таму мерапрыемства прайшло ў дзіўнай цёплай абстаноўцы.

Навучэнцы 11 класа ДУА “СШ № 11 г. Ліды” пазнаёміліся з вершамі паэта: добрымі, прасякнутымі надзеяй і любоўю да малой Радзімы, маці, жанчыны, прыроды.

Перапоўнены эмоцыямі аўтар чытаў свае творы аб роднай зямлі, аб подзвігу людзей у гады вайны, пра каханне і прыродзе. Прагучалі вершы: “Слова ўпала”, “Скрыпка”, “Восеньскі сад”, “Ілюзія кахання”, акравершы, санеты.

У вершах Івана Станіслававіча гучала сапраўдная любоў да роднай зямлі, і сваімі пачуццямі аўтар падзяліўся з юнакамі. З вялікай цікавасцю яны слухалі вершы на розных мовах: французскай, нямецкай, польскай, англійскай і, вядома, на роднай, беларускай.

Удзельнікі мерапрыемства задавалі мноства пытанняў. Іх цікавіла, як часта нараджаюцца вершы, як гэта адбываецца, хто любімы паэт.

Слухачы падзякавалі паэту за цікавую сустрэчу, пажадалі вялікіх творчых поспехаў і новых цікавых вершаў.

Загадчык філіяла

“Лідская гарадская бібліятэка № 4” Л.М. Цэслік