Галоўная / Навiны раёна
04.06.2025

У Дзітве адбыўся абласны фестываль-свята побытавых танцаў

Як даўно вы, паважаныя чытачы, танцавалі польку або проста вадзілі карагод? А ці зможаце адрозніць “Лявоніху” ад “Падэспаньчыка” ці “Кракавяк” ад “Лысага”? А вось удзельнікі абласнога фестывалю-свята побытавых танцаў, які адбыўся ў мінулую суботу на базе Дзітвянскага Дома культуры, даказалі: танцаваць па-даўнейшаму яны ўмеюць заліхвацкі. 50 танцавальных пар з розных куткоў вобласці прадэманстравалі не толькі высокі ўзровень падрыхтоўкі, але і дасканалыя веды аўтэнтычнага танцавальнага фальклору. Карэспандэнт “Лідскай газеты” таксама паспрабавала кінуцца ў пляс. Што з гэтага атрымалася, чытайце ніжэй.

У былыя гады на Гродзеншчыне, дарэчы, як і па ўсёй Беларусі, была распаўсюджана традыцыя ладзіць адпачынак сумесна. І часцей за ўсё гэта былі вячоркі. Напрыклад, зімой хлопцы і дзяўчаты збіраліся на так званыя “кудзельніцы і музыкі”, дзе яны не толькі бавілі час за рукадзеллем, але і весяліліся. Гаварылі: "Добра папрацавалі, а зараз трэба і добра адпачыць!” Запрасіўшы гарманіста, людзі станавіліся ў пары і выпісвалі мудрагелістыя фігуры полькі "Паскакухі” або “Карэлафінскай”, “Кадрылі”, “Дзеўкі ў сенцах”, "Каханачкі”… Прайшоў час, і побытавыя танцы сталі візітнай карткай абрадавых і брэндавых мерапрыемстваў у нашым краі.  – Фестываль-свята “Танцуем па-даўнейшаму” – гэта ўнікальны праект, які накіраваны на адраджэнне і захаванне народнага танца, традыцыямі якога славіцца Гродзеншчына. Прыемна, што мясцовая моладзь з ахвотай пераймае вопыт і майстэрства ад носьбітаў беларускіх побытавых танцаў. Ёсць упэўненасць, што наш культурны код будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне, – кажа намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч, якая падчас фестывалю была ў складзе журы. Як Лявон Лявонавіч пад “Лявоніху” скакаўУдзельнікі свята не толькі танцавалі па-даўнейшаму, але і выглядалі таксама адпаведна:  тканыя спаднічкі, вышытыя сукенкі і фартушкі, чырвоныя стужкі, белыя хусцінкі і саламяныя капелюшы. Асабліва ўражвала натуральнасць іх паводзін, а таксама стрыманасць і ўнутраная культура, якая фарміруецца ў крапатлівай і ашчаднай рабоце па авалоданню мясцовымі традыцыямі. Напрыклад, Лявон Цешко скакаў “Лявоніху” так, быццам яму не 70 год, а ўсяго 20. Усё жыццё ён працаваў ветэрынарам, а пасля адыходу на пенсію прысвяціў  сябе таму, да чаго ляжыць душа – беларускай народнай творчасці. Лявон Лявонавіч з’яўляецца салістам хора ветэранаў «Майскія зоры» Палаца культуры горада Ліды, але і танцуе, як паказвае фестываль, таксама выдатна. Кажа, калісьці ў маладосці танчыў пад польку “Бабачку” на вясковых вячорках і нават не меркаваў, што праз паўстагоддзе будзе даваць майстар-клас падрастаючаму пакаленню.

– Даўнейшыя танцы такія прыгожыя, дынамічныя, вясёлыя, завадныя – так і хочацца забыцца пра паўсядзённыя справы і закружыцца пад знаёмыя народныя мелодыі. Хутчэй за ўсё, заўтра ад танцаў мне будуць балець ногі, але сёння я адчуў небывалы эмацыянальны ўздым. Дзякуй арганізатарам мерапрыемства за такое свята! – кажа Лявон. Танцуюць усе!– Як вам удаецца так прыгожа трымацца на сцэне? – пытаюся ў адной з прыгажунь, якая яшчэ пару хвілін назад адбівала такт на паркеце. – Што гэта за танец і ці атрымаецца ён у мяне? –  Асвоіць беларускі танец можа любы жадаючы. Галоўнае – навучыцца правільна трымаць рукі, спіну, не блытацца ў кроках пад час энергічных скокаў. Але галоўнае –  трэба падстроіцца пад эмацыянальны настрой танца. Напрыклад, адметная асаблівасць “Каханачкі” – жыццярадаснасць. Гэта трэба перадаць праз  рухі цела, – раіць  удзельніца свята.

Я паўтарыла некалькі мудрагелістых “па”, але станцаваць так, каб пыл ляцеў з-пад абцасаў, у мяне не атрымалася. Хоць і здаецца, што нашы танцы не вельмі цяжкія для вывучэння, але калі адна нага ідзе ўлева, а другая глядзіць управа – гэта ўжо не мастацкае выкананне танца, а нейкая сумяціца. Таму не стала весяліць людзей і больш увагі звярнула на саміх удзельнікаў. “Нарэчаньку”, “Мальвіну”, “Лявоніху”, “Кракавяк”, “Падэспань”, “Лысага” (цяжка весці пералік!) выдатна танцавалі ўсе – ад малога да вялікага. Што цікава, самаму старэйшаму выканаўцу кадрыляў аказалася восемдзесят шэсць гадоў, а самаму маладзейшаму – усяго сем. Напрыклад, Аляксандр Філіповіч і Аляксандра Чаркес  прыехалі да нас з Іўеўшчыны. Нягледзячы на свой узрост (дзяўчынцы 7 гадоў, а хлопчыку – 8),  гэта танцавальная пара ўжо другі раз прымае ўдзел у фестывалі “Танцуем па-даўнейшаму”. Дзеці прызналіся: сярод побытавых танцаў ёсць любімчыкі, а ёсць і тыя, што патрабуюць асаблівай канцэнтрацыі:  – “Яблычак” – гэта, бадай, самы лёгкі танец. Там няма суперцяжкіх рухаў. А вось падчас “Лявоніхі” мы заўжды хвалюемся, бо там рукі трэба трымаць “васьмёркай”, – дзеляцца са мной юныя выканаўцы.  На працягу ўсяго свята працавала выстава-кірмаш вырабаў народнай творчасці Гродзенскай вобласці. Майстры з Воранаўскага, Лідскага, Карэліцкага, Гродзенскага, Ашмянскага і Іўеўскага раёнаў прывезлі ў Дзітву мнагаквецце вырабаў з дрэва і саломы, гліны і шкла, нітак і тканіны, ткацтва і выцінанкі.  *** Танцоры з Лідскага раёна выступалі так прыгожа і адметна, аддаючы часцінку сваёй душы, – таму і вынікі атрымаліся выдатныя:  дзве лідскія пары сталі пераможцамі конкурсу  і адна – лаўрэатам. Наталля Шчалканогава і Аляксей Дзямко атрымалі дыплом 1-й ступені ва ўзроставай катэгорыі 18-50 год, Бычкоўская Аліса і Кудош Давід – дыплом 1-й ступені ва ўзроставай катэгорыі 7-10 год. Тых, каму за 50, прадстаўлялі ад нашага раёна Ада і Аркадзь Кім, якія занялі трэцяе месца. А працаўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” атрымалі дыплом у намінацыі “Лепшая этнаграфічна-рамесніцкая кампазіцыя”.  

Напрыканцы фестывалю-свята кожны прысутны мог далучыцца да агульнай справы, дзякуючы флэшмобу “Танцуем разам!”. Удзельнікі мерапрыемства са сваіх ручнікоў выклалі адзін вялікі “Ручнік творчасці”. А пасля мясцовыя танцоры ізноў кінуліся ў скокі. Як быццам і не стаміліся зусім, а наадварот, напоўніліся нейкай цудоўнай энергіяй самабытнага беларускага мастацтва.