Галоўная / Навiны раёна
17.11.2025

Жыхары вёскі Нецеч Лідскага раёна атрымалі даўгачаканае — на аўтобусным прыпынку ўсталявалі новы павільён. Цяпер чакаць транспарт стала камфортней

 Людзі цэняць зробленае

– Удзячны за тое, што да пажадання людзей прыслухаліся і на аўтобусным прыпынку ўстанавілі павільён. Пад навесам, асабліва ў непагадзь, чакаць аўтобус зручней. У наш нецечскі касцёл прыязджаюць вяскоўцы з усёй акругі, так што недахопу ў пасажырах няма, – дзяліўся сваімі ўражаннямі з журналістам “Лідскай газеты” і старшынёй Тарноўскага сельвыканкама Валянцінам Астраўцом жыхар вёскі Нецеч Казімір Масла.

Казімір Браніслававіч – карэнны жыхар Нецечы. Усе свае 88 гадоў ён пражыў тут. Тут стварыў сям’ю (дарэчы, з жонкай Марыяй Станіславаўнай шчаслівы ў шлюбе больш за 60 гадоў). Працу для сябе таксама не шукаў далёка, а шчыраваў у мясцовай гаспадарцы слесарам. Безумоўна, старажыл нераўнадушны да ўсяго таго, што робіцца на карысць роднай вёскі. З задавальненнем адзначае: нядаўна адноўлена асфальтавае пакрыццё дарогі ажно да трасы М11 (а гэта дзесьці сем кіламетраў), падчас якога і быў абсталяваны павільён. 

Не менш задаволены Казімір Браніслававіч, калі не толькі дзяржава, але і самі вяскоўцы ўносяць уклад у добраўпарадкаванне свайго населенага пункта.

– Вунь, бачыце каля аўтобуснага прыпынку калодзеж, – казаў субяседнік. – Выкапаў яго яшчэ да вайны Адам Масла. Яго нашчадак не закінуў дзедаў калодзеж, абабіў нержавейкай, і зараз любы чалавек можа напіцца сцюдзёнай вады.
Аб тым, што праведзены капітальны рамонт дарогі, якая пралягае праз іх населены пункт, гаварыла падчас размовы і 85-гадовая жыхарка вёскі Цацкі Ірына Іосіфаўна Раманцэвіч. Выкананне работ дарожнай арганізацыяй дапамагло вырашыць хвалюючае для яе пытанне: зрэзана векавая таполя, што расла на вуліцы насупраць хаты. Тое, што на ўчастак падалі сухія галіны і трусілася лісце, было паўбяды. Гаспадыня хвалявалася, каб у непагадзь старое дрэва не падкасіў вецер, і яно не рухнула на хату.

– Зараз ад таполі засталіся толькі галіны і частка калодак. Не ведаеце, калі дарожнікі плануюць іх прыбраць? – спытала старая жанчына ў старшыні Тарноўскага сельвыканкама Валянціна Астраўца.

Валянцін Сцяпанавіч растлумачыў, што да снежня бягучага года ДРБУ-157, якое праводзіць капітальны рамонт дарогі (у тым ліку вуліц вёсак Цацкі і Нецеч), прыбярэ зрэзаныя дрэвы і галіны. Такі тэрмін вызначаны ў плане мерапрыемстваў па выкананню даручэнняў старшыні Лідскага раённага выканаўчага камітэта па выніках правядзення ў кастрычніку Дня Тарноўскага сельсавета.

Даручэнні дадзены. Ідзе іх выкананне

Да месца будзе сказаць, што традыцыя праводзіць у Лідскім раёне дні сельсаветаў, дае вельмі станоўчыя вынікі ў плане забеспячэння санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва і падтрымання ў чысціні і парадку тэрыторый населеных пунктаў, арганізацый усіх форм уласнасці, аўтамабільных дарог і іншага. Пэўнае добраўпарадкаванне праводзіцца ўжо падчас падрыхтоўкі да Дня сельсавета, іншыя даручэнні закладваюцца ў план мерапрыемстваў. План складаецца на аснове маніторынгаў тэрыторыі. У ім указваецца тэрмін ухілення недахопаў і адпаведныя выканаўцы. Гэта значыць, што парадак на тэрыторыі сельсавета наводзіцца мэтанакіравана і агульнымі намаганнямі.

Валянцін Астравец адзначыў журналісту, што тэрмін выканання некаторых даручэнняў, дадзеных пасля правядзення Дня Тарноўскага сельсавета (тых, што патрабуюць больш маштабных затрат), датаваны 2026 годам і нават першай паловай 2027 года. Але ўсё ж выкананне значнай часткі запланавана на бягучы год. Недахопы, якія павінны былі ліквідаваць у кастрычніку, ужо выпраўлены. Вось, напрыклад, ад ЛРСУП “Мажэйкава” патрабавалася правесці пакос травы і пустазелля на тэрыторыі жывёлагадоўчай фермы “Тарнова” і на землях агульнага карыстання за агароджай фермы; убраць драўляна-хмызняковую расліннасць з дахаў некалькіх неэксплуатуемых будынкаў. Парадак наведзены. Нараканняў цяпер не выклікае тэрыторыя мехмайстэрняў, якія размяшчаюцца непадалёку. Дарэчы, дагледжанай выглядае і вуліца імя Новікава, па якой пралягае шлях да сельгаспадарчых збудаванняў. Як расказаў Валянцін Сцяпанавіч, жыхары вуліцы ахвотна падтрымалі просьбу сельвыканкама памыць і пачысціць бетонную агароджу сваіх участкаў. І такі ўдзел вяскоўцаў у агульнай справе не можа не радаваць.

Выканаў запланаваныя на кастрычнік мерапрыемствы па навядзенню парадку і філіял “Дзітва”. У прыватнасці, на стаянцы для часовага захавання і рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, што ў аграгарадку Далекія. Наведзены парадак ў вытворчых і дапаможных памяшканнях МТК “Чаплічы”. Часткова праведзены пакос травы як на тэрыторыі гэтага малочна-таварнага комплексу, так і фермы “Палубнікі”. 
 
У сельгаспрадпрыемстве абяцаюць, што астатняя частка тэрыторыі будзе абкошана з наступленнем спрыяльных умоў надвор’я. Ва ўсякім разе так павінна быць. Санітарны парадак на аб’ектах не менш важны, чым вытворчыя паказчыкі, і падтрымліваць яго неабходна пастаянна, без напамінаў, не толькі выконваючы даручэнне зверху ці ўдзельнічаючы ў адпаведным дэкадніку, які праводзіцца ў раёне. 

Вырашае пастаўленыя задачы па навядзенню парадку на зямлі і Тарноўскі сельвыканкам. У плане мерапрыемстваў па выкананню даручэння старшыні райвыканкама па выніках Дня сельсавета запісана, што мясцовай уладзе трэба паклапаціцца ад тым, каб за год (да снежня 2026 года) былі прыведзены ў належны санітарны стан кантэйнерныя пляцоўкі ў аграгарадках Тарнова і Далекія і ў шэрагу вёсак сельсавета. Як расказаў журналісту старшыня сельвыканкама Валянцін Астравец, на падведамнай тэрыторыі ўстаноўлены 141 кантэйнер для бытавых адходаў (27 з іх для раздзельнага збору), маецца 91 кантэйнерная пляцоўка. У ідэале ўсе пляцоўкі павінны мець цвёрдае, воданепранікальнае пакрыццё, а такім абсталявана толькі трэць ад наяўных. Адпаведная работа ў гэтым напрамку ідзе. Пакуль жа кантэйнеры часова ўстанаўліваюцца на драўляныя паддоны.

Хаця работнікі сельвыканкама і вядуць пастаянны кантроль за тым, каб прысядзібныя ўчасткі грамадзян мелі належны стан, тым не менш, у плане мерапрыемстваў па выканнанню даручэнняў старшыні райвыканкама па выніках правядзення Дня сельсавета ўказаны канкрэтны адрас, які патрабуе ўзмацнення ўвагі: пустуючы ўчастак насупраць дома №43 у вёсцы Цыбары. Пастаўлена патрабаванне абкасіць яго тэрыторыю. Пакос 10 метраў ад дарогі быў праведзены дзякуючы сельвыканкаму. А вось навядзенне парадку на самім участку ўскладзена, як гэта па заканадаўству і павінна быць, на нашчадка гаспадара ўчастка, які, дарэчы, плануе выкарыстоўваць спадчыну.

Таксама сельвыканкам запісаны выканаўцам для арганізацыі добраўпарадкавання некаторых вуліц у аграгарадку Далекія і вёсцы Дзітрыкі. Са слоў Валянціна Астраўца, зараз ён шукае варыянты, як лепш гэта зрабіць.

У плане мерапрыемстваў па выніках Дня Тарноўскага сельсавета значацца і іншыя выканаўцы даручэнняў. Сярод іх Лідскі раённы цэнтр па забеспячэнню дзейнасці бюджэтных арганізацый, дарожныя арганізацыі: ДРБУ-157 і ДЭУ-55, Лідскае ГУП ЖКГ, Лідская ЦРБ, Воранаўская ПМС і іншыя. Тэрмін выканання, як ужо было сказана, разлічаны на бягучы, будучы і нават 2027 год. Так што навядзенне парадку на тэрыторыі Тарноўскага сельсавета будзе працягвацца.