Ініцыятарамі правядзення фестывалю з’яўляюцца кіраўнік студыі сучаснага танца“ArtDANCE STUDIO” – Кацярына Асядач-Брылеўская і дзяржаўная ўстанова “Палац культуры горада Ліды”.
Папулярнасць, прэстыж і значнасць гэтага праекта пастаянна растуць. Важна, што “ArtDANCE Fest” – гэта праект, удзел у якім дае ўнікальную магчымасць выступіць на вялікай сцэне і заявіць пра сябе, не з’яўляючыся прафесіяналам, бо адна з галоўных мэт фестывалю – падтрымка і папулярызацыя харэаграфічнай аматарскай творчасці.
Сёлета адкрыты харэаграфічны фестываль-конкурс “ArtDANCE Fest” пашырыў геаграфію – удзельнікамі сталі не толькі калектывы з розных рэгіёнаў Гродзенскай вобласці, але і Мінская вобласць прадставіла конкурсныя нумары. Каля 600 падлеткаў сталі ўдзельнікамі фестывалю.
На вялікай сцэне Палаца культуры былі прадстаўлены амаль 60 нумароў у розных узроставых катэгорыях па чатырох намінацыях: “Сучасны эстрадны танец”,“Народны танец і стылізацыя”, “Dance show”, “Street show”. Ацэньвала ўдзельнікаў кампетэнтнае журы, якое ўзначаліла Сабіна Мазгавая – магістр мастацтвазнаўства, выкладчык кафедры харэаграфіі Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, лаўрэат першай ступені XXVIII Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC), стыпендыят фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі, уладальнік Гранд-прэміі спецыяльнага фонду Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў харэаграфічнага мастацтва.
Фестываль уразіў цёплай атмасферай, крэатывам, разнастайнасцю жанраў і форм харэаграфічнага мастацтва. Можна без перабольшання сказаць, што адкрыты харэаграфічны фестываль-конкурс “ArtDANCE Fest 2023” атрымаўся маляўнічым, яркім і феерычным, падарыў усім удзельнікам шмат станоўчых эмоцый і яркіх успамінаў.