Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін:
– Прайшло 80 гадоў, а для чалавека – гэта вялізны адрэзак часу, аднак раны, атрыманыя ў той жудаснай вайне, не зажылі да сённяшняга дня. Адкрываюцца ўсё новыя і новыя старонкі вайны. Беларусь шмат робіць для таго, каб іх не забыць.
Гісторыю трэба памятаць для таго, каб не дапусціць памылак у будучым. Нацызм, нягледзячы на пройдзеныя дзесяцігоддзі, на жаль, жывы. І хто, як не мы, павінны супрацьстаяць ідэалогіі татальнага знішчэння чалавека. Сёння дзеці не гуляюць у вайну. Ім праз даступныя сродкі Захад стараецца навязаць іншую ідэалогію, накіраваную на знішчэнне славянскага кода.
За прыкладам не трэба хадзіць далёка, мы бачым Украіну. Гэта, на жаль, наша рэальнасць. Беларуская ідэалогія – ідэалогія суверэнітэту, незалежнасці, міру. У сваёй большасці людзям патрэбна спакойнае і камфортнае жыццё. А для гэтага трэба старанна працаваць для сябе, дзяржавы і грамадства.
Наш парламент таксама прымае актыўны ўдзел у захаванні гістарычнай памяці, як на заканадаўчым узроўні, так і праз удзел у мерапрыемствах, якія дазваляюць глыбей акунуцца ў падзеі таго часу і асэнсаваць іх, каб затым расказваць беларусам і не толькі беларусам аб тых страшных днях.
А яшчэ я параіў бы як мага больш глядзець мастацкіх фільмаў, чытаць кнігі пра вайну савецкага часу. Там ёсць боль, трагізм, патрыятызм, любоў да Радзімы. Усё створанае тымі людзьмі, хто быў удзельнікам, хто прайшоў, хто перажыў гэтыя падзеі. Гэта магчымасць бачыць і чуць ад першай асобы. І, што вельмі важна, не забываць.
9 Мая – апагей свята. Я ўпэўнены, што праўда, гістарычная праўда аб Вялікай Айчыннай вайне, будзе захоўвацца і надалей. І ў далейшым мы не забудзем аб вайне, таму што гістарычная праўда аб Вялікай Айчыннай вайне – адзін з фундаментаў нашай дзяржавы, на якім стаяць лёсы будучых пакаленняў Беларусі.