“Час прывёў на Парнас” – пад такой назвай распачала працу экспазіцыя ў Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея.
Лідчына – край таленавіты, ён стаў калыскай шматлікіх кампазітараў, мастакоў, пісьменнікаў. Творчасць некаторых з іх вядома і за межамі краіны. Хто толькі не спыняўся на лідскай зямлі! Алаіза Пашкевіч (Цётка), Янка Купала, Якуб Колас, Карусь Каганец, Максім Гарэцкі, Канстанцыя Буйло, Кандрат Крапіва, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Алесь Ставер, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль… Жылі ў нас таксама некаторы час Ежы Путрамант, Якуб Міско, Ніна Тарас, Васіль Струмень, Пятрусь Граніт, Валянцін Таўлай… Спіс можна працягваць доўга. Але ж да гэтага часу чытачы памятаюць і больш сучасных майстроў мастацкага слова, чые радкі плылі па Лідзе: Віктара Бачарова, Пятра Макарэвіча, Алеся Стадуба, Алесю Бурак, Смарагда Сліўко, Юрыя Карэйву, Леаніда Вінніка, Ірыну Бараздзіну, Тадэвуша Чарнавуса, Аляксандра Мацулевіча і шмат іншых. Хоць творцаў ужо і няма сярод нас, але ж іх праца засталася пад кніжнымі вокладкамі. Нездарма кажуць, што напісанае застаецца! Гэтыя асобы – нібы рака часу, якая пракладае свой шлях і далучае да сябе прытокі, якія імкліва нясуць жыватворныя воды, напоўненыя мілагучным спеўным словам і такім чынам лідская літаратура не спыняе свой рух. Так мы напаўняемся гаючай паэзіяй Уладзіміра Васько, Міхася Мельніка, Станіслава Судніка. Разам з тым радуюць чытача паэтычныя радкі Таццяны Сямёнавай, Ганны Рэлікоўскай, Алены Несцеравай, Валерыя Мацулевіча, Канстанціна Якубчыка, Тарэзы Смольскай, Ірыны Маркевіч, Людмілы Краснадубскай, Станіславы Белагаловай… На рэспубліканскім узроўні сваёй творчасцю славяць наш горад Віктар Праўдзін, Данута Бічэль, Хрысціна Лялько, Ірына Багдановіч, Максім Бацкалевіч і іншыя. А колькі яшчэ прадстаўнікоў далучацца да прыгожага мастацкага слова! Якое месца займе ў гісторыі кожны з гэтых літаратараў? Каб дасягнуць такой вышыні, неабходны не толькі талент, але і праца. Безумоўна, пакажа час, які прывядзе тады іх на Парнас.
Гэтыя і іншыя асобы літаратараў прадстаўлены на разгорнутай экспазіцыі ў Доме Валянціна Таўлая. Можна пабачыць тут іх кнігі, асабістыя рэчы, рукапісы, архіўныя матэрыялы, якія ёсць у фондах музея і перададзены на часовае захоўванне самымі пісьменнікамі. Гэта тое, што дапамагае нам, прыхільнікам мастацкай літаратуры, бліжэй пазнаёміцца з пісьменнікамі, даведацца аб іх прыхільнасцях і інтарэсах акрамя напісання твораў.Такім чынам адбываецца і знаёмства з адваротным бокам жыцця вядомага нам чалавека. Асноўнымі атрыбутамі-маякамі тут сталі гадзіннікі: наручныя, кішэнныя, насценныя і г. д. Так ці інакш, падзеі застаюцца ў гісторыі, а час ідзе! Гадзіннік адбівае рух, а рух – гэта жыццё… Вось ён – сведка напісання і твораў, і жыццёвых будняў, і свят пісьменніка! Акрамя гэтага, на экспазіцыі можна даведацца, як вызначалі час нашы продкі, што выкарыстоўвалі замест гадзінніка. Запланавана, што на базе экспазіцыі будуць гучаць словы пісьменнікаў з іх вуснаў. Так, сюды будуць запрашаццца майстры прыгожага пісьменства, якія падзеляцца з прысутнымі гісторыяй напісання сваіх твораў, раскажуць пра сваё жыццё, адкажуць на пытанні зацікаўленых слухачоў і чытачоў. “ЛідЛіт” – так будзе гучаць цыкл сустрэч з творчымі асобамі, якія ўзбагачаюць сваім мастацкім словам Лідчыну літаратурную.
З экспазіцыяй ужо змаглі пазнаёміцца лідскія пісьменнікі пад час яе адкрыцця, у чым прызналі якасны падыход да іх творчасці. А бягучая пяцігодка, між іншым, аб’яўлена Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам пяцігодкай якасці. Гайда ў Дом Валянціна Таўлая! Дзень беларускага пісьменства тут ужо пачаўся!