Галоўная / Навiны рэгiёна
15.05.2024

Іх недаспяваную песню мы даспяваем: пра тое, як у верасні 1943 года ў вёсцы Шаўдзіні акаўцы расстралялі групу савецкіх ваеннапалонных

 Каб не згаснуць агеньчыку памяці

Апошнім часам мне нярэдка даводзіцца сутыкацца з тым, што людзі старэйшага пакалення імкнуцца расказаць моладзі пра падзеі, якія адбываліся ў гады вайны, пра герояў і пра звычайных людзей, жыццё якіх забрала  страшная навала. Мэта – не даць згаснуць агеньчыку памяці аб мінулым, які дапамагае будаваць мірнае заўтра.

Вось і нядаўна да мяне як да журналіста звярнулася ўраджэнка вёскі Шаўдзіні, а зараз  лідчанка, былая настаўніца гісторыі сярэдняй школы №5 Марыя Антонаўна Шалкоўская. Жанчына казала мне, што ў 2004 годзе я рыхтавала матэрыял аб тым, як  у верасні 1943 года ў вёсцы Шаўдзіні акаўцы расстралялі групу савецкіх ваеннапалонных. Матэрыял друкаваўся на старонках “Лідскай газеты”. 

“Аднак з таго часу мінула дваццаць гадоў. Магчыма, каб не забыліся трагічныя старонкі гісторыі, якія ўпісвае ў яе  вайна, патрэбна зноў нагадаць у газеце  пра падзеі ў Шаўдзінях. Бо не толькі жыхары вёскі, якія былі сведкамі падзей, адышлі ў нябыт. Усё менш становіцца і тых, каму з вуснаў у вусны перадаваліся ўспаміны. Зараз праўнукі шаўдзінёўцаў, якія прыязджаюць на радзіму  продкаў, дзеці прыезджых людзей, якія купілі ў Шаўдзінях хаты пад дачы, спыняючыся каля абеліска, пытаюць, адкуль з’явілася гэта памятнае месца”, – упэўнена Марыя Антонаўна.

Я  ахвотна адгукнулася на прапанову чытачкі. Вялікі дзякуй Марыі Антонаўне за неабыякавасць, за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Успамінаю, як дваццаць гадоў назад з асаблівым хваляваннем гартала я папку з дакументамі, пісьмамі, што былі сабраны за час пошукавай работы настаўнікамі і вучнямі  Моцевічскай школы, як гутарыла  з жыхарамі Шаўдзінёў, якія з болем расказвалі аб тым, што бачылі асабіста, альбо згадвалі  пачутае ад старэйшых вяскоўцаў, і як разам з людзьмі стаяла ля абеліска, схіліўшы галаву ў памяць аб ахвярах вайны.

У верасні 43-га

З матэрыялаў, з якімі азнаёмілася, з успамінаў склалася карціна падзей, якія адбываліся ў верасні 1943 года. У адну з начэй група савецкіх байцоў пад камандаваннем маёра Мікалая Кісялёва, выконваючы асаблівае заданне, перайшла лінію фронта, аднак папала ў палон. Ваеннапалонных пагрузілі ў вагон і адправілі цягніком у Германію. Дзесьці на ўчастку чыгункі Ваўкавыск-Ліда яны выламалі ў падлозе вагона дошку, апусцілі яе  на шпалы і адзін за другім пачалі выбірацца з цягніка на поўным ходзе. Спроба прайшла паспяхова. У Мікалая Кісялёва была думка дабыць рацыю, каб звязацца з часцямі Чырвонай Арміі. Потым, даведаўшыся, што на другім баку Нёмана знаходзіцца партызанскі атрад, ён вырашыў прабірацца з байцамі туды. Вайскоўцы раздзяліліся на дзве групы. Адна  з іх накіравалася ў бок вёскі Яселевічы (знаходзіцца ў Шчучынскім раёне), другая рушыла іншым маршрутам і аказалася на Лідчыне.

Вось што мне расказвала жыхарка вёскі Шаўдзіні Вера  Гражуль:

“У нашай вёсцы, якраз у 1943 годзе, размясціўся атрад акаўцаў. Мясцовыя жыхары іх не віталі,  і ў атрадзе з шаўдзінёўцаў ніхто не быў. І ўсё ж супраць ісці баяліся. Паабяцалі акаўцы: калі што, то ад вёскі попел застанецца. Хаця  за Нёманам у Дзям’янаўцах, Шаршнях, Зачэпічах абаснаваліся чырвоныя партызаны, а гэта як рукой падаць.

Памятаю, як у адзін з дзён няпрошаныя госці ўспалашыліся. Схапілі зброю і заспяшаліся да сябе ў штаб, ці як там у іх называлася месца збору. А па Шаўдзінях чутка прайшла, маўляў, дзеўка з хутара бачыла недалёка савецкіх ваеннапалонных, хлеба ў яе прасілі. Яна і прагаварылася камусьці.

І вось пад вечар вядуць бяззбройных салдацікаў. Спачатку адну группу, чалавек з сем, потым такую ж, а можа і большую, другую. Бачна, не ўдалося сысці ад нелюдзяў. Сядзяць салдацікі на лаўцы каля вясковага крыжа, маладзенькія, худзенькія, і кажуць ахове: ”Адпусціце нас. У нас жа маці, як і ў вас, ёсць, дома нявесты чакаюць”. А тыя бандыты і слухаць не хочуць. Тады заспявалі салдаты песню. Хто чуў з нашых вяскоўцаў гэты спеў, казалі, што ў іх сэрца кроўю  аблівалася ад жалю.

На ноч загналі акаўцы палонных у гумно, а на наступны дзень, дзесьці  апоўдні, чуем: “бах”, “бах” – пачалі расстрэльваць палонных. Людзі па хатах пахаваліся. А я таксама дамоў што ёсць сілы бягу, карову ганю. І тут чую стрэл, і проста перада мною на дарогу падае салдацік, рукі раскінуў, светлыя валасы на ветры развіваюцца. Бо бандыты палонных распраналі, па адным з таго гумна выводзілі і расстрэльвалі дзе прыдзецца. Потым забітых акаўцы ў яме з-пад бульбы недалёка ад гумна пахавалі”.

А ад  жыхаркі вёскі Шаўдзіні Тэрэзы Жоль у 2004 годзе даведалася наступнае:

“Аб трагедыі, якая адбылася, людзі маўчалі. І нават калі савецкая ўлада ўсталявалася, размоў аб тым вераснёўскім дні не вялося, бо ў лясах яшчэ хавалася многа бандытаў. Ужо пазней старшыня мясцовага калгаса Віктар Юзэфавіч Усціновіч і дырэктар Моцевічскай школы Антон Міхайлавіч Кучура арганізавалі людзей і на месцы захавання тых салдацікаў паставілі абеліск. Праўда, і камісія ў Шаўдзіні прыязджала. Пасля гэтага астанкі забітых перавезлі ў Жалудок і там пахавалі ў брацкай магіле.

А дзесьці ў пачатку 80-х гадоў да мяне ў дом зайшла незнаёмая жанчына. На вуліцы была непагадзь, і яна моцна замерзла. Я яе адразу чаем напаіла, блінамі накарміла. Адагрэлася госця і расказвае, што завуць яе Тамара Васільеўна.Яна сястра камандзіра Чырвонай Арміі Мікалая Кісялёва. Праз шмат гадоў пасля заканчэння вайны пачала пошук, бо мама перад смерцю наказвала: “Томачка, выканай апошнюю просьбу: адшукай Коліну магілку”. Тамара звярталася ў розныя інстанцыі. Ёй адказвалі, што камандзір  стралковага батальёна Мікалай Кісялёў значыцца без весткі прапаўшым у верасні 1943 года. Тады праз пісьмы Тамара звязалася з аднапалчанамі брата. Яны адгукаліся аб ім як аб мужным чалавеку і ўмелым камандзіры. Па маленькіх крупінках Тамара сабрала і інфармацыю, што, выконваючы заданне, група вайскоўцаў пад камандаваннем Кісялёва папала ў палон, здзейсніла ўцёк, аднак зноў аказалася ў палоне і была расстраляна на тэрыторыі Лідскага раёна. На месцы расстрэлу вайскоўцы і пахаваны. Ведаючы гэта, Тамара з Палтаўскай вобласці, дзе жыла на той час, адправілася  ў Беларусь. Шлях прывёў яе да нас у вёску Шаўдзіні. 

Пайшлі мы з Тамараю да помніка. Жыхары вёскі да нас далучыліся, пачалі праз слёзы расказваць   пра  бяду, якая здарылася ў верасні 1943 года. Паслухала прыезджая госця і кажа: “Усё сходзіцца. Ды і сэрцам адчуваю, што тут наш Мікалай быў расстраляны і пахаваны”. 

Пасля гэтага Тамарачка часта прыязджала ў Шаўдзіні і адна, і з сям’ёй. Мы з ёю сябравалі, перапісваліся. Яе ўсе нашы жанчыны любілі як родную, шкадавалі. На сабе адчувалі, што значыць страціць на вайне блізкага чалавека. Бо мужчыны з Шаўдзінёў у 1944 годзе пайшлі на фронт, і некаторыя з іх былі паранены ці забіты”.

*  *  *

На шчасце, пошук Тамарай звестак аб браце Мікалаю Кісялёве прынёс вынік. Але ж колькі  невядомых вайскоўцаў ляжыць у брацкіх магілах, дзе на помніку напісана “Невядомы салдат”! У тых жа Шаўдзінях акрамя камандзіра Кісялёва абарвалася жыццё і іншых маладых хлопцаў, якія ўзялі ў рукі зброю, каб абараніць ад ворага сваю Радзіму, і родныя якіх не  ведаюць, дзе загінуў і пахаваны іх сын і брат. Але да кожнага невядомага салдата можна аднесці словы: “Імя тваё невядома, подзвіг твой несмяротны”.  У нашай Беларусі, якая прытрымліваецца міралюбівай палітыкі, ніколі не зарастуць сцежкі да помнікаў загінуўшым у барацьбе з фашызмам. Да месца гібелі вайскоўцаў у Шаўдзінях жыхары Лідчыны таксама будуць прыносіць кветкі, добраўпарадкаваць тэрыторыю ля абеліска, а таксама захоўваць памяць у сэрцы. І я, як журналіст, лічу для сябе важным унесці ў гэта свой уклад дадзеным артыкулам.