Галоўная / Навiны рэгiёна
16.02.2023

Як i чаму купляюць дамы у вёсках Ваверскага сельсавета

 Зараз грамадзяне пачалі больш актыўна купляць пустуючыя дамы ў сельскай мясцовасці. Што падштурхоўвае іх да таго, каб стаць уладальнікамі вясковых “фазэнд”? Шукаючы адказ на гэтае пытанне, журналіст “Лідскай газеты” адправілася ў Ваверку.

 «Набыў “фазэнду” і не шкадую»

Жыхар аграгарадка Ваверка, былы механізатар, а зараз вартаўнік мясцовай гаспадаркі Сяргей Бялан зацікавіў журналіста з той нагоды, што купіў недалёка ад сваёй сядзібы пустуючы дом за адну базавую велічыню.
Некалі ў гэтым доме размяшчалася школьная сталовая, пасля жылі людзі, а цяпер без гаспадара ён толькі мазоліць вочы, – расказвае Сяргей Юзэфавіч.Жыве наша сям’я ў аднапавярховым чатырохкватэрным жылым доме (кватэру ў свой час прыватызавалі). Мы даглядаем будынак, падтрымліваем парадак на ўчастку, садзім агарод, а праз плот ад нас зарастае тэрыторыя, трухлее старая хата. У мяне даўно былі думкі стаць іх уладальнікам, прывесці ўсё ў парадак і выкарыстоўваць для ўласных патрэб. І тут, што вельмі дарэчы, на рэспубліканскім заканадаўчым узроўні людзям была дадзена магчымасць купіць пустуючыя закінутыя дамы за мінімальную плату. Ну як было не скарыстацца гэтым? Паразуменне адразу знайшоў у сельскім Савеце.

Дарэчы, тое, што ў распараджэнні гаспадарлівага Сяргея Бялана аказаліся пустуючае збудаванне і дадатковы кавалак зямлі па суседстве з яго ўчасткам, на карысць не толькі яму. Закінутая сядзіба, якая размяшчаецца недалёка ад цэнтра Ваверкі, безумоўна, не ўпрыгожвае населены пункт і выбіваецца з агульнага строю акуратных, дагледжаных участкаў іншых вяскоўцаў. Цяпер сітуацыя зменіцца да лепшага.

Рэгіна Станіславаўна Васілевіч з вёскі Серафіны – жанчына сталага ўзросту. Аднак і яна звярнулася ў Ваверскі сельскі Савет з просьбай дазволіць ёй набыць закінуты дом насупраць сваёй сядзібы. Задаволіў кошт – адна базавая велічыня.
Як расказала жанчына журналісту, прычынаю гэтага ў першую чаргу стала… настальгія. Справа ў тым, што зараз пустуючая хата некалі належала яе бацькам і ў ёй яна нарадзілася. Замуж Рэгіна Станіславаўна выйшла за суседа, таму перасялілася недалёка ад радавога гнязда, і яно, у прамым сэнсе, заўсёды было ў яе перад вачыма. Пасля смерці бацькоў Рэгіны Станіславаўны іх дом перайшоў у спадчыну да аднаго са сваякоў. Той прадаў хату, аднак новага гаспадара тут мала хто бачыў. Дом аказаўся закінутым.

– Я даглядала не толькі свой уласны ўчастак. Душа балела ад таго, што бацькоўская сядзіба прыходзіць у заняпад, таму і на ёй па магчымасці імкнулася падтрымліваць парадак. А зараз, пасля таго як па законе сядзіба стала маёй, тым больш буду гэта рабіць, – адзначае Рэгіна Станіславаўна. 

Жанчына  кажа,  што   бацькоўскі дом будзе выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Праўда, каб пастаянна жыць у ім, трэба замяніць адну бэльку і аднавіць электрычнасць, бо раней пустуючая пабудова была ад яе адключана. Рэгіна Станіславаўна мяркуе, што такія неабходныя абнаўленні дома могуць зрабіць тыя, каму ад яе сядзіба пяройдзе ў спадчыну. Ну хіба дрэнна мець у такім прыгожым месцы, як Серафіны, дачу?

32-гадовы лідчанін Андрэй Богдан купіў прыватны дом у вёсцы Касілаўцы. Палічыў, што, па-першае, да Касілаўцаў напалову бліжэй, чым да Радуні, адкуль ён родам, па-другое, маёмасць, якую набыў, будзе яго ўласнасцю. А мець для сям’і свой куток на ўлонні прыроды немалаважна. Набыты дом можна падладзіць, можна акультурыць участак, пасадзіць кветкі – і атрымаецца цудоўнае месца адпачынку для дарослых і дзяцей.

Андрэй Францішкавіч падкрэслівае, што, паставіўшы перад сабой мэту займець дом у сельскай мясцовасці па дарозе ў Воранаўскі раён, звярнуўся ў Ваверскі сельскі Савет. Яго супрацоўнікі падказалі, якія вясковыя дамы прадаюцца, і дапамаглі звязацца з уладальнікам аблюбаванай сядзібы. Дарэчы, па словах Андрэя Францішкавіча, той згадзіўся прадаць яе за 500 рублёў. 

Іван Кароль, работнік Ваверскага Дома культуры, з якім таксама давялося пагутарыць журналісту, нарадзіўся, вырас і жыве ў Рулевічах. Ён прызнаецца, што сваю малую радзіму ні на які іншы населены пункт не прамяняе – гэта дарагі яго сэрцу куток. Тым больш што нясе пэўную адказнасць за вёску: мясцовыя жыхары вылучылі яго старастам. Іван Казіміравіч кажа, што людзей, якія пастаянна пражываюць у Рулевічах, стала мала – можа, з дзясятак набярэцца. Затое летам вёска ажывае, прыязджаюць дзеці і ўнукі былых уладальнікаў сядзіб. Яны ж і патрымліваюць у іх парадак. Некаторыя хаты купілі іншыя гаспадары. Ёсць і закінутыя хаты, але іх толькі дзве. Безумоўна, з іх уладальнікамі і супрацоўнікі сельскага Савета, і стараста вёскі праводзяць пэўную работу.  Вынік ёсць. Вось нядаўна гаспадыня аднаго з дамоў напісала ў сельскі Савет паведамленне і дала дазвол на разборку старой пабудовы.

Бо сядзібе патрэбен гаспадар

А вось што расказаў у гутарцы з журналістам старшыня Ваверскага сельскага Савета Аляксандр Іодка. За 2022 год сіламі сельскага Савета было знесена пяць дамоў і пяць фундаментаў. Усяго ж, пачынаючы з 2017 года, у вёсках сельсавета такім чынам было разабрана 32 дамы, ліквідаваны іх фундаменты. Акрамя таго, за мінулы год і пачатак бягучага тры дамы, якія суд прызнаў вымарачнымі і якія ўключылі ў Адзіны рэестр пустуючых дамоў, былі прадазены: дзве сядзібы – за адну базавую велічыню (яны былі закінутымі), а адна – за 2600 рублёў. У гэтым доме мелася электрычнасць, усё было дагледжана. Застаўся ён пасля адзінокай жанчыны, якая адышла ў нябыт, не пакінуўшы пасля сябе нашчадкаў.

Па словах Аляксандра Станіслававіча, на дадзены момант неабходныя дакументы яшчэ на пяць пустуючых дамоў знаходзяцца ў судзе. Там пабудовы прызнаюць вымарачнымі, і яны будуць перададзены на баланс сельскага Савета. З’явіцца магчымасць выставіць іх на продаж. Калі ж забудова знаходзіцца ў зусім дрэнным стане і не знойдзецца ахвотнік яе купіць, то яна будзе знесена.

Журналіст пацікавіўся ў Аляксандра Станіслававіча, як дамы трапляюць у разрад безгаспадарных, а затым пераходзяць на баланс сельскага Савета. Ён адказаў, што перш чым запусціць такі працэс, работнікі сельскага Савета з падтрымкай старастаў вёсак, мясцовых жыхароў шукаюць уладальнікаў – нашчадкаў гаспадароў закінутай сядзібы – і патрабуюць наводзіць там парадак альбо прапануюць прадаць іншаму чалавеку. Уладальнікам накіроўваюцца паведамленні пра выкарыстанне. Калі ж уладальнік адмаўляецца выкарыстоўваць сваю вясковую маёмасць, то ён піша афіцыйнае адмаўленне ад яе. Тады сельскі Савет звяртаецца ў раённую камісію, якая прызнае дом безгаспадарным. Затым матэрыялы перадаюцца ў суд з хадайніцтвам райвыканкама для перадачы яго ў ведамства сельскага Савета. Згодна з заканадаўствам, суд прымае пэўнае рашэнне.

Кіраўнік мясцовай улады таксама адзначыў, што свае дамы ў населеных пунктах прадаюць і самі людзі. Так, за 2022 год у сельскім Савеце рэгістравалася восем дагавораў куплі-продажу. (Гэта можна зрабіць, калі само жыллё не зарэгістравана ў агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры.)

На якія дамы і ў якіх населеных пунктах сельсавета ёсць найбольшы попыт? – пацікавілася журналіст у Аляксандра Іодкі.

Ён адказаў, што сярод дамоў, якія ў апошні час прадавалі людзі, большым попытам карысталіся хутары. А дамы, якія рэалізоўваў сельскі Савет, ахвотней куплялі ў вёсцы Серафіны.

Адмоўны момант для рэалізацыі дамоў: тэрыторыя Ваверскага сельсавета размешчана далекавата ад горада, і людзі лічаць, што дабірацца да вясковай “фазэнды” ім накладна. Няма ахвотнікаў набываць хаты ў аддаленых маленькіх вёсках, такіх, як Міхнаўцы, Мікуты, Маркуці, якія бліжэй да Воранаўскага раёна. А вось, напрыклад, у параўнальна блізкай да Ліды вёсцы Мыто, дзе ёсць газ, водаправод, каналізацыя і дзе недалёка ад самога населенага пункта працякае рэчка Дзітва, усе пустуючыя дамы распраданы. Вёскі Янаўляне і Касілаўцы таксама ў выйгрышнай сітуацыі: знаходзяцца блізка да трасы.

Аляксандр Станіслававіч адзначае, што патэнцыяльныя пакупнікі звяртаюць увагу не толькі на месцазнаходжанне, але і на стан дома і, вядома, улічваюць пры гэтым мэту, з якой набываюць “фазэнду”. Адны плануюць займацца падсобнай гаспадаркай, другія – выкарыстоўваць толькі для адпачынку ў летні час. Але ў любым выпадку вясковыя хаты зноў адчуваюць чалавечае цяпло, участкі зноў пачынаюць радаваць вочы сваёй дагледжанасцю. Жыццё вёскі працягваецца.