Кацярына Серафіновіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, журналіст:
– Нядаўна праз перапіску ў Вайберы перакінула калезе невялікае відэа:
на ім рэчка, парослыя кустоўем берагі, хмурыя аблокі над вадой… Пра тое,
што гэта горад, гавораць шматпавярхоўкі. А пра тое, што гэта Стакгольм,
апавядае аўтар за кадрам.
Калега напісала: “Стакгольм?! Я падумала, што гэта дзесьці ў нас…”
Вось такое адчуванне, што ў нас не горш, а дзесьці і лепш (і датычыцца
гэта не толькі краявідаў), узнікае і ў мяне кожны раз, калі разглядаю
фота, відэа, скінутыя сябрамі або знаёмымі з розных краін. Калі ўсё ж
такі гаварыць пра прыродныя багацці, то няма ў нас мора, пясчаных
пляжаў, на якія набягаюць высокія хвалі, але ж ёсць блакітныя азёры з
крынічнай вадой, у якіх можна купацца кожнаму, няма высокіх гор, але
ёсць лясы, рэліктавыя ў тым ліку, дзе можна збіраць грыбы, ягады…І гэта
не прыватная ўласнасць, а нацыянальны набытак. Як часта мы ўзгадваем пра
гэта? Ганарымся тым, што маем, ці адмахваемся: ой, а дзесьці там лепш…
Не буду спрачацца, магчыма, і лепш для жыхароў той краіны, грамадзянамі
якой яны з’яўляюцца. Але для беларусаў іншай Радзімы, дзе ўлада дбае
пра іх клопаты, стварае ўмовы для жыцця і рэалізацыі ў ім, няма і не
будзе.
Беларусь – сацыяльна арыентаваная дзяржава, прыярытэтам якой з’яўляецца
дабрабыт яе грамадзян. І нават сёння пад беспрэцэдэнтным знешнім ціскам
і беспадстаўнымі санкцыямі унутраная і знешняя палітыка беларускай
дзяржавы адпавядае найперш нацыянальным інтарэсам. Менавіта таму мы маем
магчымасць працаваць у сваёй краіне, выхоўваць дзяцей, дбаючы пра яе
традыцыйныя каштоўнасці, пры неабходнасці можам бясплатна папраўляць
здароўе з дапамогай дзяржаўнай медыцыны… Пералік можна працягваць: тут і
дэкрэтныя водпускі на тры гады, і дапамога шматдзетным, і школы-гурткі,
секцыі-спартзалы для развіцця талентаў, санаторыі для аздараўлення…
Ведаем пра гэта? Цэнім? Для інвалідаў і састарэлых, людзей паважанага
ўзросту дзейнічаюць свае праграмы, толькі б не трацілі яны пачуццё
запатрабаванасці, не замыкаліся ў чатырох сценах.
А колькі робіцца для людзей з абмежаванымі магчымасцямі як дарослых, так і дзяцей? Вось толькі адзін факт.
Пры Савеце Рэспублікі Нацыяльнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага
склікання створаны кансультацыйны савет па пытаннях сацыяльнай адаптацыі
і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У яго
склад уваходзяць парламентарыі з профільных камісій, міністры,
спецыялісты, у тым ліку з рэгіёнаў, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў.
Цяпер на ўзроўні Савета Рэспублікі, яго спікера Наталлі Качанавай
вырашаецца пытанне пра стварэнне ІТ-кампаніі для дзяцей з аўтызмам.
На днях старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў рамках
правядзення кансультатыўнага савета пры Савеце Рэспублікі па пытаннях
сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага
развіцця наведала і пазнаёмілася з дзейнасцю ўстановы “Гомельскі
дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага
развіцця” і ДУ “Гомельскі гарадскі цэнтр інклюзіўнай культуры”.
Проста і зразумела Наталля Іванаўна сфармулявала асноўны прынцып
дзейнасці ў сацыяльнай сферы: “Мы ўсе аднолькавыя перад Богам, і калі мы
прыйшлі ў гэты свет, павінны дапамагаць адзін аднаму”.
Здаецца, што на гэтыя словы нам трэба не забывацца ў паўсядзённасці.
Яны арыенцір не толькі для тых, хто працуе ва ўладных кабінетах. Кожны з
нас па меры сіл і магчымасцей можа дапамагчы бліжняму свайму: усмешкай,
своечасовай парадай, ахвярным учынкам… Згодны?
І напрыканцы, ёсць прымаўка: “Добра там, дзе нас няма”. На мой погляд,
больш актуальна гучыць: “І там, дзе мы ёсць, таксама добра”.
Бел