Галоўная / Навiны рэгiёна
22.12.2022

Падведзены вынікі V адкрытага рэгіянальнага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай. «Навагоднія казкі, дзённік гімназісткі, птушыны алфавіт…»

Гучалі вершы для дзяцей, уручаліся дыпломы і Падзячныя лісты, прэзентаваліся кнігі, іграў акардэон… На днях у канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы адбыліся ўрачыстае падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў V адкрытага рэгіянальнага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай “Дарослыя – дзецям”.

Конкурс  носіць  імя дзіцячай пісьменніцы Веры Навіцкай, якая ў пачатку мінулага стагоддзя ўзначальвала Лідскую прыватную жаночую гімназію і напісала шэраг кніг для дзяцей, у тым ліку тэтралогію пра гімназістку Мусю Старабельскую. Многія свае кнігі Вера Навіцкая напісала ў Лідзе. 

Конкурс у гонар дзіцячай пісьменніцы праводзіцца з 2014 года, раз у два гады. У ім прымаюць удзел лідскія (і не толькі лідскія) паэты і празаікі. Конкурс заахвочвае іх да напісання твораў для дзяцей. Спачатку гэты літаратурны конкурс быў раённым, а з цягам часу набыў статус адкрытага рэгіянальнага. 

У V адкрытым рэгіянальным літаратурным конкурсе імя Веры Навіцкай прынялі ўдзел 10 чалавек (некаторыя з іх удзельнічалі ўпершыню). Амаль усе канкурсанты – сябры літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”. На разгляд журы было прынята больш за 120 твораў для дзяцей. Акрамя вершаў, былі дасланы апавяданні, казкі, загадкі і ўпершыню – вершаваная азбука. Творы, дасланыя на конкурс, увайшлі ў выдадзены бібліятэкай зборнік “Дарослыя – дзецям”. 

Пераможцамі сёлетняга конкурсу імя Веры Навіцкай сталі пісьменнік і літаратуразнавец са Слоніма Сяргей Чыгрын (дыплом ІІІ ступені), лідская пісьменніца Тэрэза Смольская (дыплом ІІ ступені) і лідскі дзіцячы паэт, работнік лакаматыўнага дэпо Канстанцін Якубчык (дыплом І ступені). Менавіта Сяргей Чыгрын даслаў на конкурс вершаваную азбуку – “Птушыны алфавіт”,  падабраўшы амаль да кожнай літары назву адпаведнай птушкі, якая пачынаецца з пэўнай літары. Нялёгкая задача, але вопытны пісьменнік з ёй справіўся! Тэрэза Смольская, больш вядомая лідчанам як аўтар соцень і соцень вершаў для дарослых, прапанавала на разгляд журы навагоднія казкі ў прозе (вынікі конкурсу падводзіліся якраз незадоўга да Новага года), а таксама некалькі вершаў для дзяцей, некаторыя са сваіх загадак (іх у яе ледзь не паўтары сотні!). Шэраг вершаў для дзяцей на самыя розныя тэмы даслаў адзін з самых маладых удзельнікаў конкурсу Канстанцін Якубчык, які, можна сказаць, знайшоў сябе як творца менавіта ў дзіцячай паэзіі. У сваіх творах ён праявіў сябе выдатным знаўцам дзіцячай душы. Дарэчы, Канстанцін Іосіфавіч – тата цудоўнай дачушкі-чацверакласніцы Жэні, якую ён узяў з сабой на цырымонію ўзнагароджання пераможцаў конкурсу. Жэня, канешне, рада за тату і ганарыцца ім і яго перамогай! 

Падзячныя лісты за ўдзел у конкурсе атрымалі Таццяна Сямёнава, Людміла Русь, Людміла Шот, Ала Юшко, Станіслава Белагаловая, Валянціна Троцкая, Ларыса Лайкевіч. Трэба адзначыць, што дасланыя найстарэйшай удзельніцай конкурсу Таццянай Іванаўнай Сямёнавай вершы і апавяданні ў даступнай дзецям форме расказваюць пра Вялікую Айчынную вайну і Вялікую Перамогу і садзейнічаюць патрыятычнаму выхаванню. Жыхарка аграгарадка Дворышча Людміла Шот напісала вялікую вершаваную казку пра прыгоды мышаняці Пі, па сюжэце якой, як адзначыла вядучая імпрэзы, галоўны бібліёграф раённай бібліятэкі Галіна Курбыка, можна стварыць мультфільм. Цэлы зборнік вершаў для дзяцей прадставіла на конкурс Людміла Русь, больш вядомая лідчанам як аўтар вершаў для дарослых. Багата ілюстраваная кніга называецца “Удивительное – рядом” і, як і паэзія Людмілы Іванаўны для дарослых, прасякнута святлом і дабрынёй, выказвае ўменне аўтара заўважаць незвычайнае ў кожным імгненні жыцця. Экзэмпляр сваёй кнігі (дарэчы, сваёй першай кнігі) паэтэса падарыла раённай бібліятэцы. Прэзентацыя кнігі з паказам буктрэйлера па ёй (яе відэаагляду) адбылася ў канферэнц-зале бібліятэкі ў той жа дзень. 

Літаратурны конкурс “Дарослыя – дзецям” – гэта і прапаганда творчай спадчыны Веры Навіцкай. Натхняльнік конкурсу, адзін з яго ініцыятараў і арганізатараў, пісьменнік, краязнавец, рэдактар часопіса “Лідскі летапісец” і літаратурна-мастацкага зборніка “Ад лідскіх муроў” Станіслаў Суднік прэзентаваў перад прысутнымі перакладзеную ім жа на беларускую мову кнігу Веры Навіцкай “Вясёлыя будні” (другую частку тэтралогіі пра Мусю Старабельскую). Гэтую кнігу, свайго роду дзённік гімназісткі пачатку мінулага стагоддзя, энцыклапедыю тагачаснага жыцця, можна пачытаць у раённай бібліятэцы, а таксама ў Доме Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Яшчэ адна прыступка поўнага адкрыццяў шляху да навукі дзяўчынкі-гімназісткі Мусі стане вядомай лідскім чытачам! Нагадаем, што першую кнігу тэтралогіі – “Добра жыць на свеце” (зноў жа ў перакладзе на беларускую мову) – Станіслаў Вацлававіч прэзентаваў у 2016 годзе, таксама ў час падвядзення вынікаў літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай “Дарослыя – дзецям”. 

Застаецца дадаць, што музычным падарункам для ўсіх прысутных на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу сталі выступленні юных акардэаністаў Лідскай дзіцячай школы мастацтваў Ігната Ількевіча і Мацвея Вайцяхоўскага.

Лидская газета