Галоўная / Навiны рэгiёна
13.05.2024

Прызнаныя атрыбуты незалежнасці Лідчане адзначылі Дзень Дзяржаўных сцяга, герба і гімна

Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга ў Беларусі адзначаюць ужо больш за чвэрць стагоддзя. А з мінулага года другая нядзеля мая стала таксама святам нашага гімна. Гэта трыяда ўвасабляе наш суверэнітэт і нацыянальнае адзінства. Сімвалам, якія нас яднаюць, у Лідзе прысвяцілі патрыятычную акцыю, кульмінацыйным момантам якой стала ўрачыстае ўзняцце Дзяржаўнага сцяга. А сотні лідчан выканалі галоўную песню краіны – Дзяржаўны гімн.

Па традыцыі ў гэты святочны дзень прадстаўнікі органаў улады, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, ваеннаслужачыя сабраліся на плошчы ў Лідзе на ўрачыстую цырымонію «Мы грамадзяне адзінай краіны. Сімвалы ведаць і помніць павінны». Са словамі віншаванняў да землякоў звярнулася старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш.

– Ні адна значная падзея ў жыцці нашай дзяржавы не абыходзіцца без урачыстага ўзняцця Дзяржаўнага сцяга. Павага да галоўных дзяржаўных сімвалаў – гэта праява патрыятызму, адказнасці за сучаснасць і будучыню сваёй Айчыны, гонару за слаўныя баявыя і працоўныя здзяйсненні, шанаванне нацыянальных святынь і гістарычных традыцый, – падкрэсліла Інэса Генадзьеўна.

Ганаровага права ўзняць Дзяржаўны сцяг былі ўдастоены прадстаўнікі таленавітай моладзі, а таксама дырэктар Бярозаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў Ядзвіга Стацэвіч і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар завода гарачага ацынкавання «Конус» Андрэй Жамойда.

– Беларускі сцяг лятаў у космас, узнімаўся на самыя высокія горныя вяршыні, быў у Антарктыдзе. Спартсмены пасля сваіх перамог у рукі нязменна бяруць Дзяржаўны сцяг. З нашым сцягам лёгка знайсці беларускіх балельшчыкаў на трыбунах розных спартыўных ці музычных спаборніцтваў. Герб і сцяг нашай краіны вянчаюць усе дзяржаўныя ўстановы. А эталоннае гучанне галоўнай песні нацыі – гімна – двойчы на дзень гучыць у эфіры тэле- і радыёканалаў краіны, у пачатку і завяршэнні вяшчання. Усе гэтыя сімвалы нязменна аб’ядноўваюць нацыю, – адзначыў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар завода гарачага ацынкавання «Конус» Андрэй Жамойда.

– Дзень дзяржаўнага сцяга і дзяржаўнага герба мы святкуем з 1998 года. Аднак у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: «Той факт, што дзяржаўных сімвалаў у нас тры (герб, сцяг, гімн), а дзяржаўнае свята прысвечана толькі двум, напэўна, гэта няправільна. Трэба выправіць недахопы». Так, 12 красавіка 2023 года быў падпісаны Указ №105, які карэктаваў назву свята і мяняў яго на «Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь». Лічу гэта рашэнне правільным: новая назва дасць магчымасць аддаць даніну павагі ўсім тром дзяржаўным сімвалам Беларусі, – сказала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Кацярына Серафіновіч.

Песнямі і танцамі ў гэты дзень віталі землякоў самадзейныя артысты. Падчас урачыстасці прайшла цырымонія пасвячэння ў піянеры. Гальштукі школьнікам, якія ўступілі ў шэрагі БРПА, павязалі ганаровыя госці мерапрыемства.

– Стаўлюся да дзяржаўнай сімволікі з павагай і шанаваннем, як кожны сапраўдны беларус. Нацыянальны гімн ведаю на зубок. Лічу, што любоў да Радзімы складваецца з клопату пра захаванне традыцый, – выказала сваю думку салістка эстраднай студыі «Акцэнт» Палаца культуры г. Ліды Дар’я Жук.

Наталля ВАЛКАНОЎСКАЯ.

ТРЭБА ВЕДАЦЬ

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь ўяўляе сабой прамавугольнае палатно. Чырвоны колер сімвалізуе подзвіг беларускага народа, сілу, мужнасць. Зялёны – гэта надзея на адраджэнне, маладосць, прыродная гармонія і працаздольнасць. Белы – чысціня, мудрасць, мір.  Беларусь была першай краінай свету, якая выкарыстала нацыянальны арнамент у якасці элемента Дзяржаўнага сцяга. Дарэчы, арнамент «Узыходзячае сонца» быў узяты з рэальнага ручніка. Яго на пачатку ХХ стагоддзя вышыла звычайная сялянка з-пад Сянна Матрона Маркевіч. 

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой зялёны контур краіны, накладзены на залатыя промні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Вышэй, над контурам, размешчана пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамлены вянком з залатых жытніх каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, а злева – лёну. Каласы абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой унізе змешчаны надпіс золатам «Рэспублiка Беларусь». Гэта выява на гербе ўвасабляе лепшыя якасці беларускага народа – працавітасць, імкненне да свабоды і патрыятызм.

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь – гэты ўрачысты музычна-паэтычны твор, які выконваецца ў выпадках, прадугледжаных законам: падчас афіцыйных дзяржаўных цырымоній, рытуалаў, свят, спартыўных спаборніцтваў. Дзяржаўны гімн мае сваіх аўтараў – музыку да яго напісаў беларускі кампазітар Н.Ф. Сакалоўскі, а словы – беларускія паэты М. М. Клімковіч і У. І. Карызна. Тэкст Дзяржаўнага гімна праслаўляе жаданне беларускага народа жыць у міры, яго працавітасць, гатоўнасць абараняць родную зямлю.

Лідская газета