Галоўная / Навiны рэгiёна
03.02.2023

У Доме Таўлая адкрылася выстава, прысвечаная Канстанцыі Буйло

 У мінулым 2022 годзе ў Доме Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея дзейнічала выстава, прымеркаваная да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. А ў надышоўшым 2023 годзе Янка Купала, вобразна кажучы, перадаў свае паўнамоцтвы паэтцы-юбіляршы гэтага года – Канстанцыі Буйло, і ў Доме Таўлая днямі адкрылася выстава да 130-годдзя з дня яе нараджэння (а нарадзілася яна 14 студзеня 1893 года) “Песня даўжынёю ў жыццё”. Дарэчы, Янка Купала меў дачыненне да першай кнігі вершаў паэткі (пра гэта будзе сказана ніжэй). Вядома, што жонка Купалы Уладзіслава Луцэвіч сябравала з Канстанцыяй Буйло, па-сяброўску называла яе “мая Костачка”. 

 – За сваё доўгае жыццё Канстанцыя Антонаўна выдала шмат зборнікаў паэзіі, – расказвае куратар выставы, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун.Першая яе кніга вершаў называецца “Курганная кветка” (выдадзена ў 1914 годзе ў Вільні). Факсімільнае выданне гэтай кнігі можна ўбачыць на выставе. Яго перадаў у Дом Валянціна Таўлая лідскі паэт Міхась Мельнік. Рэдактарам і ўкладальнікам кнігі “Курганная кветка” з’яўляўся Янка Купала, мастаком-афармляльнікам – Язэп Драздовіч (дарэчы, яго пэндзлю належаць і выявы Лідскага замка). На вокладцы кнігі выява сфінкса – вобразнае ўвасабленне загадкавасці яе аўтара (пра загадкі ў біяграфіі Канстанцыі Буйло я скажу асобна). 

На многія вершы паэткі напісаны песні. Але, бадай, самая вядомая з гэтых песень – на верш “Люблю” (“Люблю наш край, старонку гэту…”), напісаны дзесьці ў пачатку 1920-х гадоў. Музыку да яе склаў кампазітар Мікола Равінскі. Песня стала народнай, увайшла ў рэпертуар многіх прафесійных і самадзейных творчых калектываў. Замілавана, па-жаночаму пранікнёна выконвае яе Алеся з ансамбля “Сябры”, дачка кіраўніка ансамбля Анатоля Ярмоленкі. Відэакліп на песню “Люблю” ў выкананні Алесі быў паказаны першым наведвальнікам выставы. Праспявалі гэтую песню хорам дзеці вайны, якія па нядзелях наведваюць Дом Валянціна Таўлая. Мелодыю песні найграў на баяне  Алесь Хітрун. 

 У 1923 годзе Канстанцыя Буйло пераехала ў Маскву да свайго першага мужа. У Маскве, у Ціхвінскім завулку, яна пражыла да самай смерці (а памерла паэтка 4 чэрвеня 1986 года, на 94-м годзе жыцця). У 1989 годзе урну з яе прахам перавезлі з Масквы ў мястэчка Вішнева Валожынскага раёна. Максім Гарэцкі называў Канстанцыю Буйло “найвыдатнейшай пасля Цёткі жаноцкай сілай у нашай паэзіі”. Яна з’яўлялася заслужаным дзеячам культуры БССР, была ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны” і медалямі. Імем Канстанцыі Буйло названы вуліца ў Мінску, сярэдняя школа ў  Вішневе. 

Мае паэтка дачыненне і да Лідчыны, – адзначае Алесь Часлававіч. – Ёсць звесткі, што ў 1914 годзе (якраз у год выдання свайго першага зборніка) яна пачала настаўнічаць у школе ў вёсцы Чаўшклі Лідскага павета. Аднак гэты факт у яе біяграфіі па сённяшні дзень выклікае спрэчкі. На Лідчыне, у Ваверскім сельсавеце, ёсць вёска Чашэйкі, а вёска з назвай Чаўшклі ёсць на Іўеўшчыне. І такіх заблытаных фактаў у біяграфіі Канстанцыі Буйло нямала, у тым ліку яны датычацца года яе нараджэння, яе першых вершаў. Вядома, што Канстанцыя Антонаўна знішчала свае архівы, каб даследчыкі не разгадалі асобныя моманты з яе біяграфіі. Загадак у яе жыцці застаецца шмат, але, спадзяюся, прыйдзе час іх разгадаць, у тым ліку і мне як навуковаму супрацоўніку. 

На выставе “Песня даўжынёю ў жыццё”, акрамя ўжо згаданага факсімільнага выдання першай кнігі Канстанцыі Буйло, прадстаўлены фотаматэрыялы, гісторыя напісання самай вядомай песні на словы паэткі, дваццаць цікавых фактаў з жыцця гераіні выставы, яе першыя вершы, вокладкі яе кніг і інш. Многае з прадстаўленага з’яўляецца копіямі матэрыялаў з Дзяржаўных музеяў гісторыі беларускай літаратуры і імя Янкі Купалы. У пачатку экспазіцыі змешчана пейзажная карціна лідскага мастака Мікалая Лазоўскага, якая можа служыць яркай ілюстрацыяй да песні “Люблю” – той самай песні даўжынёю ў жыццё паэткі.

Лідская газета