Галоўная / Навiны рэгiёна
22.07.2024

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

 Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне. Вось і чарговая ўборка не выключэнне. А самымі прадукцыйнымі тут з’яўляюцца тры гаспадаркі, дзе ўраджайнасць дасягае амаль 100 ц/га. Такія высокія намалоты садзейнічаюць і асабістым рэкордам. У Гродзенскім раёне днямі віншавалі камбайнера, які першым узяў планку ў дзве тысячы тон.

Поўдзень — самы разгар палявых работ. На адным з пяці вытворчых участкаў СВК «Прагрэс-Верцялішкі» працуе некалькі камбайнаў і МАЗаў. Адразу ж ідзе сціртаванне саломы. Для гаспадаркі гэта значны плюс, кажа загадчык участка Яўген Роўба. Не трэба чакаць пакуль яна падсохне — на палях тэмпература перавышае 40 градусаў. Гарачае надвор’е мае свае плюсы ў хлебаробчай справе, асабліва падчас уборачнай кампаніі. Дзякуючы сухому паветру зерне больш падсушанае пасля начной расы, значыць, менш затрат на сушку, на ачыстку, што эканоміць энергетычны рэсурс. Сушыльныя комплексы між тым запушчаны і працуюць.

Падчас прыезду журналістаў вялася ўборка азімай пшаніцы і азімага рапсу. На падыходзе азімая трыцікале і яравыя культуры. А ўсяго ў сферы адказнасці маладога аграрыя дзве тысячы гектараў палеткаў. Працуе Яўген у гаспадарцы два гады, скончыў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт па мэтаваму накіраванню і адразу прыступіў да працы ў якасці загадчыка ўчастка. Кажа, што цікавасць да земляробчай працы ён пераняў у свайго дзеда-агранома. Вырашыў і свае намаганні прыкласці да гэтай справы. Адразу атрымаў добраўпарадкаванае жыллё. Першыя крокі лічыць удалымі, ды і гаспадарка тут — выдатна адладжаны механізм, працуе, як швейцарскі гадзіннік.

Малады спецыяліст і сам адчувае адказнасць за агульную справу. Поле без нагляду не пакідае, хоць камандзе сваёй поўнасцю давярае. Людзі ўсе вопытныя, ёсць механізатары, якія па 50 гадоў працуюць. Побач з імі набіраецца вопыту і моладзь. Па словах Яўгена Роўбы, выпускнікі мясцовых школ бяруць мэтавае накіраванне для вучобы ў каледжах, каб потым вярнуцца ў сваю гаспадарку. На пытанне, каго лепш браць — вяскоўца ці гарадскога, Яўген адказвае, што няважна, дзе чалавек нарадзіўся. Галоўнае — каб у яго да гэтай працы душа ляжала. Тым больш, заробкі ў гаспадарцы нядрэнныя.

Сёлетняя ўборачная кампанія пачалася раней, чым летась. Азімыя культуры саспелі значна хутчэй, цяпер усе намаганні скіраваны на тое, каб своечасова ўраджай з палёў сабраць. Таму тэхніка ў полі з дзевяці ранку і да самага вечара, пакуль не ўпадзе раса. Планку мінулага года тут трымаюць упэўнена, зараз намалоты па гаспадарцы складаюць больш за 98 ц/га.

Асноўныя рызыкі зноў жа звязаны з надвор’ем. Спякота яшчэ і падганяе хлебаробаў. Гэта пара хуткага рэагавання. Памарудзіш, і могуць быць страты — рапс палушчыцца, зерне асыпецца. Камбайнеры таксама ўважліва сочаць за тым, каб не дапускаць страт.

Па словах Андрэя Савіцкага, які за штурвалам ужо пяты сезон, трэба кантраляваць хуткасць, не спяшацца, каб ішоў добры абмалот, зерне не заставалася ў саломе. Для гэтых мэт у кабіне ўсталяваны спецыяльныя электронныя датчыкі. Дарэчы, хуткасць камбайна невялікая — да 3 км/г. Разганяцца тут не рэкамендуецца. Увогуле ўмовы для работы камфортныя, кажа механізатар. Сам ён мясцовы, раней працаваў будаўніком, але вырашыў сесці за камбайн, аб чым зусім не шкадуе. Атрымаў жыллё. Заробкі таксама добрыя, неаднаразова быў у ліку тысячнікаў на жніве. Вось і сёлета мяркуе хутка ўзяць гэту планку. Дарэчы, у СВК «Прагрэс-Верцялішкі» ёсць першы камбайнер-тысячнік — Валерый Савасцян — хлебароб з салідным стажам.

А ўсяго ў Гродзенскай вобласці на раніцу 17 ліпеня 24 камбайнеры пераадолелі тысячны рубеж па намалоце зерня.

У сераду адбыўся новы рэкорд. Планку ў дзве тысячы тон узяў камбайнер Гродзенскага раёна Сяргей Шантыр. Ён, дарэчы, быў першым тысячнікам у вобласці. І вось праз два тыдні — першы двухтысячнік. Хлебароб працуе ўжо 24-ы сезон, стартаваў калісьці на «Ніве» і «Доне», працаваў у некалькіх гаспадарках раёна, 14 гадоў шчыруе на палях СВК «Гродзенскі».

Трэба сказаць, што вопытны хлебароб штогод у лідарах жніва. Летась ён наблізіўся да пяцітысячнага рубяжа. У гаспадарцы ўпэўнены, што ён і сёлета свайго не ўпусціць. Ужо пайшоў у значны адрыў ад сваіх калег. Гэтым самым задае тэмп і іншым механізатарам. Рэкордных намалотаў яму ўдалося дасягнуць на азімым ячмені, ураджайнасць якога ў СВК «Гродзенскі» дасягнула 102 цэнтнеры з гектара. Намалот дадзенай культуры ў гаспадарцы — больш за тысячу тон. А сярэдняя ўраджайнасць па гаспадарцы складае без малога 100 ц/га. Сельгаспрадпрыемства ў ліку першых па жніве ў Гродзенскім раёне і вобласці.

Менавіта высокая ўраджайнасць, па словах Сяргея Шантыра, садзейнічала яго перамогам. Да таго ж, справа на жніве яму добра вядомая, таму ўсё ідзе сваім парадкам. Камбайнер не хоча загадваць наперад, але разлічвае на добры вынік. Выдатна ведае сваю тэхніку, асаблівасці палёў, улічвае і фактар надвор’я. А галоўнае — верыць у свае сілы і вопыт.

Трэба сказаць, што ўборачная кампанія дае магчымасці добра зарабіць. Як расказаў старшыня Гродзенскага абкама прафсаюзаў АПК Рамуальд Юроўскі, за дзень заробак у камбайнера можа скласці 450-500 рублёў у залежнасці ад намалоту. Таму ў прастоях ніхто не зацікаўлены. Калі тона каштуе 2 рублі, то за бункер у 6 тон можна атрымаць 12. А такіх бункераў за дзень набягае не адзін дзесятак. Працаваць камбайнерам камфортна, зазначае прадстаўнік прафсаюза. Усе камбайны і большасць аўтамашын абсталяваны кандыцыянерамі, усім даецца спецадзенне, паўсюль работнікі на жніве забяспечаны гарачым харчаваннем два разы на дзень. Выдаткі на абед і вячэру большасць гаспадарак поўнасцю бярэ на сябе, а там, дзе яны платныя, на долю работніка прыходзіцца толькі 1,5-2 рублі даплаты. Раздатачны аўтамабіль абсталяваны столікамі, рукамыйнікам, аднаразовымі ручнікамі. Кожнаму работніку даецца вада ў бутлях. Сёлета прафсаюзы ўвялі новую паслугу — на палі выязджаюць работнікі ФАПаў, каб упэўніцца, што ўсе знаходзяцца ў добрым стане, асабліва ва ўмовах спякоты. Па словах прадстаўніка прафсаюза, кіраўнікі гаспадарак і самі вельмі ўважліва ставяцца да сваіх кадраў, асабліва тых, хто працуе на жніве.

Звязда