Галоўная / Навiны рэгiёна
16.04.2025

Зноўку забурляць у Бердаўцы крыніцы?!

Адна мясцовая гісторыя з глыбокімі каранямі і аптымістычным хэпі-эндам.

Калі ў аг. Бердаўка ад былога палаца Дамбавецкага (зараз – культурна-дасугавы цэнтр – аўт.) праз стары парк спусціцца да возера, а потым пастаяць хвіліну і добра-добра прыгледзецца, то можна ўбачыць, як варушыцца каля краю возера вада – цвірчыць, бяжыць ручаёк. Гэта крынічка прабівае сабе ход. Заўважыць яе, прыкрытую старым шыферам, зусім няпроста, але можна…Памыцца крынічнай вадзіцай

Дарогу да крыніцы нам паказвае настаўніца Бердаўскай школы Галіна Альшэўская. Галіна Антонаўна жыве ў Бердаўцы большую частку свайго жыцця. Пераехала сюды з бацькамі яшчэ ў 1975 годзе і адлучалася толькі на вучобу ў інстытуце. Потым вярнулася працаваць у родную школу і засталася тут жыць.
– З дзяцінства ведаю пра крынічку – у той час у ёй яшчэ бралі ваду. Памятаю, на вуліцы Паркавай, 8 (у былым панскім доме для прыслугі на сем кватэр) жылі людзі, і яны карысталіся менавіта вадой з крыніцы – тут быў калодзеж. А яшчэ раней, як расказвалі старыя людзі, на стаўку была лазня – ваду для яе таксама бралі з крынічкі. І ўвогуле, крыніца была тут не адна, а некалькі. Падчас паводкі каля возера, здаралася, размывала дарогу. Тэрыторыю, якая дагэтуль была ўзгорыстай, разраўнялі і на возеры пабудавалі дамбу. 

Для крыніц гэта стала адваротным адлікам. Многія з іх зніклі, але адна – тая, што бліжэй да палаца, усё ж засталася. 

– Калі я прыехала ў Бердаўку на працу, то калодзеж на яе месцы ўсё яшчэ існаваў. Праблема пагоршылася, калі на возеры пасяліліся бабры. Яны сталі валіць дрэвы. Адпаведна, у возеры зноў паднялася вада, – кажа Галіна Альшэўская. – Хаця, звярніце ўвагу: крынічка не знікла зусім, а праз перашкоды прабівае сабе шлях на паверхню зямлі. Вось каб пачысціць яе, прывесці ў парадак!..

Прабівае сабе шлях

Гадоў з пяць таму замаячыла надзея на яе аднаўленне. Адбылося гэта з падачы былога дырэктара Бердаўскай школы Сяргея Саўчыка. 

– На той час навакольная тэрыторыя зарасла кустоўем, і сама крыніца прыйшла ў занядбаны стан, вада стала мутнай і непрыдатнай для ўжывання. Школай было вырашана навесці парадак на тэрыторыі і зрабіць ачыстку крынічкі, – расказаў Сяргей Саўчык. – Агульнымі намаганнямі вучняў і педагогаў была адноўлена старая каменная абкладка і прабіта адводка вады да става. Вучні зграбалі лісце, выдалялі дробнае кустоўе, а фінальнай кропкай стала прачышчаная да бліжэйшай дарогі сцежка. Мы ўзялі шэфства над крынічкай і нават распрацавалі праект яе добраўпарадкавання. Запрасілі спецыялістаў Лідскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (тады яе ўзначальваў Аляксей Гайко), якія падтрымалі ідэю. Але… далей справа не пайшла. Патрабавалася прыцягненне спецыялістаў па глыбокай чыстцы калодзежа і ўвогуле вялікі аб’ём працы і фінансавых сродкаў. Мецэнатаў на той час побач не аказалася. 


І ўсё ж тэрыторыя каля крынічкі не была забытая. Хаця і падступае штогод да возера кустоўе, пагрозліва шуміць разлапістымі галінамі дрэў стары парк, шэфства над тэрыторыяй трымаюць мясцовая школа і культурна-дасугавы цэнтр. Вучні, педагогі і работнікі культуры перыядычна наводзяць тут парадак.

Прынамсі, куток Бердаўкі, а дакладна – культурна-дасугавы цэнтр, які месціцца ў палацы Аляксандра Дамбавецкага, былога губернатара Магілёўскай вобласці, якога, дарэчы, лічылі (ды і цяпер лічаць) пазашлюбным сынам расійскага імператара Аляксандра ІІ, карыстаецца папулярнасцю ў турыстаў. Установа культуры захоўвае багатую мясцовую гісторыю. Ну а калі вярнуцца ў сучаснасць, то ў гэтым жа будынку знаходзіцца музей сям’і, і ў ім таксама ёсць свае цікавыя традыцыі. Нярэдка сюды прыязджаюць вясельныя картэжы. Маладажоны ладзяць фотасесіі і спускаюцца да возера. Вось каб добраўпарадкаваць ля яго крынічку!.. Яшчэ адной турыстычнай кропкай у Бердаўцы было б болей.

Крыніца натхнення

“Ніколі не кажы ніколі!” Гэтыя словы пацвярджае старшыня Дубровенскага сельсавета Вольга Сідарэнка:

– Калі я толькі прыйшла працаваць у Дубровенскі сельсавет, то даведалася, што на яго тэрыторыі ёсць такая прыродная крынічка, і вырашыла яе захаваць. Знайшліся і нераўнадушныя людзі, мясцовыя жыхары, якія гэта жаданне падтрымалі. Абставіны хутка склаліся лепшым чынам. У сельвыканкам звярнуліся жыхары Бердаўкі, якія жывуць побач з крыніцай, – сям’я Панісавых. Яны выказалі жаданне займацца аграэкатурызмам і аформіць прылеглую да крыніцы зямлю. Сельсавет ініцыятыву падтрымаў. У дагаворы будуць прапісаны ўмовы – добраўпарадкаванне крынічкі і вольны доступ да яе людзей.

Сяргей і Вольга Панісавы (дарэчы, Сяргей – родны брат нашага знакамітага земляка, спевака і пераможцы “Х-фактар.BY” Андрэя Панісава – аўт.) пацвердзілі карэспандэнту “Лідскай газеты” свой намер:

– У Бердаўцы прайшло ўсё наша жыццё, выраслі дзеці, мы шчыра любім гэтае месца і нікуды адсюль не збіраемся з’язджаць. 

Сям’я жыве ў тым самым доме па вул. Паркавай, 8, і ў іх распараджэнні зараз увесь двухпавярховы будынак. Ну а думкі заняцца аграэкатурызмам муж і жонка выношваюць ужо даўно. Планы ў іх вельмі вялікія: добраўпарадкаваць тэрыторыю і, вядома ж, пачысць крыніцу, дабудаваць да дома мансарду для прыёма гасцей… Дарэчы, па прафесіі яны будаўнікі, таму зрабіць могуць усё самі.

– Дзеля таго, каб пачаць ажыццяўляць задуманае, неабходна аформіць зямлю. Працэс зацягнуўся, але гэта не мяняе нашых планаў, – кажа Сяргей Панісаў.

Якім будзе рашэнне раённых службаў у адносінах да афармлення неабходных дакументаў у адносінах сям’і Панісавых, пакуль невядома. І ўсё ж хэпі-энд у Бердаўскай крынічкі аптымістычны... 

Пабываўшы каля яе ў чарговы раз, мы звяртаем увагу, што тэрыторыя ў старым парку ачышчана, да крынічкі ўжо не так і цяжка прабірацца. Здзіўленне развеяў загадчык культурна-дасугавага цэнтра Аляксандр Парфенчык:

– Парадак падтрымліваецца сіламі мясцовай школы і ўстановы культуры. Плануем зрабіць сцежку да возера. А з часам прывязём бетоннае кальцо, добраўпарадкуем калодзеж і пачысцім крынічку. Закінутай яна не будзе.

Сумнявацца ў словах Аляксандра Генадзьевіча – чалавека, які нарадзіўся і амаль усё жыццё пражыў у Бердаўцы, адданы прафесіі і роднай зямлі, з’яўляецца дэпутатам Дубровенскага сельскага Савета дэпутатаў, не прыходзіцца. 

Хто ведае, магчыма, адчуваючы такі клопат людзей, з-пад зямлі зноўку праб’юцца і астатнія мясцовыя крыніцы?!

Лідская газета