Гасцям і ўдзельнікам ІІ Гульняў краін СНД будуць створаны ўсе неабходныя ўмовы для плённай работы і паўнацэннага адпачынку. Каб прыцягнуць на трыбуны як мага больш гледачоў, уваход на ўсе арэны будзе свабодным. У большасці відаў спорту выступяць моладзь і юніёры, але ў некаторых, у прыватнасці пляжным футболе, хакеі на траве, мастацкай гімнастыцы, самба і цяжкай атлетыцы, каманды плануюць выставіць асноўныя склады.
На сённяшняй прэзентацыі ў сталічным Палацы спорту гасцям былі прадстаўлены візуальныя брэнды маючых адбыцца Гульняў. У аснову сімволікі пакладзены ідэі "маляванак" беларускай мастачкі Алёны Кіш. Асноўныя брэнды выкананы ў сіне-васільковых тонах, характэрных для сінявокай Беларусі. Талісманам Гульняў стала беларуская рысь з імем Рыся. Слоган спаборніцтваў - "Моцны характар, яркая гульня!"
II Гульні краін СНД пройдуць у Беларусі з 4 па 14 жніўня. Цырымоніі адкрыцця і закрыцця спартыўнага форуму прыме "Мінск-Арэна". Акрамя сталіцы спаборніцтвы пройдуць у Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Барысаве, Салігорску, Оршы, Маладзечне і Жлобіне. Чэмпіёны і прызёры будуць вызначаны ў 20 відах спорту. Чакаецца, што за ўзнагароды будуць змагацца каля 5 тыс. спартсменаў, прычым не толькі з краін СНД, але і іншых дзяржаў.