На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале афіцыйна апублікаваны Закон Рэспублікі Беларусь ад 2 лютага 2026 года нумар 130-З "Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі". Дакумент спрашчае наведванне пагранзоны, паведамілі БЕЛТА ў Дзяржпагранкамітэце.
"Асноўная мэта паправак у частцы, якая датычыцца пагранічнага ведамства, - гарманізацыя заканадаўства аб Дзяржаўнай граніцы, узмацненне абароны ад знешніх пагроз пры адначасовым стварэнні больш зручных умоў для грамадзян і бізнесу", - адзначылі ў ведамстве.
Так, пашыраны пералік дакументаў, якія даюць права беларускім грамадзянам знаходзіцца ў пагранічнай зоне. У пералік дадаткова ўключаны пенсійнае пасведчанне, пасведчанне інваліда, студэнцкі білет і білет навучэнца. Прадугледжваецца магчымасць транзітнага руху да месца жыхарства (знаходжання) у пагранічнай паласе фізічных асоб без неабходнасці атрымання імі адпаведных пропускаў. Таксама выключаецца патрабаванне аб праверцы наяўнасці адпаведных пропускаў пры продажы праязных дакументаў для праезду ў транспартных сродках, якія едуць па маршрутах рэгулярных зносін у населеныя пункты, размешчаныя ў межах пагранічнай зоны або пагранічнай паласы.
Акрамя таго, выключаецца неабходнасць атрымання дазволу органаў пагранічнай службы на ажыццяўленне гаспадарчай і іншай дзейнасці ва ўнутраных водах Беларусі (водах рэк, азёр і іншых паверхневых водных аб'ектаў, берагі якіх поўнасцю належаць Рэспубліцы Беларусь) у межах пагранічнай зоны.
Таксама з мэтай забеспячэння нацыянальнай бяспекі з 1 красавіка 2026 года органы пагранічнай службы ўпаўнаважваюцца на ажыццяўленне дактыласкапічнай рэгістрацыі ў адносінах да асобных катэгорый іншаземцаў пры перасячэнні імі Дзяржаўнай граніцы. "Пры ажыццяўленні пагранічнага кантролю абавязковую дактыласкапічную рэгістрацыю будуць праходзіць іншаземцы, якія падлягаюць дэпартацыі або высылцы, перадаюцца замежнай дзяржаве ў рамках рэадмісіі, уключаныя ў спіс асоб, чый уезд у нашу дзяржаву забаронены або непажаданы, а таксама іншаземцы, якія ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы", - растлумачылі ў ДПК.
Пры гэтым такой працэдуры не падлягаюць непаўналетнія да 14 гадоў і іншаземцы, якія дасягнулі 75-гадовага ўзросту; грамадзяне Расіі, за выключэннем асоб, якія падлягаюць дэпартацыі або высылцы, а таксама ўключаных у спіс асоб, уезд якім у Беларусь забаронены альбо непажаданы; кіраўнікі замежных дзяржаў і ўрадаў, дыпламаты; некаторыя іншыя катэгорыі іншаземцаў.
БЕЛТА