Галоўная / Навiны рэспублiкi
17.04.2024

Давер, і гонар, і адказнасць. Сярод 1200 дэлегатаў УНС — 290 ад мясцовых Саветаў

Сярод 1200 дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу 290 чалавек павінны быць выбраныя ад мясцовых Саветаў. Дэпутаты Мінскага гарсавета становяцца дэлегатамі ў поўным сваім складзе — 60 чалавек, дэлегаты ад рэгіёнаў выбіраюцца на сесіях абласных Саветаў дэпутатаў. Такія сесіі ўжо адбыліся ўсюды, акрамя Магілёва — там дэлегатаў ад вобласці выбіраюць акурат сёння. Нашы карэспандэнты папрысутнічалі пры працэсе выбараў і пагаварылі з некаторымі прадстаўнікамі мясцовых Саветаў, каму даверылі прадстаўляць рэгіён у найвышэйшым органе народнай улады.


«Мы ведаем, што трэба людзям у рэгіёнах» 

На пасяджэнні Мінскага абласнога Савета дэпутатаў 29-га склікання адбыліся выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад мясцовых Саветаў дэпутатаў Мінскай вобласці.

Кандыдатамі ў дэлегаты УНС ад мясцовых Саветаў дэпутатаў былі вылучаны 60 чалавек: 12 чалавек ад Мінскага абласнога Савета дэпутатаў і 48 чалавек ад Саветаў дэпутатаў базавага і першаснага ўзроўняў. Падчас адкрытага галасавання дэпутаты Мінскага абласнога Савета дэпутатаў падтрымалі ўсе 60 кандыдатур.

Дэлегаты УНС ад Мінскай вобласці прадстаўляюць усе сферы эканомікі. Сярод іх — дзеячы культуры і мастацтва, урачы, настаўнікі, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў і іншыя. Самаму маладому дэлегату ўсяго 24 гады. Гэта дэпутат Карына Лоўчая, якая працуе эканамістам у сельскай гаспадарцы. Яна прадставіць на народным вечы Лагойскі раён.

«Усебеларускі народны сход з'яўляецца канстытуцыйным органам, і вы на працягу пяці гадоў будзеце дэлегатамі УНС, прымаючы рашэнні па найважнейшых пытаннях, звязаных з развіццём нашай краіны. Таму хацеў бы вас прасіць, каб вы данеслі сваім калектывам тыя рашэнні, якія будуць прыняты, тую атмасферу, якая панавала на сходзе. Вы прадстаўляеце ўсе пласты, і, як кажа Прэзідэнт, УНС — гэта народнае веча, якое вызначае лёс нашай краіны. Гэта велізарны гонар і велізарная адказнасць. Калі мы ўсе разам будзем рухацца наперад, то любыя задачы і рашэнні нам будуць па плячы», — падкрэсліў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын, які прысутнічаў на пасяджэнні аблсавета.

Пасля пасяджэння дэлегаты Усебеларускага народнага сходу падзяліліся тым, з якім настроем і з якімі задачамі яны адправяцца на народны форум.

«Місія адказная. На УНС я буду прадстаўляць сферу аховы здароўя, таму мяне хвалюе развіццё галіны, у прыватнасці якасць і даступнасць медыцынскай дапамогі насельніцтву. Таксама лічу, што дэлегат павінен быць актыўным патрыётам і паказваць актыўную пазіцыю грамадзяніна. Я з'яўляюся прадстаўніком Маладзёжнага савета, таму будуць праяўляць ініцыятыву яшчэ і ў гэтым плане. У Бярэзінскім раёне шмат робіцца для моладзі, але хацелася б больш актыўнага будаўніцтва жылля для маладых спецыялістаў з мэтай замацавання на рабочых месцах. Усё для таго, каб моладзь прыязджала і заставалася актыўнымі жыхарамі нашага раёна», — расказала Крысціна Крук, дэпутат Бярэзінскага раённага Савета дэпутатаў, галоўны ўрач Бярэзінскай ЦРБ.

«Для мяне выбранне дэлегатам УНС — гэта вялікі давер дэпутатаў. На дэлегатаў ускладаецца вялікая адказнасць, бо УНС набыў новы статус пасля рэферэндуму і задач перад ім стаіць шмат. Гэта і зацвярджэнне ўнутранай і знешняй палітыкі дзяржавы, і ваеннай дактрыны, і канцэпцыі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Паспрабую дух сходу несці ў масы і рэалізоўваць у сваёй паўсядзённай рабоце. Улічваючы мой досвед, я ведаю, што трэба людзям у рэгіёнах. Гэта і стварэнне новых рабочых месцаў, і павышэнне дабрабыту жыхароў, і прыцягненне інвестыцый. Усё гэта дазволіць вырашаць і сацыяльныя пытанні, і праблемы ЖКГ», — падзяліўся Аляксандр Кончанка, дэпутат Пухавіцкага раённага Савета дэпутатаў, дырэктар Пухавіцкага доследнага эксперыментальнага завода.

Паводле БелТА