У каляндарным плане выбарчай кампаніі, якая стартавала ў нашай краіне, цяпер рэалізоўваецца трэці пункт — збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты. Ва ўсіх рэгіёнах краіны заўважана вялікая колькасць пікетаў, на якіх члены ініцыятыўных груп збіраюць подпісы, адзначае Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь і нагадвае: выбаршчык павінен уласнаручна паставіць дату подпісу і распісацца ў падпісным лісце. Таксама выбаршчык мае права паставіць подпіс у падтрымку некалькіх кандыдатур, якія прапаноўваюцца для вылучэння кандыдатамі ў Прэзідэнты, але толькі адзін раз у падтрымку адной і той жа кандыдатуры.
12 лістапада для жыхароў і гасцей Партызанскага раёна каля аднаго з найстарэйшых кінатэатраў «Мір» з нагоды гэтага этапу электаральнай кампаніі адбыўся квэст-канцэрт «Я іду на выбары». А яшчэ ў той дзень тут размясціліся адразу чатыры пікеты па зборы подпісаў.
У кожнага ахвотнага была магчымасць падтрымаць як вылучэнне аднаго кандыдата, так і адразу ўсіх чатырох.
Збор подпісаў для вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі стартаваў 7 лістапада. Менавіта ў гэты святочны дзень на беразе вадасховішча Вяча, што пад Мінскам, адбыўся ІІІ Чэмпіянат СМІ па колцы дроў. Звяздоўцы ў ліку самых першых тады і паставілі свае подпісы і годна прадставілі сябе ў спаборніцтвах.
Сярод тых, хто пакінуў подпіс каля кінатэатра «Мір» у аўторак, большасць — моладзь. Яна актыўна ўдзельнічае ў лёсавызначальнай падзеі для ўсёй краіны. «Гэта мая першая выбарная кампанія, — распавяла жыхарка сталіцы Яўгенія. — Для мяне выбары — гэта сапраўднае свята. Хочацца, каб з кожным годам Беларусь квітнела ўсё больш і больш».
Прадстаўнікі моладзі бяруць актыўны ўдзел у будаўніцтве нашай дзяржавы, лічыць мінчанін Ігар: «Удзел у выбарах і актыўная грамадзянская пазіцыя асабліва важныя сёння. Наша моладзь якраз такая. Мы выступалі і працягваем выступаць за моцную і квітнеючую Беларусь».
Мы папрасілі падзяліцца ўражаннямі тых, хто збірае подпісы. «Людзі масава ўдзельнічаюць у перадвыбарнай кампаніі. Толькі за сёння я спісаў дзесяць падпісных лістоў! — распавёў прадстаўнік ініцыятыўнай групы ў падтрымку Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі Аляксей Аляксандравіч. — Народ прыходзіць з выдатным настроем! Тут пануе святочная атмасфера, гучыць музыка, усім весела».
Аляксей Аляксандравіч упэўнены, што інфармацыі пра выбары дастаткова, таму і пытанняў, як правіла, не ўзнікае: «У гэтым заслуга ў тым ліку і СМІ».
Затым падышлі да жанчын, якія збіралі подпісы за іншага кандыдата. «Сёння тут пануе святочная атмасфера, вельмі шмат моладзі, што не можа не радаваць, — адзначыла Таццяна Сяргееўна. — Многія жадаюць праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю, многія падыходзяць, ставяць подпісы. Кожны можа падпісацца нават за ўсіх кандыдатаў адразу. Галоўная — мець пры сабе пашпарт».
Па словах Таццяны Сяргееўны, выбары — гэта заўсёды вялікае свята: «У гэты час мы не толькі праяўляем сваю грамадзянскую пазіцыю, але і галасуем за сваю будучыню, за будучыню нашай краіны. Збор подпісаў, як і заўжды, ідзе ў рабочым парадку. Больш людзей прыходзяць менавіта ў выхадныя і святочныя дні. Станоўчыя эмоцыі выбаршчыкаў заўсёды грэюць душу і сэрца. У цэлым да нас прыходзяць з пазітыўным настроем, задаюць пытанні аб нашым кандыдаце, на якія мы заўсёды з задавальненнем адказваем».
«Мы збіраем подпісы за камуніста, першага сакратара ЦК КПБ, галоўнага рэдактара газеты „Камуніст Беларусі. Мы і час“, — паведаміў прадстаўнік ініцыятыўнай групы ў падтрымку Сяргея Аляксандравіча Сыранкова Аляксандр Васільевіч. — Прыходзіць вельмі шмат людзей. Усе цікавяцца. Ва ўсе часы наша партыя стаяла за сацыяльную справядлівасць перш за ўсё для працоўных. Якраз і цікавяцца нашым напрамкам і курсам. Таксама распытваюць аб лініі нашай партыі ў сучаснасці. Мы стараемся адказаць на ўсе пытанні, усё растлумачыць. Наш народ заўсёды быў добразычлівым. Многія людзі, даведаўшыся, што я з’яўляюся яшчэ і членам Саюза пісьменнікаў, задаюць шмат пытанняў аб нашай культуры. Адпаведна, я заўсёды імкнуся нашу культуру прадстаўляць ва ўсім свеце на высокім узроўні».
«Беларусы павінны цікавіцца палітычным жыццём сваёй краіны!» — адзначыла жыхарка сталіцы Алена падчас квэст-канцэрта. Па яе словах, беларусы могуць ганарыцца сваёй краінай.
Прэзідэнцкія выбары — сапраўды лёсавызначальная падзея. Такім меркаваннем падзялілася мінчанка Таццяна. «Трэба думаць аб тым, каб наша Беларусь заставалася і далей надзейнай, свабоднай, мірнай і бяспечнай. За гэта і трэба аддаваць свой голас», — упэўнена жанчына.
Пікеты па сборам подпісаў разгарнуліся ва ўсіх раёнах сталіцы. З 7 да 21 снежня ЦВК будзе прымаць дакументы, неабходныя для рэгістрацыі кандыдатаў. З 22 да 31 снежня адбудзецца рэгістрацыя. Перадвыбарная агітацыя і інфармаванне выбаршчыкаў пройдуць з 1 да 25 студзеня, датэрміновае галасаванне адбудзецца з 21 да 25 студзеня. Выбары Прэзідэнта Беларусі прызначаны на 26 студзеня 2025 года.
"Звязда"