Галоўная / Навiны рэспублiкi
21.07.2023

Якія рэгіёны больш за ўсё выклікаюць апасенне і што даручыў Лукашэнка. Дэталі прэзідэнцкага селектара

Правядзенне селектарнай нарады па пытаннях уборачнай кампаніі - гэта перш за ўсё магчымасць узварухнуць вертыкаль і засяродзіць увагу на найбольш праблемных пытаннях. На праведзеным пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі мерапрыемстве было даложана аб выяўленых негатыўных фактах не толькі на цяперашні момант, але і ў цэлым.

"Якая вобласць больш за ўсё выклікае насцярожанасць?" - пацікавіўся кіраўнік дзяржавы ў генеральнага пракурора Андрэя Шведа.

"Два рэгіёны, таварыш Прэзідэнт. Гэта Віцебшчына і Гомельшчына. На сённяшні дзень па шэрагу пазіцый выклікаюць у нас насцярожанасць. І па гатоўнасці па правядзенні работ, звязаных з уборкай ураджаю, і тое, што датычыцца (утрымання і забеспячэння захаванасці. - Заўвага БЕЛТА) буйной рагатай жывёлы. Тут у нас ёсць сур'ёзныя прэтэнзіі, - сказаў генеральны пракурор. - Калі ў іншых рэгіёнах ёсць пэўныя станоўчыя тэндэнцыі, то на Віцебшчыне, на жаль, тэндэнцыю з падзяжом буйной рагатай жывёлы змяніць дагэтуль не ўдалося".

Аляксандр Лукашэнка на гэта заўважыў, што да тэмы падяжу БРЖ яшчэ вернуцца на семінары, які плануецца правесці ў бліжэйшы час.

Ён адрасаваў прынцыповае пытанне адказнаму за Гомельскую вобласць кіраўніку спраў Прэзідэнта Юрыю Назараву: "Вы з Крупко (старшыня Гомельскага аблвыканкама. - Заўвага БЕЛТА) узяліся за Гомельскую вобласць і клятвенна мяне запэўнівалі, што там будзе парадак і пра Гомельскую вобласць у негатыўным рэчышчы гаварыць не будзем. Я так разумею, вы там не бываеце?"

У адказ Юрый Назараў запэўніў, што сітуацыя стабілізавалася, у тым ліку па падзяжы жывёлы, хоць і няма значных поспехаў. "Мы літаральна нядаўна праводзілі там сумесную нараду з удзелам генеральнага пракурора, міністра ўнутраных спраў на базе аднаго з раёнаў. Сказаць, што там крытычная сітуацыя, цяпер ужо нельга",- адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу звярнуў увагу на яшчэ адно прынцыповае пытанне - своечасовасць выплаты заработнай платы. Хоць па вялікім рахунку сур'ёзных праблем тут няма, але нават адзінкавыя факты недапушчальны.

"Мне дакладваюць, што вы наогул спецыялістам там зарплату не плаціце. Я проста не помню гэту гаспадарку. Непасрэдна адтуль людзі дакладваюць, што там не плацяць зарплату. Як вы хочаце ўборкай займацца, калі вы людзям не плаціце зарплату!? - абазначыў праблемнае пытанне кіраўнік дзяржавы. - Трэба зняць з усіх артыкулаў грошы і заплаціць людзям за работу. Я не гавару, што вы павінны ў гаспадарцы, дзе сёння збіраюць 9 або 10 цэнтнераў збожжа з гектара, нешта плаціць там надзвычайнае. Што вырасцілі, тое няхай прададуць і жывуць за гэта. Яны ж цудоўна разумеюць: калі няма прадукцыі - няма грошай. Якая зарплата? Але там, дзе людзі працуюць і зарабілі, трэба заплаціць. Аблвыканкамы, райвыканкамы павінны ўвесь свой фонд накіраваць туды, калі не хапае грошай".

Юрый Назараў у сувязі з гэтым агучыў прапанову выдзеленыя на розных узроўнях грошы "не размазваць тонкім слоем", а максімальна канцэнтраваць у тых гаспадарках, дзе можна атрымаць хуткую аддачу.

Белта