Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя Рэспублікі Беларусь падпісаў дакумент аб далучэнні Беларусі да Савета міру і выкананні палажэнняў Статута Савета міру. У поўнай адпаведнасці з прадугледжанай працэдурай, якая была абазначана ў пісьме Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Аб падпісанні адпаведнага дакумента Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Толькі што падпісаў дакумент. Падпісаў адпаведны зварот, як яны і прасілі, у Злучаныя Штаты, што мы гатовы прыняць іх прапанову - стаць заснавальнікамі гэтага Савета", - заявіў беларускі лідар.Адказваючы на пытанне аб рэальных умовах уваходжання ў Савет міру і чутках на прадмет таго, што для гэтага трэба ўнесці $1 млрд. "Гэтыя хворыя людзі чарговы раз схібілі (якія гавораць і пішуць аб гэтым. - Заўвага БЕЛТА). Проста трэба чытаць дакумент. Ніякіх грошай не трэба", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што першыя тры гады можна ўдзельнічаць у гэтай арганізацыі ў якасці заснавальніка бясплатна. "Але калі ты хочаш праз тры гады яшчэ, каб цябе там не выбіралі, не запрашалі і не назначалі, - мільярд долараў заплаці, і праз тры гады працуй далей. Мільярд патрэбны, калі ты праз тры гады захочаш працаваць, - падзяліўся падрабязнасцямі кіраўнік дзяржавы. - Але ёсць яшчэ ўмова. Калі будзеш супрацоўнічаць, добра працаваць у імя міру, то і без мільярда можаш далей працаваць. Я арыентуюся на другое".
"Таму хлусня гэта ўсё. Яны (апаненты. - Заўвага БЕЛТА) не ведаюць, за што зачапіцца, каб мяне недзе крануць. Як у народзе кажуць, панізіць рэйтынг, ролю і гэтак далей. Вядома, гэта важна для мяне. Але я менш за ўсё пра гэта думаю. І калі б было за што заплаціць мільярд долараў, я заплаціў бы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Але калі хочуць маю паслугу атрымаць, як і ад іншых, каго запрасілі, ды яшчэ і мільярд долараў атрымаць… Гэта нават Трамп сабе такога не дазволіў бы. Таму гэта поўная хлусня, што мы павінны ўносіць нейкі мільярд долараў. Нічога абсалютна не патрэбна. Патрэбны вопыт, патрэбны магчымасці для таго, каб працаваць у гэтым Савеце", - падкрэсліў беларускі лідар.
Што датычыцца ўдзелу Беларусі ў Савеце міру, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што аб'ектыўна разумее магчымасці беларускага боку. "Што мы там, для Газы вельмі дапаможам? Калі і дапаможам, то не вельмі. Але мяне прываблівае тое, што, можа, гэты Савет міру, яго нейкія дзеянні, магчымасці распаўсюдзяцца на іншыя часткі планеты. Перш за ўсё, можа, мы па Украіне нешта дапаможам, абмяркуем неяк і пасадзейнічаем міру, зможам наблізіць, паўплываць на ўкраінскае кіраўніцтва. Вось гэта мяне больш за ўсё прываблівае. А не тое, што мы ўжо там моцна дапаможам Газе. Я ведаю свае магчымасці і магчымасці нашай Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.
"Я гляджу ў будучыню (прымаючы рашэнне аб удзеле ў гэтай новай арганізацыі. - Заўвага БЕЛТА). Можа, не я, а нехта будзе іншы. Можа, дзякуй скажа. Таму не перажывайце. Ніхто грошы плаціць проста так не будзе. Гэта было першае маё пытанне, якое я задаў. Не, ніякіх грошай не трэба. МЗС сур'ёзна вывучыла гэтыя ўсе пытанні", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Белта