Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 лютага падпісаў закон "Аб
змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці", якім комплексна
ўдасканальваецца крымінальнае і крымінальна-працэсуальнае заканадаўства.
Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
У
адпаведнасці з дакументам перагледжаны санкцыі па 97 складах
злачынстваў. З іх 65 - дапоўнены альтэрнатыўнымі больш мяккімі відамі
пакаранняў (24 склады да гэтага часу змяшчалі пазбаўленне волі як адзіна
магчымае пакаранне). Яшчэ 32 склады зменены ў частцы памеру пакаранняў.
Устанаўліваецца,
што ўпершыню ўчыніўшым няцяжкія злачынствы жанчынам і адзінокім
мужчынам, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, а таксама
непаўналетнім і інвалідам I групы пазбаўленне волі не назначаецца. Аднак
за экстрэмізм і гвалтоўныя злачынствы гэтыя правілы прымяняцца не
будуць.
Крымінальныя справы аб парушэнні правіл дарожнага руху,
што прывяло да прычынення шкоды блізкім сваякам або членам сям'і
віноўніка ДТЗ, будуць падлягаць узбуджэнню толькі па заяве пацярпелых.
Такі падыход павінен садзейнічаць унутрысямейнаму ўрэгуляванню
канфлікту.
Законам прадугледжана ўзмацненне процідзеяння
кіберзлачыннасці. Так, магчыма накладанне арышту на грашовыя сродкі,
якія з'яўляюцца прадметам злачынства. Гэта дазволіць аператыўна
блакіраваць украдзеныя сумы на рахунках і забяспечваць іх вяртанне
пацярпелым. Замацоўваецца таксама механізм блакіравання нумароў
мабільных тэлефонаў, фішынгавых сайтаў, іншых інтэрнэт-рэсурсаў, якія
выкарыстоўваюцца зламыснікамі ў злачынных схемах.
Павышаецца
абарона правоў непаўналетніх удзельнікаў крымінальнага працэсу. Цяпер
удзел педагога, псіхолага будзе абавязковым як пры допыце падлеткаў, так
і правядзенні з іх удзелам вочнай стаўкі і праверкі паказанняў на
месцы.
Акрамя таго, законам прадугледжаны меры, якія даюць
магчымасць судам больш гібка падыходзіць да назначэння пакарання за
злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў.
Асноўныя палажэнні закона ўступаюць у сілу праз дзесяць дзён пасля афіцыйнага апублікавання.
Як
паведамлялася, праект адпаведнага закона быў накіраваны ў парламент
Прэзідэнтам Беларусі ў жніўні 2024 года. Падрыхтоўкай дакумента
займалася спецыяльна створаная пры Адміністрацыі Прэзідэнта рабочая
група. З улікам установак кіраўніка дзяржавы, дадзеных на нарадзе па
асобных пытаннях удасканалення заканадаўства аб крымінальнай адказнасці,
рабочая група правяла сістэмны аналіз норм крымінальнага і
крымінальна-працэсуальнага законаў з тым, каб прапанаваць карэкціроўкі,
якія дадуць судам больш магчымасцей індывідуалізаваць пакаранне ў
залежнасці ад цяжкасці ўчыненага злачынства, а таксама зрабіць
крымінальнае заканадаўства больш гуманным у адносінах да асобных
катэгорый асоб.