Галоўная / Навiны рэспублiкi
14.02.2023

Мабільны дадатак Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва раскажа пра будучую пенсію

З 1 лютага запушчаны мабільны дадатак Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Спампаваўшы яго, можна даведацца інфармацыю аб будучай пенсіі: ваш страхавы стаж, найменні работадаўцаў і час, які вы ў іх адпрацавалі, узносы, якія выплачвае работадавец (і пракантраляваць, ці робіць ён тое). Якія яшчэ магчымасці з'явяцца ў будучым, дзякуючы мабільнаму дадатку і ці можна вылічыць такім чынам будучую пенсію, расказала кіраўнік Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Юлія Берднікава.

Дадатак, які носіць назву ФСАН, прадставіць даныя, што маюцца на вашым асабовым рахунку ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва. Як вядома, там з 2003 года вядзецца індывідуальны персаніфікаваны ўлік, які збірае электронныя звесткі аб кожным працуючым.

— Сёння ў сістэме персаніфікаванага ўліку адкрыта 8 мільёнаў 300 тысяч асабовых рахункаў. Штогод палова з іх папаўняецца інфармацыяй, якая характарызуе працоўную дзейнасць грамадзян, што працуюць па працоўных, грамадзянска-прававых дагаворах ці ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць. Інфармацыя характарызуе і перыяды работы, і ўзносы ў бюджэт фонду, якія паступаюць як на пенсіённае, так і на сацыяльнае страхаванне. Мабільны дадатак дасць просты і зручны спосаб атрымаць інфармацыю ў зручны час у любым месцы ў электронным выглядзе праз смартфон, — тлумачыць Юлія Берднікава.

Спампаваць мабільны дадатак можна на пляцоўцы Google Play. У будучым плануецца пашырыць лічбавыя пляцоўкі. Уваход прадугледжаны праз міжбанкаўскую сістэму ідэнтыфікацыі. Для гэтага варта ў ёй зарэгістравацца. Уваход будзе ажыццяўляцца па вашых лагіне і паролі, якія вы выберыце, ці па ІD-картцы.

Мабільны дадатак прадугледжвае шэраг функцыянальных магчымасцяў, перш за ўсё гэта даныя вашага пасведчання дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, больш вядомага як «зялёная картка». Пасведчанне можна спампаваць на свой тэлефон ці выслаць на адрас электроннай пошты.

Можна атрымаць і звесткі пра сваю працоўную дзейнасць. Яны ўлічваюцца ў электроннай базе фонду з 2003 года. Найперш гэта перыяды працоўнай дзейнасці з датамі прыёму і звальнення. З 1 студзеня 2019 года тыя звесткі істотна пашырыліся, і цяпер там маюцца ўсе даныя, якія заносяцца ў працоўную кніжку. Гэта назва прафесіі і пасады, рэквізіты лакальнага акта аб прыёме на работу, найменне структурнага падраздзялення, від працоўных адносін, кваліфікацыйная катэгорыя, прысвоены клас ці разрад. Гэта інфармацыя знаходзіцца ў рубрыцы «Працоўная дзейнасць».

У раздзеле «Перыяды работы па грамадзянска-прававым дагаворы» зафіксавана, у якіх наймальнікаў вы працавалі, даты пачатку і заканчэння дзейнасці ў рамках грамадзянска-прававых адносін. Гэтыя звесткі таксама маюць значэнне пры прызначэнні будучай пенсіі.

Значнай з'яўляецца і інфармацыя аб выплаце работадаўцам узносаў на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне.

— Тут варта прызнаць, што не ўсе работадаўцы законапаслухмяныя. У гэтай галіне органы фонду вядуць нагляд і кантроль. Цяпер і грамадзянін са свайго боку можа таксама кантраляваць тую інфармацыю, якую яго работадавец прадставіў у фонд сацыяльнай абароны і як яна ўлічана на індывідуальным асабовым рахунку, — падкрэсліла Юлія Берднікава. — Гэта індывідуальныя звесткі аб налічаных выплатах і ўзносах, а таксама выплачаныя ўзносы. Як вядома, яны паступаюць на пенсіённае і сацыяльнае страхаванне. Узносы на пенсіённае страхаванне дазваляюць атрымаць права на будучую пенсію, а сацыяльныя — на цэлы комплекс сацыяльных дапамог. Гэта як дапамогі па часовай непрацаздольнасці (так званыя бальнічныя), так і шэраг сямейных дапамог, у тым ліку па нараджэнні і доглядзе дзіцяці. Інфармацыя акумулюецца ў разрэзе кожнага года.

Варта адзначыць, што выплачаныя ўзносы адлюстраваны толькі з 2013 года, бо з гэтага часу звесткі сталі ўлічвацца асобна па кожным працуючым.

Самая запатрабаваная інфармацыя — страхавы стаж, які, уласна, і дае права на будучую пенсію. Як вядома, на сёння парог страхавога стажу складае не менш за 19 гадоў, налета ён павялічыцца да 19,5 года, у 2025 годзе дасягне 20 гадоў. Дадатак разлічвае страхавы стаж аўтаматычна. Гэта колькасць гадоў, месяцаў і дзён, якія за апошнія 20 гадоў назапашаны і ўлічаны для будучай пенсіі.

— Ён лічыцца па тых звестках, якія ўлічаны з 2003 года, і праактыўна разлічваецца фондам. Вы ўбачыце дату, на якую ён разлічаны, — у гэты час апошні раз абнавіліся звесткі. У фонд яны паступаюць кожны квартал, — тлумачыць кіраўнік фонду. — Таксама ўказана, колькі месяцаў і дзён у канкрэтным каляндарным годзе грамадзянін займеў для будучай пенсіі. Тут жа маецца радок «Каэфіцыент заліку». Звычайна ён роўны 1 і азначае, што ў гэты час выплаты ў фонд налічваліся з заробку не меншага, чым мінімальны. Адзін месяц працоўнага стажу залічваецца пры ўмове, што ў гэтым месяцы былі налічаны і выплачаны ўзносы з заработнай платы, не меншай за мінімальную.

У перспектыве ў мабільным дадатку з'явяцца і новыя функцыянальныя магчымасці. У прыватнасці, рубрыка «Паведамленне». Там вас аператыўна праінфармуюць, што на ваш асабовы рахунак паступаюць узносы, налічаныя з заробку, ніжэйшага за мінімальную заработную плату. Таксама ёсць шэраг іншай інфармацыі, якая прысутнічае на асабовым рахунку, доступ да яе з'явіцца праз мабільны дадатак. Напрыклад, прычыны, з якіх работніку налічваецца заработная плата, ніжэйшая за мінімальную. Таксама фонд назапашвае звесткі па прафесійным пенсіённым старахаванні — пры рабоце ў небяспечных і шкодных умовах, што дае права на дадатковыя адлічэнні на будучую прафесійную пенсію.

Магчыма, з'явіцца і інфармацыя аб добраахвотным пенсіённым страхаванні. На сёння ўдзельнікамі добраахвотнай накапляльнай сістэмы пенсіённага страхавання з фінансавай падтрымкай дзяржавы сталі ўжо 12 тысяч беларусаў. У дадатку можна будзе даведацца, колькі назапашана сродкаў і якая капіталізацыя.

Яшчэ адзін магчымы крок, які сёння абмяркоўваецца, — прагназаванне памеру будучай пенсіі.

— На партале ФСАН ёсць калькулятар, дзе пры ўказанні пэўных параметраў ёсць магчымасць разлічыць будучую пенсію. Час пакажа, ці трэба дубляваць такую магчымасць у мабільным дадатку, — кажа спецыяліст.

На працягу лютага на адрас электроннай пошты фонду можна даслаць свае прапановы і заўвагі па рабоце мабільнага дадатку. А вось калі вы заўважылі праблему або інфармацыю, якая вас насцярожвае ці з'яўляецца, на ваш погляд, няправільнай, звяртайцеся з пашпартам у тэрытарыяльны фонд сацыяльнай абароны, каб высветліць, як дзейнічаць далей і выправіць памылку.

Звязда