Галоўная / Навiны рэспублiкi
10.12.2024

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час размовы з калектывам ТАА "ПАЖСНАБ" расказаў, як пакрыху ідзе перабудова айчыннай эканомікі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час размовы з калектывам ТАА "ПАЖСНАБ" расказаў, як пакрыху ідзе перабудова айчыннай эканомікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў пазітыўныя вынікі работы прадпрыемства, створаныя сучасныя камфортныя працоўныя месцы. "Мне, вядома, прыемна паглядзець і парадавацца за такое прадпрыемства, за ваш калектыў. Але як Прэзідэнта мяне цікавіць іншае - важнае. Калі ёсць на рынку попыт на вашу прадукцыю, ці зможам мы ў большым аб'ёме, больш якасна, калі гэта трэба, вырабляць прадукцыю?" - у пачатку сустрэчы спытаў Прэзідэнт.

Цяпер на "ПАЖСНАБе" працуюць амаль 250 чалавек, а пры пашырэнні вытворчасці колькасць працоўных месцаў можа значна ўзрасці, што важна для эканомікі як рэгіёна, так і краіны ў цэлым. Дарэчы, пытанне стварэння новых працоўных месцаў ужо не стаіць так востра, як раней, з-за асаблівасцей сучаснай сітуацыі на рынку працы. "У краіне дэфіцыт рабочых людзей для стварэння любой прадукцыі. Не толькі ў сельскай гаспадарцы, але ўжо і ў гарадах, прамысловасці дэфіцыт", - заўважыў Прэзідэнт.

"Тым не менш рабочым, спецыялістам прыемна працаваць на такім прадпрыемстве. Для мяне важна, каб такія былі прадпрыемствы, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Малайцы. Для сябе я зрабіў выснову: такія прыватныя прадпрыемствы трэба падтрымліваць. Не купі-прадай (гэта таксама трэба, таму што некаму ж трэба і прадаваць, але там у нас праблем фактычна няма), а вось такія вытворчыя калектывы мы будзем падтрымліваць".

У якасці важнага аспекту дзейнасці прадпрыемства "ПАЖСНАБ" і іншых такіх структур Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яны, вырабляючы канечны прадукт, маюць кааперацыйныя сувязі з многімі і перш за ўсё з дзяржаўнымі прадпрыемствамі, дзе закупляюць сыравіну, дэталі і вузлы, шасі і дапаўняюць усё гэта ўласнымі суперсучаснымі надбудовамі. У выніку атрымліваецца прадукцыя для высакароднай мэты - выратавання людзей.


Такая тэхналагічная і канкурэнтная па цане прадукцыя, зразумела, запатрабавана на знешніх рынках. І Прэзідэнт ставіць задачу на базе гэтага паспяховага вопыту і кампетэнцый развівацца далей, маштабаваць гэты прыклад на іншыя прадпрыемствы і галіны эканомікі ў цэлым. "Калі ёсць попыт на рынку, ці зможам мы вырабляць больш? - спытаў кіраўнік дзяржавы. - Для мяне важна, ці будзем вырабляць больш і прадаваць. Вельмі вялікі інтарэс, таму што вы, як лакаматыў, цягнеце многія прадпрыемствы, у тым ліку і дзяржаўныя".
"Вось так пакрыху ідзе перабудова нашай эканомікі. А эканоміка - гэта прадпрыемствы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на працягу вясны, лета, пачатку восені традыцыйна ўдзяляе значную ўвагу сферы сельскай гаспадаркі, таму што гэта важна для забеспячэння харчовай бяспекі. А цяпер, паводле яго слоў, настане перыяд для прадпрыемстваў прамысловасці.

"Позняй восенню і зімой, ранняй вясной мы будзем працаваць у прамысловасці. У бліжэйшы час паглядзім на перспектыўныя прадпрыемствы", - растлумачыў Прэзідэнт. Гэта неабходна ў першую чаргу для таго, каб вылучыць тыя сферы і асобныя аб'екты, дзе ў Беларусі ёсць поспехі, напрацаваныя кампетэнцыі, якія можна ў бліжэйшы час маштабаваць, развіваць.
Цяпер, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, шмат гаворыцца пра неабходнасць інвесціраваць, будаваць нешта новае, адкрываць новыя галіны. І Беларусь таксама ішла гэтым шляхам, але рух у гэтым напрамку звязаны са шматлікімі цяжкасцямі і фінансавымі затратамі, а таксама расцягнуты па часе. "Мы спрабавалі і новае будаваць. Гэта не так проста. Калі нешта новае, накшталт атамнай станцыі, БНБК, - у нас увогуле кампетэнцый не было", - растлумачыў Прэзідэнт.

Такая стратэгія ў эканоміцы, як асваенне новых галін, зразумела, таксама мае месца быць. Гэта асабліва важна для набыцця прарыўных, высокатэхналагічных галін. Так было, напрыклад, у выпадку з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, калі дамаўляўся з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным наконт магчымасці будаўніцтва АЭС, выставіў адну ўмову. "Умова была пастаўлена перад расіянамі і Пуціным, што мы, беларусы, працуем разам з вамі і вы ад нас нічога не ўтойваеце. Мне было важна вас (беларускіх спецыялістаў. - Заўвага БЕЛТА) навучыць гэтаму", - адзначыў ён.

"Дзякуй богу, нам розуму хапіла сваю станцыю пабудаваць, не баючыся Чарнобыля, Фукусімы. Гэта - будучыня. Сёння мы пра гэта ўжо гаворым. Літоўцы і нават палякі, якія ў 2020 годзе ўвесь час даймалі мяне: "Вось ён народ знішчыць хоча і атамную станцыю будуе", сёння дзве атамныя станцыі хочуць пабудаваць", - адзначыў Прэзідэнт. Такую істэрыку асобных суседніх краін проста растлумачыць - уся справа ў канкурэнцыі. "Ім не патрэбны канкурэнты, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але мы іх апярэдзілі. Таму ў нас сёння дастаткова электрычнасці, з лішкам. Вельмі танна ў параўнанні з іншымі рынкамі прадаём насельніцтву і будуем электрыфікаваныя дамы". Больш таго, ідзе размова аб магчымым будаўніцтве ў Беларусі другой АЭС. А работа першай ужо фактычна поўнасцю забяспечваецца беларускімі спецыялістамі.

Асваенне любой новай сферы звязана са значнымі фінансавымі ўкладаннямі і доўгім перыядам часу. "Гэта доўга, гэта дорага, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Таму, ствараючы новае і інвесціруючы ў нейкія новыя праекты, я падумаў: чаго мы перажываем, трэба развіваць свае школы там, дзе мы ўмеем. Умеем машыны будаваць (МАЗ, БЕЛАЗ, "Белкамунмаш"). Рабілі на рухавіку ўнутранага згарання - пачалі рабіць электрамабілі, попыт вялікі. Бачым попыт вялікі на аўтобусы, асабліва на асноўным рынку, - мы пачалі рабіць аўтобусы ў вялікай колькасці і нават завод новы будуем, у студзені мы яго здадзім. Літаральна за два гады яго пабудавалі".

"Гэта значыць, на базе тых кампетэнцый, таго, што мы ўмеем рабіць, трэба рухацца далей і грошы ўкладваць у гэта. Таму што мы ўжо гэта сваімі рукамі паспрабавалі рабіць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

І ў гэтым сэнсе паказальны прыклад "ПАЖСНАБа". Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што такім чынам у краіне ствараюцца ўласныя кампетэнцыі, свая вытворчасць, у якой актыўна задзейнічаны і іншыя прамысловыя аб'екты, напрыклад, МАЗ, "Полацк-Шкловалакно". "Вы не проста прадалі (сваю прадукцыю на рынку. - Заўвага БЕЛТА). Вы ўцягнулі нашы прадпрыемствы", - сказаў ён.