Яшчэ ў сваёй першай прадвыбарнай праграме Аляксандр Лукашэнка выступаў за аднаўленне на раўнапраўнай і ўзаемавыгаднай аснове сувязяў з Расіяй. Намаганні, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй, былі падтрыманы народам (83,3 %) на першым у суверэннай Беларусі рэферэндуме, праведзеным 14 мая 1995 года. З самага пачатку прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі ўзаемадзеянне з Расіяй з’яўлялася найважнейшым знешнепалітычным прыярытэтам.
Нязменным гэты курс застаецца дагэтуль.
21 лютага 1995 года быў падпісаны Дагавор аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь. 2 красавіка 1996 года, заключаны Дагавор аб утварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі. У той жа дзень Вышэйшым Саветам Супольнасці было прынята рашэнне аб заснаванні Дня адзінства народаў Беларусі і Расіі. 2 красавіка 1997 года прэзідэнтамі дзвюх дзяржаў быў падпісаны Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. Вянцом непарушнага саюза стала заключэнне Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы 8 снежня 1999 года.
Гэта быў няпросты, напоўнены шматлікімі перашкодамі, шлях выбудоўвання адносін, якія сёння маюць статус стратэгічнага саюзніцтва і глыбокай інтэграцыі. Падшыўка «Звязды» дазваляе ўзнавіць, з чаго ўсё пачыналася.
21 лютага 1995 года ў Мінску быў падпісаны Дагавор аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь.
«Адносіны Расіі з Беларуссю найбольш блізкія з усіх краін СНД, што тлумачыцца агульнай гісторыяй, рэлігіяй, блізкімі мовамі, добрым разуменнем адна адной, — гаварыў кіраўнік дзяржавы напярэдадні гэтай падзеі. — Неабходнасць больш глыбокай інтэграцыі дзвюх краін выклікана і эканамічным становішчам, у прыватнасці шырокімі сувязямі паміж расійскай і беларускай прамысловасцю. Больш глыбокая інтэграцыя дапаможа і ім, і нам хутчэй вывесці прамысловасць на плюсавую адзнаку».
Пазней у размове з журналістамі беларускі лідар падкрэсліў: «Мы заўсёды мелі цесныя адносіны з братнім расійскім народам. І сёння мы паставілі кропкі над «і» (маецца на ўвазе падпісанне Дагавора аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве. — «Зв.»).
«Дагавор аб утварэнні Супольнасці» — так афіцыйна называўся дакумент, падпісаны 2 красавіка 1996 года ў Маскве прэзідэнтамі Беларусі і Расіі.
Аляксандр Лукашэнка звяртаў увагу на тое, што менавіта гэты дакумент дазволіць зрабіць значны крок наперад і стварыць агульны дом. «Аб’яднаўшы інтэлект, матэрыяльныя рэсурсы, беларускі і расійскі народы змогуць хутчэй пераадолець крызісныя з’явы і будуць адыгрываць значную ролю на міжнароднай арэне, — канстатаваў беларускі лідар. — Мы зрабілі крок, дзякуючы якому беларускі і расійскі народы ўвойдуць у XXІ стагоддзе адзінай сям’ёй».
«Стварэнне Супольнасці — гэта якасна новы этап інтэграцыі, на сёння яна юрыдычна аформіла тое, што склалася ў адносінах паміж нашымі краінамі дэ-факта», — адзначаў кіраўнік дзяржавы 4 красавіка 1996 года падчас прэс-канферэнцыі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў выніку падпісання гэтага дагавора абедзве дзяржавы застануцца суверэннымі, ніхто не страціць сваёй незалежнасці. Наадварот, па словах Прэзідэнта, Беларусь толькі ўмацуе свае незалежнасць і суверэнітэт, абапіраючыся на вялікія магчымасці Расійскай Федэрацыі. «Беларуска-расійская інтэграцыя можа і павінна кансалідаваць наша грамадства», — падкрэсліў беларускі лідар.
Новым этапам ва ўмацаванні беларуска-расійскай інтэграцыі стала падпісанне Дагавора аб Саюзе Беларусі і Расіі 2 красавіка 1997 года.
«Гэта асаблівы выбар нашага народа, — канстатаваў кіраўнік беларускай дзяржавы. — І мы будзем прытрымлівацца яго, спадзеючыся на разуменне і падтрымку расійскага кіраўніцтва».
Беларускі лідар адзначыў, што саюз паміж Беларуссю і Расіяй будуецца не толькі для пераадолення цяперашніх крызісных з’яў, але і як трывалы фундамент будучага развіцця дзвюх дзяржаў.
«Галоўнае прызначэнне Саюза — паляпшэнне жыцця нашых грамадзян», — заявіў пасля падпісання дагавора Аляксандр Лукашэнка.
Аб тым, што з падпісаннем Статута Саюза Беларусі і Расіі ў жыхароў абедзвюх краін з’явіцца аснова для далейшага руху наперад і ў эканоміцы, і ў палітыцы, і ў іншых сферах, Аляксандр Лукашэнка гаварыў 22 мая 1997 года ў аэрапорце «Мінск-2» перад вылетам у сталіцу Расіі для падпісання гэтага асноватворнага дакумента беларуска-расійскай інтэграцыі. Прэзідэнт адзначыў, што беларуская дзяржава сёння ўжо зможа выжыць без чыёй-небудзь дапамогі. А вось для таго, каб рухацца наперад, і перш за ўсё ў эканамічным плане, для таго, каб дасягнуць узроўню вытворчасці і валавога нацыянальнага прадукту, які быў у Беларусі ў часы існавання СССР, патрэбны саюз з іншымі дзяржавамі.
Аляксандр Лукашэнка выказаў думку, што самым эфектыўным можа быць саюз з Расіяй, бо абедзве дзяржавы захавалі сувязі, людзі размаўляюць на адной мове, разумеюць адзін аднаго. У іх адна культура, духоўнасць, спадчына. «Усё гэта сведчыць аб тым, што мы павінны жыць разам», — заявіў Прэзідэнт.
Падчас урачыстай цырымоніі падпісання Статута Саюза Беларусі і Расіі, якая 23 мая 1997 года адбылася падчас пасяджэння Вышэйшага Савета Супольнасці Беларусі і Расіі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што альтэрнатывы аб'яднанню няма. «А Статут Саюза Беларусі і Расіі стане надзейным палітычным і прававым фундаментам іх сумеснай дзейнасці», — канстатаваў ён.
Гаворачы аб асноўных прынцыпах Саюза, Прэзідэнт асабліва падкрэсліў непарушнасць суверэнітэту абедзвюх дзяржаў.
«Упэўнены, што мы абавязкова пераадолеем сённяшнія цяжкасці і ўвойдзем у трэцяе тысячагоддзе моцным і квітнеючым міждзяржаўным аб'яднаннем, з якім будуць лічыцца не толькі ў Еўропе, але і ва ўсім свеце», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Такім чынам, быў завершаны адзін з этапаў напружанай работы па ўмацаванні дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай, ваеннай, навуковай, культурнай і іншых галінах. Новы этап беларуска-
расійскага супрацоўніцтва пачаўся 8 снежня 1999 года, калі быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, якая за час свайго існавання сапраўды ўспрымаецца ва ўсім свеце як вельмі моцнае ўнікальнае інтэграцыйнае аб'яднанне.
Падчас сустрэчы Прэзідэнта з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы ў лютым 2026 года Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў некаторыя домыслы наконт таго, што нехта спрабуе адарваць Беларусь ад Расіі.
«Няма той сілы, якая сёння здольная адарваць Беларусь ад Расіі і Расію ад Беларусі, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Абставіны так склаліся, што яны нас разам звязалі, напэўна, на доўгія-доўгія дзесяцігоддзі і стагоддзі. Хоць, увогуле, нас няма ў чым папракнуць — Беларусь — мы заўсёды былі арыентаваны на Расію».
Па словах беларускага лідара, час такі, калі трэба быць разам, бачыць свае інтарэсы, адстойваць іх. «У нас ёсць усё для таго, каб гэтыя інтарэсы абараніць і адстаяць», — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Звязда