Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Міжраённы артраскапічны цэнтр, дзе будуць выконвацца аперацыі на суставах, ствараецца ў Лідзе

04.06.2025
Міжраённы артраскапічны цэнтр, дзе будуць выконвацца аперацыі на суставах, ствараецца ў Лідзе

Майстар-клас па рабоце на сучасным артраскапічным комплексе даў у Лідскай раённай бальніцы галоўны пазаштатны траўматолаг Міністэрства аховы здароўя, дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Міхаіл Герасіменка.


Аб гэтым паведамілі БелТА ва ўстанове аховы здароўя.

Як растлумачылі спецыялісты, артраскапія — гэта малаінвазіўны метад дыягностыкі і лячэння суставаў, які шырока прымяняецца ў траўматалогіі і артапедыі. Ён заключаецца ў выкарыстанні спецыяльнага аптычнага прыбора — артраскопа ў суставе праз невялікія праколы. Гэта дазваляе траўматолаг-артапеда дэталёва агледзець унутраныя структуры сустава і пры неабходнасці адразу выканаць хірургічнае ўмяшанне

Артраскапія выкарыстоўваецца для дыягностыкі і лячэння розных захворванняў і траўмаў суставаў: пашкоджанне меніскаў і звязкаў каленнага сустава, разрывы рататарнай абшэўкі плечавага сустава, артрыты і артрозы на ранніх стадыях, запаленчыя і дэгенератыўныя захворванні суставаў, выкарыстоўваецца для выдалення храстковых або касцяных фрагментаў пасля траўмаў. Яе перавагі — мінімальная траўматычнасць, хуткае аднаўленне, высокая дакладнасць дыягностыкі, а таксама зніжэнне пасляаперацыйных ускладненняў і эстэтычны вынік — адсутнасць вялікіх шрамаў пасля працэдуры.

Як адзначыў галоўны ўрач Лідскай ЦРБ Іван Загароўскі, склалася добрая практыка Міністэрства аховы здароўя — выязныя навукова-практычныя семінары. Гэта дае магчымасць урачам атрымліваць новыя веды, адпрацоўваць практычныя навыкі непасрэдна на месцах, запазычаць вопыт лепшых спецыялістаў вядучых клінік краіны — РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, Гродзенскай універсітэцкай клінікі і Гродзенскай клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. «За мінулы год у Лідзе было праведзена 260 пратэзаванняў тазасцегнавых суставаў, што складае 28 працэнтаў ад усіх пратэзаванняў на Гродзеншчыне», — сказаў Іван Загароўскі.

З пачаткам работы міжраённага артраскапічнага цэнтра і асваеннем новых аперацый у планах у лідскіх медыкаў укараненне пратэзавання каленных суставаў.
© Лiдскi раённы выканаўчы камітэт, 2025.