Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Усе справы разам з Богам. У сям’е Кіжук з павагай адносяцца да ўсіх традыцыйных веравызнанняў

12.01.2026
Усе справы разам з Богам. У сям’е Кіжук з павагай адносяцца да ўсіх традыцыйных веравызнанняў
Бацькі далі дзецям адпаведнае талерантнае выхаванне.

Сям’я Ганны і Віталія Кіжук з Ліды – адна з тысяч беларускіх сем’яў, дзе з аднолькавай павагай адносяцца да ўсіх традыцыйных веравызнанняў. Справа ў тым, што Ганна – праваслаўная, а Віталь – католік. Шлюб бралі ў касцеле, але ўсіх траіх дзетак хрысцілі ў царкве, пра што было агаворана яшчэ да шлюба. Сёлета яны адсвяткавалі срэбнае вяселле. І калі і былі за гэты час якія спрэчкі – у жыцці ўсялякага хапае – то на глебе веравызнання іх не было ніколі.

І ў гэтым, як лічаць сужэнцы, вялікая заслуга іх бацькоў, якія не толькі далі адпаведнае талерантнае выхаванне, але і самі пасля жаніцьбы дзяцей мелі паміж сабой добрыя зносіны.

Такім чынам, яшчэ чвэрць стагоддзя назад у маладой пары склалася першая сямейная традыцыя: на вялікія каталіцкія святы збірацца ў бацькоў Віталія, на праваслаўныя – у бацькоў Ганны. Гэтаму прынцыпу застаюцца вернымі і сёння.

– Для мяне прымаць удзел у царкоўных богаслужэннях – не абавязак, а патрэба душы. Таму заўсёды рэгулярна наведваю сама, з маленства брала з сабой дзяцей, каб прычашчаць іх. З такой жа патрэбай да Божага слова вырасла наша дачушка, якая ужо дарослая (працуе ўрачом ў стаматалагічнай паліклініцы). Сыны, увайшоўшы ў падлеткавы ўзрост, троху радзей сталі наведваць царкву, але, як і раней, застаюцца веруючымі людзьмі, – расказвае Ганна.

Жанчына шчыра распавяла пра тое, як важна найсці свайго духоўніка, які можа выслухаць, даць добрую нараду. Ганна наведвае Свята-Міхайлаўскі кафедральны сабор у Лідзе. Апроч ўдзела ў богаслужэннях, яе запрашаюць да яго ўпрыгожвання напярэдадні святаў.

Што тычыцца традыцый святкавання Божага Нараджэння ў іх сям’і, яна расказала наступнае:

– Я сама з мнагадзетнай сям’і. Ёсць яшчэ браты: старэйшы таксама жыве ў Лідзе, малодшы – у Смаргоні. Усе яны сямейныя, маюць дзетак. Таму, калі мы збіраемся ў бацькоў, у прыватнай хаце становіцца мнагалюдна, гучна, па-сямейнаму цёпла, але месца хапае ўсім.

Традыцыйна мы абменьваемся падарункамі. Для малодшых дзетак кладзем іх пад елку.

На куццю гатуем дванаццаць (па ліку апосталаў) посных страў: кашу з медам і разынкамі, кісялі, рыбу, смажаныя грыбы, вушкі (некалькі тазікаў!) з розным начыннем: грыбамі, капустай, макам, павідлам. Але перад тым, як накрываць стол, абавязкова кладзём пад абрус сена – у памяць аб першай Хрыстовай люльцы – яслях.

Напярэдадні стараемся вытрымліваць пост. Таму за стол садзімся толькі з першай зоркай. Пасля наведваем усяночнае богаслужэнне.

Ну а на наступны дзень ужо гатуем больш разнастайныя стравы, у тым ліку з мяса. Але якія б мы новыя рэцэпты не спрабавалі, нават даволі ўдалыя, надоўга яны на нашым святочным стале не прыжываюцца. Нязменнымі застаюцца тыя, пра якія можна сказаць: “Смак дзяцінства”. Таму робім мяса з бульбай у гаршчочках, клёцкі, тарты “Медавік” і “Графскія разваліны”. І гэта таксама наша добрая традыцыя.

Але не ў колькасці страў каштоўнасць такіх свят, лічаць у сям’і Кіжук. Самае важнае і каштоўнае – умацаванне сямейных зносін. Бо менавіта ў такія гадзіны вядуцца душэўныя гутаркі, успамінаюцца нейкія цікавыя падзеі, якія адбываліся ў сям’і. І нават калі іх расказваюць не ў першы раз, гэта ўсё роўна цікава і вельмі эмацыянальна. А для падрастаючага пакалення гэта дае магчымасць даведацца пра гісторыю свайго роду.

Гродненская праўда
© Лiдскi раённы выканаўчы камітэт, 2026.