Лідскі раён — гэта сучасны, прывабны для жыцця, бізнесу і турызму рэгіён, які дынамічна развіваецца. У рэгіёне два гарады і 272 населеныя пункты.
Тут пражывае 133 тысячы чалавек, у самой Лідзе — амаль 104 тысячы, а ў горадзе Бярозаўка — больш за 9 тысяч.
Раённы цэнтр мае вельмі выгаднае геаграфічнае становішча. Адлегласць ад Ліды да Мінска — 160 кіламетраў, да Гродна — 100 кіламетраў, столькі ж да Вільнюса, да польскай мяжы — каля 120 кіламетраў.
На Лідчыне наладжана сучасная прамысловая і сельскагаспадарчая вытворчасць, высокія паказчыкі мае дарожна-будаўнічы комплекс.
Лідскі раён — другі па значнасці раён Гродзеншчыны. Аснову эканомікі фарміруе прамысловы комплекс, які складаецца з 40 буйных прадпрыемстваў.
Развіты сельгасмашынабудаванне, металаапрацоўка, хімічная, харчовая, шкляная, дрэваапрацоўчая вытворчасць, што робіць рэгіён адным з буйнейшых прамысловых цэнтраў Гродзенскай вобласці.
Не толькі ў краіне, але і па-за яе межамі сталі брэндамі назвы: «Лідская мука», «Лідскае піва», «Лідская лакафарба», «MiLida», «Лідкон», «Нёманскае шкло», «Лідскі абутак», «Індычка з Ліды».
Паспяхова працуе сетка ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры і спорту.
Спартыўная база Лідскага раёна актыўна развіваецца. Мясцовыя спартсмены дасягаюць поспехаў на нацыянальным і міжнародным узроўнях.
Культурная сфера прадстаўлена Лідскім раённым цэнтрам культуры і народнай творчасці, які захоўвае і папулярызуе беларускія традыцыі. Тут можна пазнаёміцца з абрадамі, песенным і танцавальным фальклорам, рамёствамі — ткацтвам, керамікай, ганчарствам, пляценнем з саломкі, выцінанкай, народнай лялькай і інш. Майстры праводзяць практычныя заняткі, працуе сувенірная крама.
Лідская зямля багата сваім гістарычным мінулым, векавымі традыцыямі і культурнай спадчынай. Для тых, хто цікавіцца гісторыяй, у Лідзе ёсць выдатны гісторыка-мастацкі музей, дзе прадстаўлены матэрыялы, што датычацца Лідскага краю.
На працягу шмат гадоў візітнымі карткамі горада на рацэ Лідзейцы з’яўляюцца яго гістарычныя славутасці — Лідскі замак, піваварны завод, кафедральны Свята-Міхайлаўскі сабор, фарны касцёл Узвіжання Святога Крыжа і інш.
Не застаецца па-за ўвагай гасцей Ліды і помнік Гедыміну, усталяваны некалькі гадоў таму. Менавіта так мясцовыя жыхары разам з кіраўніцтвам Лідчыны вырашылі аддаць даніну памяці князю Вялікага Княства Літоўскага. Дзякуючы Гедыміну ў 1323 годзе на насыпным пясчаным пагорку, акружаным балоцістымі берагамі рэк Лідзейкі і Каменкі, было распачата будаўніцтва абарончага аб’екта. Гэты год лічыцца пачаткам гісторыі Ліды.
Кажуць, што сучасныя людзі забыліся на свае карані і мову — не верце. Калі хочаце пазнаёміцца з традыцыямі і культурай беларускага народа, завітайце ў аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Вы шмат даведаецеся аб абрадах, песенным і танцавальным фальклоры.
Жадаеце пабачыць паказ тэатра «Батлейка» ці наведаць пастаянную выставачную экспазіцыю «Скарбы Лідскага краю», якая папулярызуе асобныя напрамкі традыцыйных беларускіх рамёстваў? Калі ласка!
Магчыма, у вас узнікне жаданне асвоіць рамяство ткацтва, керамікі, ганчарства, пляцення з саломкі, выцінанкі, народнай лялькі і інш. Майстры гатовыя правесці практычныя заняткі. Не забудзьцеся таксама зазірнуць у сувенірную краму і зрабіць пакупкі.
Беларусь — гэта краіна лясоў, рэк, азёр. На тэрыторыі Лідскага раёна цякуць вялікія рэкі Нёман і Дзітва, а таксама шмат малых рачулак, утворана нямала азёр.
Акрамя ворных зямель, пад якія адведзена больш за трэць сельгасугоддзяў, значную частку тэрыторыі раёна займае лес, дзе растуць яловыя і ліставыя дрэвы.




