Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Чым жыве ў аграгарадку Пескаўцы Яўгенія Руткоўская

16.07.2024
Чым жыве ў аграгарадку Пескаўцы Яўгенія Руткоўская
 Аднойчы мне пашанцавала прыехаць у аграгарадок Пескаўцы, які знаходзіцца ў 50 км ад горада Ліды. Вуліцы амаль пустыя, але гэта не дзіва: у працоўны дзень жыхары аграгарадка былі на рабоце. Мне ў вочы кінулася жанчына ва ўзросце, якая ехала на ровары з мясцовага магазіна. Я не змагла прайсці міма і затрымала яе. Аказалася, што гэта была жыхарка Пескаўцаў 79-гадовая Яўгенія Пятроўна Руткоўская. Мы разгаварыліся. Жанчына расказала пра сваё жыццё і чым займаецца на пенсіі:

— Жыву ў Пескаўцах з 1965 года. З таго часу вёска змяніла сваё аблічча, — кажа Яўгенія Пятроўна. – Шмат пабудавалася новых дамоў, ды і людзі мяняліся: адныя прыязджалі, другія, наадварот, мянялі месца жыхарства. Цяпер жа кожны селянін Пескаўцаў ведае адзін аднаго.

Жанчына ў размове таксама паведаміла, як яна прыехала ў Пескаўцы і засталася тут.

– Закончыла я Сухоцкі тэхнікум, прыехала сюды на працу па размеркаванні. Спачатку працавала на племянной ферме, а потым перавялі на пасаду бухгалтара ў мясцовым калгасе.

У Пескаўцах Яўгенія Пятроўна і сустрэла свайго мужа. Нарадзілася трое дзяцей. Дачка зараз жыве ў Мінску, а сыны працуюць і жывуць у аграгарадку. Яўгенія Пятроўна таксама мае 6 унукаў і 6 праўнукаў, якімі яна вельмі ганарыцца.

— На выхадныя прыязджала дачка з сям’ёю, прыходзілі сыны. Яны дапамаглі мне апалоць агарод. Але і сама не сяджу на месцы. Вечарам ці зранку стараюся паліваць градкі, каб быў добры ўраджай. Дачка кожны год садзіць мне розныя кветкі, такія як гартэнзіі, фіялкі, бо ведае, што я вельмі люблю іх, а зяць заўсёды іх фатаграфуе і паказвае сваім калегам па працы. Яшчэ кожны год саджаем бульбу, каб хапіла сабе і дзецям. У гаспадарцы трымаю курэй, — кажа Яўгенія Пятроўна.

З цеплынёю ў сэрцы жанчына выказвае словы падзякі прадстаўнікам мясцовай улады, якія не забываюць пра яе.

– Заўсёды прыходзяць і пытаюцца, якая дапамога патрэбна. Таксама папярэджваюць аб ашуканцах, якіх зараз шмат, каб я была ўважлівай, – кажа жанчына.

У аграгарадку працуе магазін «Родны кут». Там маецца вялікі асартымент прадуктаў. – Пакупнікам усяго хапае. Вось і сёння ездзіла на ровары купляць прадукты. Буду рабіць аладкі, — кажа Яўгенія Пятроўна, а пасля падзялілася сваім сакрэтам прыгатавання смачнай стравы.
РЭЦЭПТ

Для прыгатавання аладак спатрэбіцца: 200 мл кефіру, 150 г. мукі, 1 яйка, 2-3 ст. л. цукру, дробка солі, 0,5 ч. л. соды без верху. Кефір трэба крыху падагрэць. Дадаць да яго соду і пачакаць з’яўлення рэакцыі. Потым дадаць яйка, цукар, соль і ў канцы муку. Цеста будзе цягучае і густое. Патэльню разагрэць і сфарміраваць аладкі лыжкай. Масла дадаваць не трэба. Калі на патэльні цеста крыху прыгарае, то проста змажце посуд кропляй расліннага алею. 1 ст. л. з горкай цеста роўная адной аладцы. Смажым пад вечкам на сярэднім агні з двух бакоў. Прыемнага апетыту! — кажа жанчына.
У размове Яўгенія Пятроўна таксама паведаміла, што выпісвае наша выданне:

 — Я вельмі люблю чытаць і ўжо на працягу многіх гадоў выпісваю «Лідскую газету». Хочацца быць у курсе падзей, якія адбываюцца на Лідчыне. Люблю чытаць матэрыялы пра людзей, якія жывуць у нашым раёне.

 Жанчына падзякавала за плённую працу і пажадала калектыву «Лідскай газеты» толькі поспехаў і росквіту.

Лідская газета
© Лiдскi раённы выканаўчы камітэт, 2024.