Івацэвічы перадалі Лідзе эстафету Дня беларускага пісьменства
03.09.2024
У Івацэвічах урачыста перадалі эстафету Дня беларускага пісьменства
гораду Ліда Гродзенскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Для Івацэвіч гэтыя два дні былі яркімі, насычанымі і
незабыўнымі. Гэта свята аб'яднала нас павагай да такіх простых адвечных
сімвалаў духоўнасці, як кніга і слова. І гэту павагу мы павінны перадаць
нашчадкам", - адзначыў "гаспадар" ХХХІ Дня беларускага пісьменства -
старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Уладзімір Бялоў. Ён выказаў
упэўненасць, што ў жыхароў раёна надоўга застануцца ўспаміны аб свяце
асветы. "Мы прадставілі ва ўсёй разнастайнасці культуру, самабытнасць
Івацэвіцкага краю і першага рэгіёна ў цэлым", - падкрэсліў Уладзімір
Бялоў.
Па традыцыі ён перадаў эстафету гораду, які стане наступнай
сталіцай Дня беларускага пісьменства. Старшыня Івацэвіцкага райвыканкама
уручыў вымпел і пераходны прыз свайму калегу з Ліды.
"Вельмі прыемна знаходзіцца на брэсцкай зямлі, у цудоўным
горадзе Івацэвічы. Хачу вас павіншаваць з паспяховым правядзеннем такога
грандыёзнага рэспубліканскага свята. Прыемна праязджаць па вашых
вуліцах, якія папрыгажэлі, - адзначыў старшыня Лідскага райвыканкама
Сяргей Ложачнік. - Літаральна заўтра мы пачынаем ужо рыхтавацца да свята
ў наступным годзе. Я вас усіх запрашаю, прыязджайце і паглядзіце наш
старажытны горад Ліда, вельмі прыгожы, цікавы, з багатай гісторыяй".
Свята асветы Івацэвічы прымаюць 31 жніўня і 1 верасня. Асноўныя
лакацыі разгарнуліся ў цэнтральнай частцы горада. Гасцям прадставілася
магчымасць азнаёміцца з экспазіцыямі выдавецтваў, СМІ, музеяў,
бібліятэк. Арганізавана мноства інтэрактыўна-забаўляльных пляцовак,
працуюць гандлёвыя рады, можна набыць вырабы рамеснікаў. На галоўнай
сцэне ўшаноўвалі лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі і пераможцаў
конкурсу "Хвала рукам, што пахнуць хлебам".
Да ХХХІ Дня беларускага пісьменства Івацэвічы расквітнелі, былі
адрамантаваны інфраструктурныя аб'екты, дамы. Яшчэ адным падарункам
стала адкрыццё ў цэнтральнай раённай бальніцы кабінета камп'ютарнай
тамаграфіі. На памяць у горадзе застануцца арт-аб'екты - "Лунаючыя
кнігі" і "Дзеці лясной школы".