Як жывуць жыхары в. Бешанкі, і як мясцовыя ўлады дапамагаюць вырашаць іх праблемы
14.09.2024
Рэдакцыя “Лідскай газеты” працягвае праект пад назвай “Месца сустрэчы
– аддаленая вёска”. Журналіст выдання разам са старшынёй сельсавета
выязджае ў невялікі населены пункт, які знаходзіцца на значнай
адлегласці ад цэнтральнай сядзібы сельсавета. Цікавіць, што хвалюе
вяскоўцаў, якія патрэбы яны маюць. Пытанні, якія ставяць жыхары, бяруцца
пад увагу. Калі рашэнне запыту ў кампетэнцыі мясцовай улады, кантроль
над ім бярэ старшыня сельскага Савета дэпутатаў. Калі вырашэнне пытання
не можа абысціся без прыцягнення пабочнай арганізацыі, рэдакцыя газеты
звяртаецца туды з просьбай дапамагчы вяскоўцам. Нядаўна такі прыём
грамадзян адбыўся ў вёсцы Бешанкі. Журналіст «Лідскай газеты» разам з
выконваючым абавязкі старшыні Мажэйкаўскага сельвыканкама Аляксеем
Гайко, старшым інспектарам Мажэйкаўскага сельвыканкама Юліяй Губейка
абышлі мясцовыя сядзібы, сустрэліся з іх гаспадарамі.
Бешанкі знаходзяцца не толькі на самай ускраіне сельсавета, але і на
мяжы Лідскага і Шчучынскага раёнаў. У вёсцы разам с хутарамі налічваецца
16 хат і 12 жыхароў, але пастаянна пражываюць толькі 8. Праўда,
населены пункт летам ажывае. Да бабуль і дзядуль прыязджаюць не толькі
дзеці, але і ўнукі, праўнукі. нашчадкі бавяць час і наводзяць парадак на
пустуючых сядзібах сваіх продкаў.
А некалі ў Бешанках круглы год віравала жыццё. Нямала мясцовых дзетак
наведвала Гасцілаўскую школу, якая існавала ў той час. Зараз у вёсцы
жывуць толькі людзі сталага веку.
Зменшылася з цягам часу ў Бешанках і колькасць хат. Тыя будынкі, якія
доўгі час пуставалі і для якіх не знайшлося новых гаспадароў, ідуць пад
знос. Вось і нядаўна закінутая сядзіба на ўездзе ў вёску перастала
існаваць. Сельвыканкам выканаў усе неабходныя фармальнасці, і зямельны
надзел быў перададзены ЛРСУП “Мажэйкава” для вядзення таварнай сельскай
гаспадаркі. Цяпер на гэтым кавалку зямлі, як і наогул на палях
сельгаспрадпрыемства вакол Бешанак, густой сцяной стаіць кукуруза.
І яшчэ адзін факт (яго гаспадарлівыя сельскія жыхары заўсёды прыводзяць
у гутарцы, калі хочуць падкрэсліць, якой была іх вёска раней і якой
стала зараз). Быў час, калі статак уласных кароў бешанкоўцаў налічваў
больш за 60 рагуль. На сённяшні дзень з хатняй жывёлы ў мясцовых жыхароў
маецца кот ці сабака, адзінкі трымаюць курэй.
Першая хата, у якую журналіст, Аляксей Гайко і Юлія Губейка завіталі, –
хата Станіславы Іосіфаўны Загуменнай. Гаспадыні 85 гадоў. З узростам
пачало падводзіць здароўе – і зараз жанчына ходзіць, абапіраючыся на
кіёк. Тым не менш Станіслава Іосіфаўна нават не думае пра тое, каб
пераехаць жыць да сына ці ўнукаў. Жанчына кажа, што неяк глядзела па
тэлевізары выступленне Аляксандра Лукашэнкі, у якім ён згадаў прыказку:
“Свая хатка – родная матка, а чужая – мачаха”. Поўнасцю згодна з гэтай
народнай мудрасцю: няма лепшага за той куток, які лічыцца тваім. Тым
больш што жанчына не застаецца адна. Родныя часта прыязджаюць да яе,
дапамагаюць у хатніх справах. А яшчэ за Станіславай Іосіфаўнай
замацаваны сацыяльны работнік. Алена Лыскаўка – чалавек адказны і
добразычлівы. Яна два разы на тыдзень наведвае сваю падапечную,
прыносіць прадукты, лекі.
Акрамя сацыяльнага работніка, Станіслава Іосіфаўна з удзячнасцю згадвае
маладога ўрача Мажэйкаўскай амбулаторыі Вадзіма Валяр’янавіча
Краўцэвіча. Летась ён па размеркаванні прыехаў на работу пасля
заканчэння Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. Вадзім Валяр’янавіч –
вельмі граматны спецыяліст, уважліва і тактоўна ставіцца да пацыентаў
(дарэчы, словы ўдзячнасці ўрачу выказвалі ўсе бешанкоўцы, з якімі
давялося гутарыць).
– Наш доктар – лідчанін, а радавыя карані яго ідуць з Бешанак. Маці
Вадзіма Валяр’янавіча, Алена Васільеўна, родам з нашай вёскі, – з
гонарам адзначае Станіслава Іосіфаўна.
Выконваючы абавязкі старшыні сельвыканкама Аляксей Гайко спытаў у
жанчыны пра патрэбы, якія яна мае. Станіслава Іосіфаўна адказала, што на
зіму ў яе ёсць у наяўнасці паліва: выпісаны торфабрыкет, нарыхтаваны
дровы, засталося толькі адрамантаваць печку і пачысціць комін. З апошнім
справіцца сын, а вось каб зрабіць рамонт, патрэбны майстар. Аляксей
Гайко паабяцаў жанчыне, што накіруе да яе печніка.
На наступным вясковым падворку было ажыўлена: да маці прыехалі дзеці і
ўнукі. Сын Віталь Уладзіміравіч узяўся абкошваць траву вакол дома, дачка
Анжэла Уладзіміраўна пачала дапамагаць маці ў нарыхтоўцы на зіму
кансерваванай агародніны. Спраў на сельскай прасторы не забракавала і ў
малодшых Ромы і Леры.
Гаспадыня хаты Аля Іосіфаўна Толкач павяла з прадстаўнікамі мясцовай
улады гутарку пра мінулае саўгаса “Мажэйкава”. Гэта тэма ёй блізкая: 28
гадоў адпрацавала даяркай на ферме “Бешанкі” (зараз фермы не існуе) і
лічылася не апошняй у працы. Вядома, у той час жанчына была маладая,
здаровая, а зараз з’явіліся хваробы, атрымала інваліднасць.
– Мяне вось якое пытанне цікавіць. Восенню адзінокім вяскоўцам
гаспадарка выпісвае бульбу. А чаму такая дапамога не аказваецца
ветэранам працы, якія жывуць адны? – пытаецца Аля Іосіфаўна і дадае: –
Вы ж не падумайце, што я скарджуся. Дзеці бульбай такіх людзей
забяспечаць. Гутарка ідзе пра справядлівы падыход да гэтай справы.
Кіраўнік сельвыканкама Аляксей Гайко паабяцаў жанчыне, што ўзнятае ёю
пытанне абмяркуе з кіраўніком мясцовага сельгаспрадпрыемства.
Калі размова заходзіць пра жыццё бешанкоўцаў, Аля Іосіфаўна з
задавальненнем адзначае, што ў вёску прыязджае аўтакрама, ходзіць
аўтобус Ліда – Бешанкі (праз Гасцілаўцы), а ў цэнтральным населеным
пункце сельсавета – аграгарадку Мажэйкава – працуюць розныя, такія
неабходныя для насельніцтва, сацыяльныя ўстановы. І дай божа, каб так
было і надалей.
У час размовы прысутныя ўзнялі тэму стану асфальтавай дарогі ад трасы
М6 да Бешанак. У цэлым, ён нядрэнны, аднак на асобных участках асфальт
прыйшоў у непрыгоднасць, што стварае пэўныя нязручнасці як для жыхароў
навакольных населеных пунктаў, якія карыстаюцца грамадскім і асабістым
транспартам, так і для тых, хто прыязджае ў вёскі да сваякоў ці каб
падтрымліваць парадак у пустуючых бацькоўскіх сядзібах. Аляксей
Лявонцьевіч кажа, што ў ДРСУ-157 пра праблему ведаюць: сельвыканкам
паведаміў у арганізацыю пра неабходнасць правядзення рамонту і ўнясення
яго ў план выканання работ. Аднак журналіст усё роўна ўзяў гэтае пытанне
на заметку, і рэдакцыя “Лідскай газеты” дадаткова афіцыйна звернецца ў
ДРБСУ-157 з просьбай дапамагчы вяскоўцам.
А яшчэ журналіст прапанавала Алі Іосіфаўне сфатаграфавацца з дзецьмі і
ўнукамі: няхай фотаздымак ля бацькоўскай хаты застанецца на памяць у
фотаальбоме сям’і Толкач.
Наступнае падвор’е належыць Ніне Іванаўне Рышкевіч. Яна, як і Аля
Іосіфаўна, працавала даяркай. Як і былая сяброўка па працы, Ніна
Іванаўна не скардзіцца на адзіноту: да яе прыязджае дачка са Слоніма,
наведвае сацыяльны работнік. Ды і занятак у вясковай сядзібе заўсёды
знойдзецца: трэба прыкласці рукі да ўчастка, дагледзець курачак, якіх
трымае ў гаспадарцы.
Праўда, дадатковая пабочная дапамога пажылой жанчыне ніколі не будзе
лішняй. Карыстаючыся выпадкам, Ніна Іванаўна звярнулася да Аляксея Гайко
з просьбай, каб пры абкошванні травы на бешанкоўскіх могілках рабочыя
зялёнага будаўніцтва не абышлі ўвагай захаванні яе родных. Аляксей
Лявонцьевіч паабяцаў, што вырашыць пытанне жанчыны.
Найстарэйшы жыхар Бешанак – 90-гадовы Віктар Мікалаевіч Рышкевіч. Калі
прадстаўнікі сельвыканкама і журналіст завіталі да яго, ён хоць і з
цяжкасцю, але затупаў па хаце, па падворку. Аляксей Гайко растлумачыў
мэту візіту і прапанаваў старому чалавеку прысесці разам з ім на лаўку.
Пацякла няспешная гутарка пра жыццё-быццё. Віктар Мікалаевіч з вялікай
удзячнасцю пачаў гаварыць пра сваю нявестку Аню. Нягледзячы на тое што
яе муж памёр, жанчына па-ранейшаму клапоціцца аб свёкры. На зіму Аня
забірае старога чалавека да сябе ў кватэру, а з надыходам цяпла адвозіць
у Бешанкі.
– Добра мне ў нявесткі, але цягне ў родную хату, – прызнаецца кіраўніку
сельвыканкама Віктар Мікалаевіч. – Тут усё блізкае: і сама хата, якую
некалі будавалі, і ўчастак, які раней мелі сілы абрабляць, і вунь той
куст каліны, які расце пад акном. Куст некалі пасадзілі нявестка з
сынам, і з той пары ён радуе мяне чырванню ягад. Ды і я ж не пакінуты:
часта прыязджае Аня, вы вось, дзякуй, завіталі, патрэбамі маімі
цікавіцеся. З такой падтрымкай жыць буду.
P. S. Як паведаміў рэдакцыі Аляксей Гайко, за час, які матэрыял
рыхтаваўся да друку, пытанні, што ставілі вяскоўцы падчас сустрэчы,
пачалі вырашацца: абкошаны захаванні на могілках, ёсць дамова з
печніком аб рамонце печкі, а кіраўніцтва ДРБУ-157 у чарговы раз
праінфармавана пра неабходнасць рамонту ўчасткаў дарогі ад трасы М6 да
Бешанак.
Лідская газета