Уручаючы Дзяржаўныя знакі якасці калектывам прадпрыемстваў, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўладальнікамі гэтай вышэйшай узнагароды з’яўляюцца вядомыя ўсім маркі, пра якія з гонарам кажуць: «Зроблена ў Беларусі». «Яны прайшлі жорсткі адбор на адпаведнасць крытэрыям інавацыйнасці, тэхналагічнасці, бяспекі і шэрагу іншых», — канкрэтызаваў беларускі лідар і падкрэсліў, што атрымаць ганаровы знак няпроста, але яшчэ больш складана будзе захаваць гэты высокі статус.
Як гэта зрабіць, з карэспандэнтам «Звязды» падзяліліся лаўрэаты першых знакаў якасці.
Высокай узнагароды ўдастоены горкі шакалад без цукру «Прэзідэнт Эксклюзіў» з утрыманнем какавы 72%, 78% і 85% кандытарскай фабрыкі «Камунарка». Як расказаў генеральны дырэктар СААТ «Камунарка» Сяргей Анюхоўскі, шакалад паступіў у шырокі продаж улетку 2018 года. «Галоўная інавацыя лінейкі заключаецца ў купажыраванні лепшых сартоў какава-бабоў з некалькіх краін, — адзначыў кіраўнік прадпрыемства. — Усе тры віды шакаладу маюць розны і непаўторны смак.
Сяргей Анюхоўскі звярнуў увагу на ўнікальнасць рэцэптуры шакаладу. Як высветлілася, яна падбіралася з удзелам кіраўніка дзяржавы: менавіта беларускі лідар стаў канчатковым дэгустатарам прадукту. «Выпускаць прадукт пад назвай „Прэзідэнт“ і атрымаць за яго Дзяржаўны знак якасці — гэта высокі давер да фабрыкі і яе калектыву, — падкрэсліў гендырэктар. — Роля дзяржавы, якую яна адыгрывае ў развіцці „Камунаркі“, вялізная. Фабрыка ўступае ў перыяд мадэрнізацыі, і тут з боку горада, урада — падтрымка, фінансаванне, праектаванне, падбор пляцоўкі».
Дзяржаўны знак якасці прысвоены эмалі ПФ-115, якая вырабляецца на ААТ «Лакафарба» ў Лідзе.
Дырэктар прадпрыемства Андрэй Гурчын падкрэсліў, што за высокай узнагародай — праца вялікага калектыву. «Гэта заслуга не кіраўніка, а ўсіх людзей, якія працавалі, — удакладніў ён. — Гэта і тыя, хто стаяў ля вытокаў прадпрыемства, ствараў першыя прадукты, і тыя, хто цяпер трымае марку, каб праслаўляць Беларусь па ўсім свеце».
Па словах Андрэя Гурчына, усіх беларусаў аб’ядноўвае імкненне жыць лепш, забяспечваць развіццё краіны, горада, у якім жывеш, прадпрыемства, на якім працуеш. «Без развіцця, калі мы спынімся на месцы, заўтра ў нас няма, — перакананы ён. — Імкненне ствараць новыя прадукты, развівацца — гэта і ёсць тыя крокі, якія трэба рабіць. А цяжка будзе заўсёды. Калі было лёгка? Кожны год новыя цяжкасці з’яўляюцца, але мы спраўляемся. Далей будзе лепш».
Дзяржаўным знакам якасці ўзнагароджаны трактар «BELARUS-1222.3».
Генеральны дырэктар ААТ «Мінскі трактарны завод» Сяргей Аўраменка адзначыў ролю дзяржавы і асабіста Прэзідэнта ў развіцці айчыннай прамысловасці. Акцэнт на гэтай галіне, пастаянная пільная ўвага да яе кіраўніка дзяржавы, па яго словах, дазволілі істотна нарасціць патэнцыял прадпрыемстваў.
«Упор на прамысловасць — гэта той рычаг, які дазволіў не толькі захаваць саму прамысловасць і развіваць яе, але і рабіць гэта ў абсалютна правільным кірунку з пункту гледжання эканомікі, у тым ліку працаваць больш глыбока па зніжэнні сабекошту, — канкрэтызаваў гендырэктар Мінскага трактарнага завода. — Гэта дазволіла рухацца далей і навуцы».
Па словах кіраўніка прадпрыемства, задзел у прамысловасці, створаны за апошні час, дае магчымасць нават у цяперашніх няпростых умовах санкцый і канкурэнцыі паспяхова ісці наперад і дасягаць добрых паказчыкаў у рабоце прадпрыемстваў. «Нам у першую чаргу трэба ганарыцца людзьмі, якія ўсё гэта зрабілі», — падкрэсліў Сяргей Аўраменка.
Звязда